26
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
ГАЎРОШЫ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ
Разам з дарослымі яны падзялялі ўвесь цяжар вайны і партызанскага быту, яны расклейвалі лістоўкі, былі сувязнымі і разведчыкамі, хадзілі на баявыя аперацыі. Больш за пяць з палавінай тысяч юных патрыётаў сталі ўдзельнікамі падпольнага і партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай у Беларусі. Двое з іх – Марат Казей і Зіна Партнова – удастоены звання Героя Савецкага Саюза пасмяротна.
Сакратар Мінскага падпольнага абласнога камітэта КП(б)Б І.А.Бельскі (другі справа) на сеансе радыёсувязі з «Вялікай зямлёй». У цэнтры Толя Дзялендзік – 10-гадовы ад'ютант камандзіра злучэння, 1943 год. Фота з архіва музея
Герой Савецкага Саюза Раман Мачульскі ў сваёй кнізе «Людзі высокага абавязку» апісаў упартасць і гераізм, з якім партызанскія гаўрошы рваліся служыць разам з дарослымі: «І да сэрца падступала пякучае пачуццё жалю да іх і разам з тым гонару за тое, што яны такія, нашы дзеці». Паводле слоў Мачульскага, ніхто не агітаваў іх ісці ў той ці іншы партызанскі атрад. Наадварот, іх адпраўлялі дадому. Але яны прыходзілі зноў…
«Цяжкія дні перажываем мы ў нямецкім тыле. Колькі гора прычынілі нам фашысты! Бацькоў нашых каты расстрэльвалі і гналі ў Германію… Нашы бацькі і браты ваююць з немцамі… Наша асноўная задача вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца!»

Фрагмент артыкула насценнай газеты №1 «Наша учеба» піянерскай арганізацыі імя Кірава, Брэсцкая вобласць, 1944 год


Падлеткаў, чые бацькі загінулі ў фашысцкіх засценках, камандаванне было вымушана браць у партызанскія атрады. У некаторых фарміраваннях адкрывалі школы, каб дзеці прадаўжалі вучобу. Дзеці станавіліся вымушанымі сведкамі цяжкага жыцця партызан: праводзілі байцоў на баявыя заданні, бачылі пакуты параненых, развітваліся з загінулымі. Усё гэта адлюстравана ў рукапісных газетах піянерскіх атрадаў пры лясных школах.
«У школе на жалобным мітынгу мы даведаліся, што нашу брыгаду напаткала вялікае няшчасце. Ад рукі фашысцкіх катаў загінулі 20 партызан. Мы, вучні нашай школы, пакляліся жорстка адпомсціць за смерць нашых братоў. З кожным днём у нас павялічваецца колькасць выдатнікаў...»

Фрагмент з насценнай газеты №2 «Пионер» школы атрада імя Жданава, Брэсцкая вобласць, 1944 год


Нарысы і расказы пра юных герояў, напісаныя таленавітымі журналістамі-партызанамі Ананьіным і Дзеевым, захаваліся ў рукапісных часопісах атрадаў імя І.В.Сталіна Магілёўскай вобласці і 3-й Мінскай партызанскай брыгады імя С.М.Будзённага.
«Пры адыходзе нашых войскаў разам з байцамі Чырвонай Арміі малышы ў бязвыхадныя хвіліны хавалі зброю і ваенную маёмасць. Часта ні слова не казалі дома ў сваёй сям'і або больш дарослым таварышам. Дзеці хутка даведаліся пра нейкіх моцных і вельмі смелых людзей, якія жывуць толькі ў лясах і прыходзяць начамі ў вёскі гутарыць з насельніцтвам».

Фрагмент артыкула з рукапіснага часопіса «Народный мститель» №2–3 3-й Мінскай брыгады імя С.М.Будзённага
«11-гадовы піянер Додзік Налібоцкі праявіў выключную адвагу. Яшчэ ў 1941 годзе фашысты па-зверску закатавалі яго бацьку, сястру і брата, а ў маі гэтага года яму з вялікай цяжкасцю ўдалося выйсці з гета са сваёй маці і шасцю іншымі таварышамі. Прыйшоўшы ў партызанскі атрад, ён з першых дзён заваяваў павагу і давер камандзіра групы. Праз некалькі дзён ён зноў пайшоў у Мінск па спецыяльным заданні свайго камандзіра. З гонарам яго выканаўшы, ён вярнуўся назад».

Фрагмент артыкула рукапіснага часопіса «Народный мститель» №2–3 3-й Мінскай брыгады імя С.М.Будзённага

Летам 1943-га ў атрадзе імя Варашылава з'явіўся чатырнаццацігадовы хлопчык Вася Русаловіч. Перад вайной падлетак вучыўся ў 3-м класе Скарыніцкай пачатковай школы Мінскага раёна, у 1939 годзе Васіль паступіў у Мінскае харэаграфічнае вучылішча. У партызанскім атрадзе спачатку яго прызначылі пасыльным пры камандзіры І.Паўлаве. Але Вася дамогся таго, каб яго перавялі ў падрыўную групу В.Пісарчыка. Шмат разоў хлопчык хадзіў у разведку, асвоіў падрыўную справу, выдатна страляў з вінтоўкі.

В.І.Русаловіч – партызан атрада імя Варашылава 3-й Мінскай брыгады. Фота з архіва музея
«На сваім баявым рахунку тав. Русаловіч мае тры ўзрывы чыгуначных эшалонаў праціўніка, дзе ў агульнай колькасці забіта і паранена 90 гітлераўцаў. Акрамя таго тав. Русаловіч удзельнічаў у сустрэчным баі з немцамі, дзе бясстрашна ішоў у бой і асабістым прыкладам падахвочваў ісці за сабой астатніх партызан. У час блакіроўкі ён, нягледзячы на сваю маладосць (1928 г.н.), без стомы ўвесь час рухаўся з камандзірам роты тав. Амяльянчыкам».

Фрагмент характарыстыкі на В.І.Русаловіча
Васіль Русаловіч прадстаўлены да ўрадавай узнагароды медаля «Партызану Айчыннай вайны» 2-й ступені. Юны разведчык-падрыўнік за час знаходжання ў атрадзе падрос, пасталеў і 16 ліпеня 1944 года ішоў у страі на гістарычным парадзе партызан у Мінску.
Пасля вайны Вася вярнуўся да любімай прафесіі: прадоўжыў вучобу ў харэаграфічным вучылішчы, выступаў на сцэне тэатра оперы і балета. Але, на жаль, у 1947-м трагічна загінуў...
Юным народным мсціўцам па волі лёсу і загаду сэрца давялося быць на партызанскай вайне. Супраць гітлераўскіх акупантаў змагалася цэлая армія хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны абаранялі сваю Радзіму і як маглі набліжалі Перамогу.
Рукапісны часопіс «Народный мститель», 15 чэрвеня 1942 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right