24
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
БАЙЦЫ АСОБАГА ПРЫЗНАЧЭННЯ.
СПЕЦАТРАД «БАЯВЫ»

«21 лютага 1942 года. Сёння выязджаем з роднай прыгажуні Масквы. Усё атрымана: боепрыпасы, харч, рэчмяшкі ўпакаваны, лыжы падрыхтаваны. Машыны пададзены… Прахожыя спыняюцца і глядзяць нам услед, дзяўчаты махаюць рукой. Яны, вядома, не ведаюць, што мы адпраўляемся ў тыл ворага, яны толькі ведаюць, што мы едзем туды, дзе ідзе жорсткая бітва за Радзіму…»
Машыны хутка везлі 44 байцоў асобага прызначэння далёка ад Масквы, бліжэй да лініі фронту. «Ні мароз, ні груз не змяншалі бадзёрасці духу», напішуць праз два гады добраахвотнікі спецатрада НКУС СССР «Баявы» ў рукапісным часопісе №5 «Детонатор», датаваным 1944 годам. Тады, у лютым 1942 года, група байцоў і камандзіраў накіроўвалася ў глыбокі тыл: на акупіраванай тэрыторыі Беларусі трэба было разгарнуць дыверсійную дзейнасць…
Фота з архіва музея
5 ліпеня 1941 года пры Наркаме ўнутраных спраў СССР была створана Асобая група (са студзеня 1942 года 4-е ўпраўленне НКУС – НКДБ СССР). Яе камплектавалі лепшымі аператыўнымі супрацоўнікамі, якія мелі вопыт разведвальнай работы, а таксама ўдзельнічалі ў партызанскіх дзеяннях у час грамадзянскай вайны ў Іспаніі. У Асобую групу набіралі спартсменаў, студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ, работнікаў наркаматаў дзяржаўнай бяспекі, ваеннаслужачых унутраных войскаў і камсамольцаў з усяго Савецкага Саюза. 3 кастрычніка 1941 года падраздзяленні, сфарміраваныя Асобай групай, зведзены ў Асобную мотастралковую брыгаду асобага прызначэння (АМСБАП).
З 1942 года сфарміраваныя з ліку ваеннаслужачых АМСБАП спецатрады закідваліся ў тыл праціўніка. Частка з іх актыўна дзейнічала ў Беларусі. Фарміраванне спецыяльных груп і атрадаў ішло таксама па лініі цэнтральнай аператыўна-чэкісцкай групы НКУС па БССР, а з восені 1943 года – па лініі НКДБ і НКУС БССР. Гэта былі спецпадраздзяленні вайсковага тыпу, добра экіпіраваныя і меўшыя сувязь з Вялікай зямлёй. На месцах яны папаўнялі свае рады за кошт прытоку мясцовых жыхароў, тым самым умацоўваючы сувязь з насельніцтвам акупіраванай тэрыторыі і пашыраючы свае магчымасці па разведвальнай і дыверсійнай рабоце.
У перыяд з 1941 па 1944 год чэкістамі было створана і накіравана на акупіраваную тэрыторыю Беларускай ССР 15 партызанскіх атрадаў і 161 спецгрупа. Непасрэдна на тэрыторыі Беларусі арганізавана 66 партызанскіх атрадаў і 181 разведвальна-дыверсійная група. У ліку такіх быў і спецатрад НКУС СССР «Баявы» пад кіраўніцтвам Анатоля Гарачова (камандзірам атрада ён быў да 7 жніўня 1942 года).
Фрагмент з рукапіснага часопіса №5 «Детонатор» спецатрада НКУС СССР «Баявы», 1944 год
2 сакавіка 1942 года машыны падвозілі байцоў «Баявога» непасрэдна да фронту. Далей шлях у тыл праціўніка павінен быў працягвацца на лыжах. Наперадзе яшчэ фронт. Яго трэба прайсці. Першымі ў дарогу заўсёды адпраўляліся разведчыкі – яны вывучалі абстаноўку і пракладалі маршрут. У разведку хадзілі толькі ўначы, ноччу вялі атрад наперад.
«Днёўка ў лесе. Нямецкі гарнізон недалёка, распальваць вогнішча нельга. Вырываем сабе яму ў снезе, высцілаем яе яловымі лапкамі, потым бегаем, каб сагрэцца, і кладзёмся спаць. Але хутка пачынаеш зноў дрыжаць ад холаду. Падаецца каманда: «Выпіць па тры глыткі спірту і з'есці сухар. Камісар падбадзёрвае байцоў… Робім петлі, блытаем сляды, ідучы то на лыжах, то без іх. Рухаемся ноч, дзень, яшчэ ноч. Далей кароткія прывалы не здымаючы лыж. Ядзім сухары і па 50 грамаў каўбасы. Стомленасць да таго томіць, што ўпадзеш проста на снег і спіш, спяць ва ўсіх позах, хто як спыніцца. Не спяць толькі вартавыя».

