40
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
«Альманах партизанского творчества» брыгады імя Жукава
«…І часта ў змрочнай зямлянцы, на нарах вакол лоевага кнота малады баец збірае сваіх таварышаў і, вынуўшы з кішэні пакамечаную паперку, зачытвае ім свае вершы або сваё апавяданне. А стомленыя пасля цяжкага задання партызаны слухаюць з захапленнем маладога аўтара, і жыццё здаецца ім прыгажэйшым і багацейшым. Так у рэдкія хвіліны адпачынку нараджаецца партызанская творчасць. Яна маладая і не аформленая, але яна паказвае шчырыя пачуцці і памкненні».

Фрагмент прадмовы да «Альманаха партизанского творчества» брыгады імя Г.К.Жукава Вілейскай вобласці, 1-ы выпуск
Партызаны Магілёўшчыны атрымліваюць абмундзіраванне пасля ўступлення ў рады Чырвонай Арміі, 1943 год. Фота з архіва музея
Сваімі думкамі аб творчасці народных мсціўцаў падзяліўся ў прадмове да рукапіснага часопіса брыгады імя Жукава В.А.Цітавец. Ён ацаніў ініцыятыву Евы і Паўла Казлоўскіх, дзякуючы якім творы партызан брыгады былі сабраны і аформлены ў альманах.
Перад выхадам на аперацыю. 1943 год. Фота з архіва музея
«Альманах партизанского творчества» брыгады імя Г.К.Жукава ў 1944 годзе выйшаў у дзвюх частках. Яго з'яўленне адыграла асаблівую ролю ў культурным жыцці партызан. Вакол яго згрупаваліся маладыя байцы, якія рабілі першыя крокі на літаратурнай ніве. Для пробы пяра выбіралі, як правіла, паэзію. На старонках альманаха часта сустракаюцца вершы начальніка асобнага атрада брыгады Кіма Яўсеевіча Анціпенкі (псеўданім – Міхаіл Воўк).
У часопісе сабраны ўспаміны партызан у вершах і прозе аб загінулых таварышах. Напрыклад, ёсць пераклад з польскай мовы апавядання пра загінулага капітана Пракоп'ева, вершы пра партызан Чаромухіна і Вінаградава.
«Ты ішоў як ураган туды, адкуль пагражала небяспека. Ад сопак Маньчжурыі да дзікіх Каўказскіх гор, ад хмурных вод Ладагі да ціхіх палёў і стэпаў Украіны. І вось куля ворага паваліла цябе на журботных палях Беларусіі».

Фрагмент артыкула Мечыслава Бяронскага «На смерць капітана Пракоп'ева» ў «Альманахе партизанского творчества» брыгады імя Г.К.Жукава Вілейскай вобласці, 1-ы выпуск
Нямецкія салдаты здаюцца ў палон партызанам брыгады «Буравеснік». Фота з архіва музея
У розных літаратурных формах на старонках альманаха знайшлі адлюстраванне ўспаміны пра першыя ваенныя няўдачы («Паміж жыццём і смерцю», «Ноч»), туга па родным доме («Партызанская песня», «Загадка»), смелы заклік да зброі і трапная іронія («Небяспечнае паляванне», «Не пашанцавала»). За патрыятычным і гераічным эпасам ідзе лірыка, за ёю – сатыра і гумар.
«Дзень 2 ліпеня 1944 года – радасны, незабыўны дзень для «жукаўцаў». У гэты дзень перадавыя часці Чырвонай Арміі, вызваляючы Браслаўскі раён ад гітлераўскай нечысці, злучыліся з атрадамі партызанскай брыгады імя Жукава. Перыяд жыцця і творчасці ў тыле ворага завяршыўся. Заканчваецца і альманах. Перад яго супрацоўнікамі распасціраецца светлы шлях плённай працы на свабоднай Радзіме».

Фрагмент прадмовы «Альманаха партизанского творчества» брыгады імя Г.К.Жукава Вілейскай вобласці, 2-і выпуск
Так пісаў у прадмове да другога выпуску альманаха партызан Павел Казлоўскі. Творы гэтай часткі напісаны і аформлены ў перыяд з 1 мая па 2 ліпеня 1944-га. Завяршае альманах верш Паўла Казлоўскага «Мы чакалі вас – і вы прыйшлі!». Ён быў прачытаны байцам Чырвонай Арміі на мітынгу ў гонар воінаў-вызваліцеляў у вёсцы Замошша Браслаўскага раёна.
Пад камандаваннем Паўла Сырамахі партызаны брыгады імя Жукава сумесна з байцамі брыгады «За Радзіму», узаемадзейнічаючы з часцямі Чырвонай Арміі, няспынна вялі баі з адступаючым праціўнікам, утрымлівалі і не прапускалі варожыя калоны па дарогах паміж Шаркаўшчынай і Браславам. У баях толькі за 1 ліпеня 1944 года былі забіты 142 нямецкія салдаты і афіцэры. Брыгада заблакіравала гарнізон праціўніка ў мястэчку Опса і трымала яго да прыходу Чырвонай Арміі, сумесна з якой гарнізон быў разгромлены.
2 ліпеня 1944 года 815 партызан брыгады імя Г.К.Жукава злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі. 6 ліпеня сумеснымі дзеяннямі воінаў 166-й стралковай дывізіі 2-га гвардзейскага стралковага корпуса 6-й гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту і партызанамі брыгады быў вызвалены горад Браслаў.
Партызаны брыгады «Жалязняк» у дні злучэння з войскамі Чырвонай Арміі. Фота з архіва музея
«Альманах партизанского творчества» брыгады імя Г.К.Жукава Вілейскай вобласці, 1-ы і 2-і выпускі
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right