39
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
АТРАД ІМЯ КАЛІНІНА
У 1942–1943 гадах на акупіраваных ворагам тэрыторыях разгарнуўся маштабны рух народных мсціўцаў. З разрозненых груп сфарміраваліся цэлыя брыгады. І калі спачатку нямецкія захопнікі не надавалі значэння вылазкам партызан, то праз некаторы час ужо ахрысцілі іх «лясным фронтам» і спрабавалі пераманіць на свой бок: «Партызаны, прыходзьце да нас і атрымлівайце хутары!» – гаварылася ў адной з лістовак, што распаўсюджваліся ў той час.
Карціна Г.Ф.Бржазоўскага «Партызаны». Палатно, алей. 1976 год
Яскравы прыклад такой групы – атрад імя М.І.Калініна, які дзейнічаў у Мінскай вобласці. Фарміравацца ён пачаў восенню 1941-га, калі 16 чалавек пад кіраўніцтвам М.Балана і Р.Лазабеева аб'ядналіся з мэтай граміць ворага. Гэты перыяд з жыцця атрада зафіксаваны ў рукапісным часопісе.
Нягледзячы на жорсткі паліцэйскі тэрор і праследаванне, нягледзячы на тое, што ўсюды стаялі нямецкія гарнізоны і хадзілі гестапаўцы, гэта група ўначы прабіралася ў населеныя пункты і праводзіла з насельніцтвам палітыка-масавую работу з мэтай папаўнення сваіх радоў...

Фрагмент артыкула «Як нараджаліся» рукапіснага часопіса «Народный мститель» (№3) атрада імя М.І.Калініна, чэрвень 1944 года
Суровая зіма 1941–1942 гадоў, дрэннае ўзбраенне і харчовае забеспячэнне ўскладнялі дзейнасць партызан, нягледзячы на гэта барацьба ў тыле ворага прадаўжалася і набірала сілу. Лазабееў у часопісе апісвае гэтыя дні як вельмі цяжкія для атрада. У студзені–лютым ніякіх баявых аперацый не праводзілі, акрамя гаспадарчых, і тое – уначы ў час пургі.
«Прысяга беларускага партызана». Рукапісны часопіс «Народный мститель» (№3) атрада імя М.І.Калініна, чэрвень 1944 года
Красавік–май 1942 года сталі месяцамі загартоўкі для партызан: фарміраванні актыўна папаўняліся людзьмі, байцы выходзілі на аперацыі. Так, 15 мая дзве нямецкія дывізіі акружылі атрад на ўчастку лесу, празваным Воўчым востравам. Бой доўжыўся 8 гадзін. Паводле даных разведкі, пасля яго нямецкія захопнікі недалічыліся трох соцень салдат і паліцэйскіх.
Партрэт К.А.Урублеўскага, камандзіра ўзвода атрада імя М.І.Калініна. Малюнак Г.Ф.Бржазоўскага, 1943 год
– Приготовить пулеметы к бою, - командовал Ким.
– Быстрей, быстрей тащи, давай пулеметы. Чего медлишь? - подхватили сразу несколько голосов…
Начальник же полиции, испугавшись грядущего пулеметного огня, выпрыгнул из чердака едва не на голову Толику Олейнику, нынешнему командиру отряда...

Фрагмент апавядання «Штурм» з рукапіснага часопіса «Народный мститель» (№3) атрада імя М.І.Калініна, чэрвень 1944 года
Чарговую баявую вылазку апісаў у апавяданні «Штурм» камандзір узвода Канстанцін Урублеўскі. Партызаны акружылі дом, дзе знаходзіліся шэф нямецкай жандармерыі, начальнік паліцыі і яго памочнік. Супраць нямецкіх аўтаматаў байцы выйшлі з вінтоўкамі. Урублеўскі адзначае кемлівасць партызан, якая выручала іх пры адсутнасці неабходнай зброі.
Канчаткова сфарміраваўся атрад імя М.І.Калініна ў сакавіку 1943-га з партызан, вылучаных атрадам імя К.Я.Варашылава 2-й Мінскай партызанскай брыгады. Да снежня дзейнічаў самастойна, потым быў разгорнуты ў брыгаду пад той жа назвай.

У сакавіку 1944 года пры расфарміраванні брыгады імя М.І.Калініна аднайменны атрад быў адноўлены з часткі яе асабовага складу. У час выдання часопіса камандзірам атрада быў Анатоль Міхайлавіч Алейнік, камісарам – Пётр Аляксандравіч Сачак, начальнікам штаба – Іван Фядотавіч Мілюцін.
Партрэт А.М.Алейніка, камандзіра атрада імя С.Арджанікідзэ брыгады імя М.І.Калініна. Малюнак Г.Ф.Бржазоўскага, 1944 год
Пётр Сачак прыйшоў у падраздзяленне ў сакавіку 1942 года. Прайшоў шлях ад радавога падрыўніка да камісара атрада і брыгады. Пад яго кіраўніцтвам былі разгромлены буйныя варожыя гарнізоны «Зазер'е» і «Дукора».

Анатоль Алейнік – камандзір атрада, кіраваў дыверсійнай групай. На яго баявым рахунку 8 узрываў на чыгунцы.

Іван Мілюцін у партызанах з лютага 1942 года. Ваяваў у дыверсійна-падрыўным узводзе, удзельнічаў у засадах і сустрэчных баях.

Інфармацыя з артыкула «Рост партыйнай арганізацыі» рукапіснага часопіса «Народный мститель» (№3) атрада імя М.І.Калініна, чэрвень 1944 года
Дапаўняюць ілюстраваны выпуск нумара малюнкі – партрэты партызан, выкананыя Генрыхам Бржазоўскім. У ліпені 1944 года пры афармленні першай музейнай экспазіцыі Генрых Францавіч быў залічаны мастаком у штат Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Пасляваенны здымак Г.Ф.Бржазоўскага, партызана, мастака атрада імя М.І.Калініна Мінскай вобласці. Фота з архіва музея
Партызанскі атрад імя М.І.Калініна дзейнічаў у Рудзенскім, Пухавіцкім, Мінскім, Старадарожскім і Дзяржынскім раёнах Мінскай вобласці. З часцямі Чырвонай Арміі падраздзяленне злучылася 29 чэрвеня 1944 года.
Рукапісны часопіс «Народный мститель» №3 атрада імя М.І.Калініна, чэрвень 1944 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right