38
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
ДРУГІ ФРОНТ У ЕЎРОПЕ
У ноч з 5 на 6 чэрвеня 1944 года англа-амерыканскія войскі пачалі ўварванне ў Нармандыю. Бамбардзіроўшчыкі саюзнікаў імкліва і масіравана атакавалі асноўныя пазіцыі вермахта з неба, а караблі накіроўвалі пушкі на паўночнае ўзбярэжжа.

Авіябомбы і снарады ляцелі на нямецкія абарончыя збудаванні, мінныя палі, лініі сувязі і ў тыл праціўніка, а пад прыкрыццём да берага набліжаліся судны з дэсантам...

Нармандская аперацыя пад кодавай назвай «Оверлорд» увайшла ў гісторыю як аперацыя па адкрыцці другога фронту. Па маштабе задзейнічаных сіл і тэхнікі яна стала буйнейшай дэсантнай аперацыяй Другой сусветнай вайны.
Высадка саюзных войскаў у Нармандыі. Францыя, чэрвень 1944 года
Даведачна: «Оверлорд» – аперацыя па ўварванні ўзброеных сіл ЗША, Вялікабрытаніі і іх саюзнікаў у Паўночна-Заходнюю Францыю. Нармандская дэсантная аперацыя праходзіла з 6 чэрвеня па 24 ліпеня 1944 года. Выконваючы рашэнне Тэгеранскай канферэнцыі, урады ЗША і Вялікабрытаніі пачалі падрыхтоўку да адкрыцця другога фронту ў Еўропе – узброенай барацьбы супраць фашысцкай Германіі (1944–1945). Аб'яднаны брытана-амерыканскі штаб распрацаваў план па перакідцы войскаў морам цераз праліў Ла-Манш (аперацыя «Нептун»), захопе плацдарма ў Нармандыі і выхадзе на рубеж ракі Сена і Луара.
Удзел у нармандскай дэсантнай аперацыі прынялі амаль 2 мільёны 900 тысяч чалавек, было задзейнічана больш за 10 тысяч баявых і больш за 2 тысячы транспартных самалётаў, каля 7 тысяч караблёў і суднаў.
Экспазіцыя музея па тэме «Баявыя дзеянні англа-амерыканскіх войскаў у 1944–1945 гадах»
«7 чэрвеня 1944 года радыё прынесла нам радасную вестку аб адкрыцці другога фронту ў Еўропе, на захадзе, аб высадцы магутнага дэсанту саюзнікаў у паўночнай частцы Францыі. Высадка марскіх і таксама паветраных войскаў прадаўжаецца. Перакідваюцца ваенная тэхніка і матэрыялы. Ствараецца моцны плацдарм для далейшага магутнага ўдару па ворагу».
Фрагмент часопіса №9 «Вперёд за Родину» органа партыйна-камсамольскай арганізацыі штабной роты 208-га партызанскага палка імя І.В.Сталіна Магілёўскай вобласці, чэрвень 1944 года
Гэта была адна з самых доўгачаканых і важных аперацый. Адкрыццё другога фронту знайшло адлюстраванне ў нумарах партызанскіх часопісаў. Баявой абстаноўцы ў Еўропе прысвячаліся артыкулы, а весткі аб прыходзе дапамогі з боку саюзнікаў у барацьбе з нацысцкай Германіяй давалі надзею на хуткую і поўную перамогу для партызан і мірных жыхароў Беларусі.
«Таксама добры поспех саюзнікі маюць у Італіі. Адна са сталіц дзяржаў знаходзіцца ў руках саюзных войскаў ЗША і Англіі. Арміі праціўніка, якія абараняюць Рым, бягуць пад націскам саюзных войскаў…

Настаў той момант, калі над фашысцкай Германіяй у бліжэйшы час павінна грымнуць катастрофа. Блізкі час, калі фашысцкая Германія з яе васаламі будзе скінута ў прорву...

Адкрыццём другога фронту пацвярджаецца трываласць саюза паміж свабодалюбівымі краінамі СССР, ЗША і Англіяй...».
Вытрымкі з рукапісных партызанскіх часопісаў:
Натхнёныя поспехамі Чырвонай Арміі і адкрыццём другога фронту ў Еўропе байцы партызанскіх фарміраванняў пачалі праводзіць сацспаборніцтвы. У пунктах іх праходжання значылася: выдатна зберагаць зброю і боепрыпасы, не мець ніводнага дысцыплінарнага спагнання, выкараніць нецэнзурныя словы, захоўваць палаткі і кухні ў добрым выглядзе, штодзённа павышаць ваенна-палітычную падрыхтоўку.
Але самай галоўнай задачай, якую ставілі перад сабой байцы партызанскіх атрадаў, вядома ж, была дапамога Чырвонай Арміі. «Не ўся наша Радзіма ачышчана ад фашысцкіх ворагаў. Мы абавязаны дапамагаць нашай Чырвонай Арміі ў бліжэйшы час выгнаць ворага з нашай Радзімы. Шкодзіць заклятаму ворагу скрозь і ўсюды, ствараць для яго невыносныя ўмовы, не даваць заганяць мірных грамадзян на катаргу ў Германію, біць яго, дзе толькі ўяўляецца магчымым», – заклікалі рукапісныя часопісы.
Нармандская аперацыя завяршылася 25 жніўня 1944 года. Саюзнікі перасеклі раку Сену, вызвалілі Парыж і прадоўжылі наступленне да французска-германскай граніцы.
З чэрвеня 1944 па красавік 1945 года войскамі саюзнікаў быў вызвалены шэраг краін Заходняй Еўропы. Асноўнымі сіламі, якія прынялі ўдзел у аперацыі, былі арміі ЗША, Вялікабрытаніі, Канады і французскага руху Супраціўлення.
Сустрэча савецкіх і амерыканскіх войскаў на р. Эльбе. Раён г. Торгау, 25 красавіка 1945 года
Вясной 1945 года войскі саюзнікаў выйшлі да ракі Эльба і 25 красавіка злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі.
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right