22
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
ГЕРОЙ САВЕЦКАГА САЮЗА
СЯРГЕЙ ЖУНІН

Вайна заспела інтэнданта III рангу Сяргея Жуніна ў складзе 8-га танкавага палка 36-й кавалерыйскай дывізіі 10-й арміі Заходняга фронту. У ліпені 1941-га каля вёскі Хватаўка на Магілёўшчыне байцы, якія не выйшлі з варожага акружэння, арганізавалі групу на чале з Жуніным. За год яна перарасла ў атрад «Сяргея», якому ў далейшым прысвоілі нумар 36.
Калі ў верасні 1942-га на Магілёўшчыне сфарміравалася 8-я Круглянская брыгада, на чале яе паставілі былога кадравага камандзіра, ужо вопытнага партызанскага важака Сяргея Жуніна. У далейшым ён жа ўзначаліў Круглянскую ваенна-аператыўную групу, якая аб'яднала партызанскі рух ва ўсім раёне. За паспяховае кіраўніцтва Сяргей Георгіевіч узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, яму прысвоена званне палкоўніка.
С.Г.Жунін (у цэнтры), чэрвень 1940 года. Фота з архіва музея
«…За тры гадзіны бою на станцыі Слаўнае мы знішчылі ўсе варожыя ўмацаванні. Каля эшалона, што прыбыў на станцыю перад боем, завязалася рукапашная схватка. Гараць склады, казармы і яшчэ два эшалоны, якія стаялі на запасных пуцях. Здавалася, што наступае цэлая армія. Вакол грымела «ўра!»... Пасля захопу на станцыі засталося больш за сотню нямецкіх трупаў і кучы руін... Гэта надоўга затрымлівала тут паязды...»

Фрагмент главы «Бітва на станцыі Слаўнае» з кнігі С.Г.Жуніна «Ад Дняпра да Буга»
Бітва ў жніўні 1942-га на станцыі Слаўнае – адзін з красамоўных эпізодаў гераізму камбрыга і яго брыгады. Баявая аперацыя ўвайшла ў кнігу Жуніна «Ад Дняпра да Буга». Мемуары выдадзены ў 1974 годзе.
Рукапісны часопіс-газета атрада №36 брыгады №8 Брэсцкай вобласці
Яшчэ адно дакументальнае сведчанне баявых подзвігаў партызан 36-га атрада 8-й брыгады рукапісны часопіс. На яго старонках партызанская паэзія і фальклор пераплятаюцца з патрыятычнымі заклікамі, апісаннем герояў, малюнкамі.
Артыкулы рукапіснага часопіса-газеты атрада №36 брыгады №8 Брэсцкай вобласці
Па распараджэнні Беларускага штаба партызанскага руху брыгада ў снежні 1943-га адправілася ў цяжкі рэйд. За два месяцы яна перамясцілася з Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці ў Ганцавіцкі Пінскай. Затым у студзені 1944-га ў Косаўскі раён, дзе ўвайшла ў склад партызанскага злучэння Брэсцкай вобласці.
Лістоўка Магілёўскага падпольнага абласнога камітэта КП(б)Б, 28 чэрвеня 1944 года
Ужо з лютага брыгада ўключылася ў актыўную баявую работу. За чатыры месяцы пушчаны пад адхон 45 эшалонаў, узарваны 64 шасэйныя масты, знішчаны 160 варожых аўтамашын і іншая тэхніка.
«Падраздзяленне тав. Шарстабітава за апошнія два-тры месяцы пастаянна знаходзіцца на дыверсійных работах… не маючы сваіх выбуховых сродкаў, тав. Шарстабітаў сваім падраздзяленнем дастаў тол у праціўніка і ажыццявіў узрыў сямнаццаці воінскіх эшалонаў...»

Фрагмент расказа «Смелыя падрыўнікі» рукапіснага часопіса-газеты атрада №36 брыгады №8 Брэсцкай вобласці
За подзвігі, здзейсненыя пры выкананні заданняў у тыле ворага, мужнасць, праяўленую ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, і асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху 15 жніўня 1944 года Сяргею Георгіевічу Жуніну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
С.Г.Жунін (злева) і камандзір 12-га атрада 8-й брыгады А.С.Нікітчанка, Мінск, 1968 год. Фота з архіва музея
Сустрэча ветэранаў 8-й Круглянскай брыгады, чэрвень 1967 года. Фота з архіва музея
Пасля вайны палкоўнік Жунін быў звольнены ў запас. Знаходзіўся на партыйнай рабоце ў Брэсце і Мінску. Узнагароджаны ордэнам Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, медалямі. Памёр Сяргей Георгіевіч у 1977 годзе, пахаваны ў Мінску.
У гонар Героя Савецкага Саюза Сяргея Жуніна названа вуліца ў пасёлку Круглае Магілёўскай вобласці, устаноўлены бюст у двары мінскай школы №100.
Рукапісны часопіс-газета атрада №36 брыгады №8 Брэсцкай вобласці
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right