1
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…
СТАРОНКА
Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.

Нават апынуўшыся ў цэнтры варожай блакады, рукапісныя часопісы вельмі бераглі – закопвалі ў зямлю ў скрынях з боепрыпасамі, у лясах, асцярожна загарнуўшы ў мешкавіну. Праз вогненныя вёрсты гэтыя ўнікальныя дакументальныя крыніцы дайшлі да нашых дзён.
У 2019 годзе Беларусь адсвяткуе 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да знакавага юбілею БЕЛТА і музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прадстаўляюць пераведзеныя ў лічбавы фармат нумары рукапісных партызанскіх часопісаў, якія сёння часта з'яўляюцца адзінымі захаванымі дакументамі аб падзеях ваеннага часу.
У друкарні падпольнай партызанскай газеты. Фота БЕЛТА
У музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца найбольш поўны ў Беларусі збор рукапісных партызанскіх часопісаў (248 адзінак). Калекцыі прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «1» міжнароднага значэння. У ёй сабраны часопісы партызанскіх фарміраванняў Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай, Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей.

Выданні былі як перыядычнымі (штомесячнымі, двухтыднёвымі), так і ў адзінкавых экзэмплярах. Вызначыць, колькі ўсяго часопісаў выпушчана ў партызанскіх фарміраваннях за гады баявой дзейнасці ў Беларусі, немагчыма, паколькі звесткі аб іх фрагментарныя.
Партызанскія атрады і злучэнні на акупіраванай
тэрыторыі Беларусі
(1942–1944)
Часопісы вельмі інфарматыўныя і наглядныя. Яны канцэнтруюць значны аб'ём інфармацыі, падводзяць вынікі баявой дзейнасці партызан, дзе мова лічбаў, як правіла, кампенсуецца апавяданнямі, біяграфічнымі нарысамі, успамінамі саміх партызан. У іх – нацыянальны дух, характар, гісторыя і геаграфія народаў. Кожны часопіс пацвярджае шматнацыянальны склад партызанскіх фарміраванняў з прадстаўнікоў многіх рэспублік СССР і замежных краін.
23 верасня 1943 года ў Беларусі быў вызвалены ад гітлераўцаў першы райцэнтр – Камарын. З гэтага дня пачаўся адлік да поўнага вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 75-годдзе якога будзе адзначацца ў 2019 годзе.

Да знамянальнай даты Беларускае тэлеграфнае агенцтва і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пачынаюць сумесны праект «Партызанскі летапіс». Яго асновай стала ўнікальная калекцыя рукапісных партызанскіх часопісаў, якія на здзіва не згубіліся і не зніклі ў агні ваеннага ліхалецця. Матэрыялы ахопліваюць дзейнасць партызан на працягу 1941–1944 гадоў – усяго перыяду барацьбы ў тыле ворага.

Штотыднёва да 3 ліпеня 2019 года БЕЛТА будзе расказваць аб гэтых хроніках і публікаваць іх версіі ў лічбавым фармаце, дапаўняючы ўнікальны тэкставы кантэнт архіўнымі фатаграфіямі агенцтва.
Па тэхніцы выканання партызанскія часопісы ўяўлялі сабой самаробныя, напісаныя ад рукі або надрукаваныя на машынцы сшыткі і альбомы рознага фармату і аб'ёму. У справу ішлі шпалерная, абгортачная або ватманская папера, сшытыя вучнёўскія сшыткі і канцылярскія кнігі. Назвы часопісаў выразна адлюстроўвалі іх змест і прызначэнне, часта супадалі з назвай атрада або брыгады. Часопісы выступалі як органы партыйных і камсамольскіх арганізацый, камандавання атрадаў і брыгад. Рэдактарамі, як правіла, назначаліся камісары або сакратары партарганізацый партызанскіх фарміраванняў. Аўтарамі артыкулаў, апавяданняў, нарысаў, старонак сатыры і гумару былі самі партызаны. Захоўваліся рукапісныя часопісы разам з дакументамі атрада або брыгады.
Кожны рукапісны часопіс уяўляе сабой культурную каштоўнасць у розных відах і жанрах літаратуры і мастацтва. Часопісныя старонкі змяшчаюць больш за тры тысячы ілюстрацый. Дастаткова сказаць, што іх афармленнем займаліся і вядомыя беларускія мастакі – Г.Ф.Бржазоўскі, М.В.Гурло, С.Д.Лі, С.Г.Раманаў, У.П.Сухаверхаў, якія апынуліся ў радах партызан. Гумар, мудрая думка, яркая фантазія робяць іх незабыўнымі. Праз учынак, пазіцыю, подзвіг гэтыя старонкі паказваюць сваіх герояў – розных па нацыянальнасці, роду дзейнасці, светапоглядзе – адзінымі ў адданым служэнні сваёй справе, свайму народу.
Брэсцкае злучэнне. Партызаны атрада імя Фрунзэ ў перапынку паміж аперацыямі чытаюць свежыя газеты. Фота БЕЛТА
Гісторыю першага рукапіснага партызанскага часопіса захоўваюць матэрыялы фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і ўспаміны яго першага рэдактара – Васіля Міхайлавіча Бачарова. Былы партызан і падпольшчык, ён зведаў на сабе горыч адступлення і акружэння, палон і гады рэпрэсій...
ПЕРШЫ ЧАСОПІС
Вайна застала Васіля Бачарова ў Гродне. Пасля заканчэння курсаў павышэння кваліфікацыі палітскладу ён быў накіраваны ў рэдакцыю дывізіённай газеты «Воин» 85-й стралковай дывізіі на пасаду адказнага сакратара, палітрука. Дывізія толькі ў ноч на 28 чэрвеня 1941 года пачала адыходзіць ад рубяжоў у раёне Гродна і, адступаючы, няспыннымі баямі вымотвала сілы ворага. Абяскроўленыя падраздзяленні дывізіі накіроўваліся на ўсходнія рубяжы. Маёмасць рэдакцыі, у тым ліку наборныя касы і пішучую машынку, давялося ўтапіць у рацэ Шчара.