Фрагмент з рукапіснага часопіса №5 «Детонатор» спецатрада НКУС СССР «Баявы», 1944 год

У пачатку сакавіка 1942 года спецатрад «Баявы» на лыжах цераз Віцебскія (Суражскія) вароты перайшоў лінію фронту. Дзейнічаючы ў тыле ворага, байцы трымалі сувязь з мясцовым насельніцтвам і набіралі ў свае рады папаўненне. «На розных этапах разведка мела розныя задачы, выкананне якіх патрабавала набыцця новых людзей. Напрыклад, асобныя задачы патрабавалі адрыву на 150–200 км ад базы, ісці на дзве чыгункі і мець сувязных у Латвіі. Нягледзячы на складанасць пранікнення ў гарнізоны і набыцця патрэбных людзей, нашы разведчыкі маюць поспех у сваёй рабоце», напішуць у рукапісным часопісе байцы атрада «Баявы».
Для даведкі: З лютага 1942 года па ліпень 1944 года спецатрад НКУС СССР «Баявы» дзейнічаў у тыле праціўніка на тэрыторыі Калінінскай, Пскоўскай абласцей РСФСР, Латвійскай і Літоўскай ССР, а таксама Віцебскай, Мінскай, Вілейскай і Баранавіцкай абласцей БССР.
7 жніўня 1942 года спецатрад «Баявы» ўзначаліў Валянцін Няклюдаў. Першага камандзіра атрада – старшага лейтэнанта Анатоля Гарачова адклікалі ў Маскву.
Для даведкі: Валянцін Леанідавіч Няклюдаў. Герой Савецкага Саюза (05.11.1944). Палкоўнік. Камісар, са жніўня 1942 года камандзір спецатрада НКУС СССР «Баявы». Пасля вайны працаваў у органах дзяржбяспекі і ўнутраных спраў Беларускай і Малдаўскай ССР. Кавалер ордэнаў Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 2-й ступені і Чырвонай Зоркі.
Пры непасрэдным удзеле Валянціна Няклюдава былі створаны шэсць партызанскіх атрадаў. На момант злучэння з часцямі Чырвонай Арміі атрад «Баявы» налічваў 340 штыкоў. Акрамя добраахвотнікаў з мясцовых жыхароў, яго рады папоўнілі чырвонаармейцы, а таксама ваеннапалонныя, якія беглі з фашысцкіх лагераў.
«Наш атрад за два гады прайшоў слаўны шлях мсціўцаў. Дзякуючы выдатнаму камандаванню атрад выходзіў са многіх акружэнняў. Добрая арганізаванасць і дысцыпліна дапамаглі нам выйсці паспяхова з усіх блакад. Было шмат крытычных момантаў. Мы праскаквалі і зноў пачыналі работу. Зноў ляцелі пад адхон паязды, узляталі на паветра масты, машыны…»

Фрагмент з рукапіснага часопіса №5 «Детонатор» спецатрада НКУС СССР «Баявы», 1944 год
Фота з архіва музея
За час дзейнасці ў тыле праціўніка байцамі атрада «Баявы» пушчана пад адхон больш за 120 варожых эшалонаў, узарвана і спалена больш за 80 заводаў, дзясяткі мастоў і воінскіх складоў з боепрыпасамі, разбурана больш за дзевяць кіламетраў чыгуначных пуцей. У баях забіта і паранена больш за дзве тысячы нямецкіх салдат, афіцэраў і паліцэйскіх.
Рукапісны часопіс №5 «Детонатор» спецатрада НКУС СССР «Баявы», 1944 год
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right