25
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
ЖАНЧЫНЫ НА ВАЙНЕ
Партызанка атрада «Полымя» З.І.Акульчык. Часопіс «Пламя» №4 атрада «Полымя» брыгады «Полымя» Мінскай вобласці, 1944 год
«Прашу пярвічную камсамольскую арганізацыю даць мне рэкамендацыю ў кандыдаты ВКП(б)Б, паколькі я жадаю быць у радах партыі і змагацца з ворагам не шкадуючы жыцця».

Заява камсамолкі З.І.Акульчык атрада «Полымя» брыгады «Полымя» Мінскай вобласці, 28 чэрвеня 1944 года
Зінаіда Акульчык была адной з 63-х жанчын, якія ўступілі ў партызанскую брыгаду «Полымя». Сярод іх былі сувязныя і разведчыцы, падрыўнікі і медсёстры, парторгі і работнікі друкарні. Партызанка Настасся Баешка ўдзельнічала ў самых значных баявых аперацыях злучэння – выходзіла з атрадам у адкрыты бой з праціўнікам, які перасягаў па колькасці…
Фота з архіва музея
«Нашы жанчыны акрамя самаадданай працы ў савецкім тыле і баявых дзеянняў на фронце вялізную карысць прыносяць у партызанскім руху. Яны сваёй карпатлівай працай гаспадыні забяспечваюць своечасовае і добрае харчаванне… Але патрыёткі злучэння «Полымя» не абмяжоўваюцца гаспадаркай... яны ўдзельнічаюць у баявых аперацыях».

Фрагмент артыкула «Патрыёткі злучэння «Полымя» ў газеце «Партизан Беларуси», 8 сакавіка 1944 года
Яны змагаліся нараўне з мужчынамі, збіралі зброю, медыкаменты і прадукты харчавання. На іх плячах ляжаў практычна ўвесь быт партызан. 70 тысяч жанчын у акупіраванай Беларусі ўдзельнічалі ў барацьбе – амаль 19 працэнтаў ад агульнай колькасці партызан.
Партызанкі на прывале, Мінская вобласць, 1943 год. Фота з архіва музея
«Яркія прыклады патрыятызму і бясстрашнасці праявілі жанчыны на ўсіх участках фронту і тылу. Яны будавалі барыкады пад Ленінградам і Севастопалем, капалі процітанкавыя равы пад Масквой, тушылі пажары, пад разрывамі бомб працавалі ля станкоў, пад градам куль выносілі з поля бою раненых байцоў…»

Фрагмент артыкула «Дзень жанчын» у газеце «Бобруйский партизан», 8 сакавіка 1943 года
Слабы пол не меў права на слабасць ва ўмовах вайны, нават у Міжнародны жаночы дзень. Падпольныя газеты, баявыя лісткі і рукапісныя партызанскія часопісы, прысвечаныя 8-му Сакавіка, адзначалі сілу жанчыны, яе высокую ролю ў барацьбе, называлі імёны лепшых.
«Мы, жанчыны атрада «Перамога», узялі на сябе абавязацельствы да 8 Сакавіка вывучыць вінтоўку… а таксама даём абяцанне вывучыць і іншыя віды існуючай у нас зброі».

Фрагмент баявога лістка №2 атрада «Перамога» брыгады «Полымя» Мінскай вобласці, 8 сакавіка 1944 года
У святочным выпуску рукапіснага часопіса «Пламя» мастакі-партызаны Сухаверхаў, Бржазоўскі, Дзятлаў, Казлоў і Рэпін размясцілі цэлую галерэю партрэтаў гераінь аднайменнай брыгады.
Партызанка брыгады «Полымя» В.Б.Філіпскіх (Дзятко). Фота з архіва музея
Малюнак жаночай зямлянкі атрада «Полымя» С.Д.Лі, 1943 год
«Савецкая жанчына нараўне з мужчынам стаіць са зброяй у руках і граміць фашысцкіх захопнікаў, гоніць іх з нашай свяшчэннай зямлі. Жанчына-танкіст, жанчына-лётчык, жанчына-аўтаматчык, жанчына-камандзір, жанчына-партызан – такой убачыў вораг савецкую маці, жонку і любімую дзяўчыну...»

Фрагмент артыкула рукапіснага часопіса «Пламя» №4 атрада «Полымя» брыгады «Полымя» Мінскай вобласці, сакавік-красавік 1944 года
Шэсць жанчын-камісараў, дзве – начальнікі штабоў, 570 жанчын-урачоў і больш за дзве тысячы медсясцёр дзейнічалі ў партызанскіх атрадах Беларусі. Многія прадстаўлены да ўзнагарод. Медалём «За адвагу» ўзнагароджаны сакратар Тураўскага райкама камсамола Ганна Шубянок, партызанка атрада імя Юрчанкі Ганна Іванова. За доблесць і мужнасць ордэнам Чырвонай Зоркі адзначана партызанка брыгады імя Кірава Марыя Бурдыка.
«За доблесць і мужнасць, праяўленыя ў баях з нямецкімі захопнікамі, за клопат пра людзей камсамолка – кандыдат у члены ВКП(б) тав. Бурдыка атрымала ад урада заслужаную ўзнагароду – ордэн Чырвонай Зоркі».

Фрагмент артыкула аб партызанцы Марыі Бурдыка ў рукапісным часопісе «Кировец» брыгады імя Кірава Мінскай вобласці, 1944 год
«Усюды і заўсёды яна з ротай ходзіць на баявыя аперацыі. Яна ўдзельнічала ў 5-ці засадах, у разгроме 2-х варожых гарнізонаў і ў баях… За баявыя заслугі т. Іванова мае дзве падзякі ад камандавання і ўзнагароджана медалём «За адвагу».

Фрагмент артыкула аб партызанцы Ганне Івановай у рукапісным часопісе «Удар с тыла» №2 атрада імя Юрчанкі 1-й Мінскай брыгады, студзень 1944 года
Характарыстыка Ганны Івановай, медсястры атрада Юрчанкі Мінскай вобласці, 11 чэрвеня 1944 года
«Ніводная брыгадная і атрадная аперацыя не праходзіла без яе ўдзелу. Смела, з уласцівай для яе стрыманасцю, першая з членаў дыверсійнай групы падыходзіць яна да палатна чыгункі і ставіць зарад, ніколі не паддаючыся паніцы...»

Фрагмент артыкула пра партызанку Надзею Сарачынскую ў рукапісным часопісе «Кировец» брыгады імя Кірава Мінскай вобласці, 1944 год
Партызанкі атрада Суворава брыгады «Народныя мсціўцы» Мінскай вобласці на парадзе партызан у Мінску, 10 ліпеня 1944 года. А.Піваварчык, Т.Капусцінская, Л.Густарнік, Н.Драздовіч. Фота з архіва музея
Ні ў адной з мінулых войнаў не было такога шырокага ўдзелу жанчын, як у Вялікай Айчыннай. У адным страі з мужчынамі змагаліся яны на франтах і ў партызанскіх атрадах, здзяйснялі свой працоўны подзвіг у тыле. Дзевяць жанчын – удзельніц партызанскага руху і падпольнай барацьбы ў Беларусі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, чатыры з іх – пасмяротна…
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right