Лясамі прабіраліся на ўсход разрозненыя групы байцоў, у адной з іх – палітрук Бачароў. У раёне вёскі Старое Сяло (за 18 км на захад ад Мінска) пры падтрымцы мясцовых жыхароў ён пераапрануўся ў грамадзянскае, схаваў дакументы і накіраваўся ў Мінск, дзе яму далі прытулак знаёмыя. З гэтага часу яго жыццё было цесна звязана з мінскім антыфашысцкім падполлем. Бачароў стаў працаваць на старажоўскай хлебапякарні, дзе зблізіўся з патрыятычна настроенымі рабочымі, што прывяло да стварэння падпольнай групы з былых ваеннаслужачых на чале з палкоўнікам У.І.Нічыпаровічам, у выніку актывізавалася дыверсійная работа.
В.М.Бачароў
У.І.Нічыпаровіч
Лагер атрада размяшчаўся за 8–10 км ад вёскі Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці, а з надыходам вясны 1942 года перабазіраваўся ў Магілёўскую вобласць. У атрадзе палітрук Бачароў працаваў пры штабе. Супрацоўнікі штаба былі ўключаны ў падраздзяленні, у якіх у час баёў з фашыстамі выконвалі функцыі радавога або кулямётчыка. Пачалося партызанскае жыццё.

У студзені 1942 года пры разгроме торфапрадпрыемства ў Дукоры разведка данесла, што на складах торфазавода знаходзяцца вялікія запасы мукі, мяса і іншых прадуктаў харчавання, прызначаныя для вывазу ў Германію. Акрамя знішчэння прадпрыемства, была задача захапіць прадукты і даставіць іх на базу атрада. Аперацыю правялі паспяхова. Бачарову ўдалося зрабіць запасы пісчай і капіравальнай паперы, сшыткаў, і так званы папяровы голад штаба быў ліквідаваны.
У снежні 1941 года група аб'ядналася з атрадамі М.П.Пакроўскага і А.Д.Сяргеева ў 208-ы партызанскі атрад, які ўзначаліў палкоўнік У.І.Нічыпаровіч. Назву атрад атрымаў у гонар 208-й матарызаванай дывізіі 13-га механізаванага корпуса 10-й арміі, сцяг якой быў выратаваны і схаваны групай афіцэраў на чале з Нічыпаровічам. Дывізія трапіла ў акружэнне ў час абарончых баёў у раёне Беласток – Пружаны і была цалкам разбіта.
Як газетчыку В.М. Бачарову даручылі весці дзённік баявых дзеянняў, апісваць баявыя аперацыі. Вось тады ў яго ўзнікла ідэя выпускаць рукапісны часопіс, і ў канцы студзеня 1942 года на пасяджэнні бюро 208-га атрада па прапанове камандзіра Нічыпаровіча было вырашана выпускаць мастацка-палітычны часопіс пад назвай «Народный мститель». В.М.Бачароў быў назначаны рэдактарам, членамі рэдкалегіі – сакратар палітбюро Б.Р.Бывалы, палітрук, гісторык па адукацыі У.Г.Юдзін, палітрук партызан П.Г.Дзееў, які да вайны працаваў журналістам і ў якога быў прыгожы почырк. Мастацкім афармленнем займаўся партызан-кулямётчык Міша (Мухамед Муртазавіч) Байбекаў. Першы нумар часопіса выйшаў у лютым 1942 года, ён уяўляў сабой самаробны сшытак, збрашураваны ніткамі з лістоў абгортачнай паперы і школьнага сшытка.
Партызаны вядуць мінамётны агонь па нямецкім гарнізоне. Фота БЕЛТА
Рэдактар часопіса В.М.Бачароў успамінаў:

«… тэматыку творчасці партызан падказвала сама барацьба, жыццё ў тыле ворага. Апісанне баявых аперацый партызаны перачытвалі па некалькі разоў. За часопісам была ўстаноўлена чарга, і калі ў адным падраздзяленні часопіс затрымліваўся, то ў іншых гэта выклікала нездавальненне. Быў устаноўлены строгі графік перадачы часопіса з падраздзялення ў падраздзяленне. Кожны апісаны эпізод быў блізкі і дарагі народным мсціўцам. У адных замалёўках яны нібыта зноў бачылі сябе, кожнае сваё дзеянне і дзеянне таварыша, па-новаму расцэньвалі іх, вучыліся знішчаць ворага, успаміналі і свае памылкі... бой ёсць бой... не заўсёды баі з немцамі заканчваліся іх разгромам... былі ахвяры, партызаны цяжка перажывалі гібель таварышаў…

Усё знайшло месца ў часопісе – героіка баёў і партызанскія будні і, вядома, старонкі сатыры і гумару пад рубрыкай «Не в бровь, а в глаз», дзе партызаны знаходзілі вострае слова, вясёлы жарт, з'едлівую сатыру, яркія малюнкі і карыкатуры Мішы Байбекава...»
.
Калі гартаеш старонкі першага рукапіснага часопіса «Народный мститель», погляд падае на кароткія загалоўкі, ёмістыя шапкі палос. Тут кожны артыкул, нарыс, заметка – бясцэнны радок летапісу партызанскага жыцця і барацьбы за незалежнасць сваёй Радзімы.
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018