23
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
«ВАЛОДЗЬКІН АТРАД»
КАМАНДЗІРА ДЗЯРАБІНА

Зноў арышт, катаванні, удары і патрабаванні выдаць таварышаў... І на гэты раз ад смерці Уладзіміра Дзярабіна выратаваў выпадак: з лесу хтосьці страляў. Паліцаі ўскочылі ў машыны і рванулі з вёскі…
«Шэсць разоў Валодзя быў арыштаваны. Але нішто не зламала яго рашучасць біцца з ворагам. Выходзячы ці ўцякаючы з-пад арышту, ён зноў браўся за справу... Адважны, бясстрашны і смелы ў баях», – напішуць байцы пра свайго камандзіра атрада ў літаратурна-мастацкім часопісе №1 «Искра» брыгады «Разгром» (Мінская вобласць), датаваным кастрычнікам 1943 года.
Партызанскае фарміраванне, якое праславіцца як Валодзькін атрад, Уладзімір Дзярабін узначаліць вясной 1942 года. На баявым рахунку партызан атрада «Іскра» будуць тысячы забітых і параненых нямецкіх салдат і афіцэраў, дзясяткі пушчаных пад адхон варожых эшалонаў і падарваных мастоў... Але ўсё гэта будзе пазней, а ў першыя дні вайны Валодзя Дзярабін знаходзіўся пад Вільнюсам (Літоўская ССР), дзе служыў на пасадзе зброевага майстра. Разам з часцямі Чырвонай Арміі з баямі ён адыходзіў на ўсход. Пасля ранення пад Маладзечнам асталяваўся ў Бярэзінскім раёне, дзе вёў падпольную дзейнасць і рыхтаваў свой партызанскі атрад…
Даведачна: Дзярабін Уладзімір Паўлавіч нарадзіўся ў 1918 годзе ў Самарскай губерні (Расія). Сірата. Да 1937 года выхоўваўся ў дзіцячым доме. З 1937 па 1941 год працаваў слесарам на паравозарамонтным заводзе ў Ташкенце. У 1939 годзе прызваны ў рады Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі (РСЧА). Да вайны служыў у Віленскім пяхотным вучылішчы на пасадзе зброевага майстра.

З баявой характарыстыкі камандзіра партызанскага атрада «Іскра» брыгады «Разгром» Уладзіміра Дзярабіна
Фота з архіва музея
У Мінскай вобласці Уладзімір Дзярабін шукаў аднадумцаў, збіраў і хаваў у лесе зброю, распаўсюджваў сярод вясковых жыхароў зводкі Саўінфармбюро аб становішчы на франтах. Калі з-за частых візітаў паліцаяў паказвацца ў вёсках стала небяспечна, Валодзя пайшоў да партызан.
«Гэта быў першы арганізаваны партызанскі атрад Кускова. Там яму даручылі даставаць прадукты харчавання. Валодзя шукаў баявых подзвігаў. Да гэтага яго звалі і таварышы, якія засталіся ў вёсках і чакалі яго для арганізацыі свайго партызанскага атрада. Пабыўшы крыху ў атрадзе Кускова, Валодзя пачаў падрыхтоўку да баявой партызанскай дзейнасці».

Фрагмент літаратурна-мастацкага часопіса №1 «Искра» брыгады «Разгром», кастрычнік 1943 года

Усю зіму 1941–1942-га Дзярабін праводзіў арганізацыйную работу, каб з надыходам вясны выйсці са зброяй у руках на барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ён фарміраваў групы і накіроўваў іх у раёны, дзе раней адбываліся баі – яго таварышы збіралі зброю, боепрыпасы і рыштунак. Здабытыя трафеі былі ржавымі і няспраўнымі. Пад кіраўніцтвам зброевага майстра Валодзі Дзярабіна іх прыводзілі ў рабочы стан.
Арганізацыйныя работы па стварэнні партызанскага атрада былі завершаны 3 мая 1942 года. Яго назвалі «Іскра». Уладзімір Дзярабін стаў камандзірам атрада. У кастрычніку 1942-га «Іскра» ўвайшла ў склад брыгады «Разгром».
«Валодзькін атрад ведае і любіць беларускі народ, яго ведаюць і ненавідзяць подлыя гітлераўцы. За разведчыка Валодзькінага атрада гестапа назначыла 10 000 марак таму, хто даставіць яго жывога ці мёртвага. Як сярод партызан, так і сярод мясцовага насельніцтва атраду ахвотна дапамагаюць ва ўсім. Гэта пашана ёсць заслуга камандзіра».

Фрагмент літаратурна-мастацкага часопіса №1 «Искра» брыгады «Разгром», кастрычнік 1943 года
Фота з архіва музея
Атрад «Іскра» быў самым шматнацыянальным сярод партызанскіх атрадаў Беларусі. Украінцы, узбекі, казахі, кіргізы, балгары, армяне... У адным страі ў атрадзе ішлі прадстаўнікі 28 нацыянальнасцей, якія жылі і змагаліся з ворагам адной дружнай сілай.
З першых дзён дзейнасці партызанскага фарміравання пачалі работу групы дыверсантаў-падрыўнікоў. У склад адной з іх увайшоў узбек Ташніязаў Гантай. «Туды ён трапіў за сваю дзелавітасць, смеласць, рашучасць выканаць даручаную справу пры любых абставінах. Ён разграміў фашысцкі поезд, які ехаў на фронт. Вызначыўся ў разгроме варожай аўтакалоны на шашы, дзе дзейнічаў адважна і рашуча, спаліў склад для газагенератараў», – напішуць байцы ў партызанскім часопісе.
Ташніязаў Гантай выхаваў многіх адважных партызанскіх дыверсантаў. Група пад яго кіраўніцтвам пусціла пад адхон 7 эшалонаў ворага, байцамі знішчана 8 паравозаў і 76 вагонаў, забіта 456 і паранены 583 фашысцкія салдаты і афіцэры. За баявыя заслугі камандаванне атрада прадставіла Гантая да ўрадавай узнагароды.
Фота з архіва музея
«У нашым атрадзе была арганізавана зброевая майстэрня... аўтаматы вырабляліся са ствала нашай рускай вінтоўкі. Затвор адкоўваўся з круглай сталі, а баявая спружына рабілася са стальнога дроту, які бралі з аўтамабільных пакрышак... Неяк у нас з'явілася прынадная ідэя – абзавесціся сваёй артылерыяй. Падумалі і вырашылі выкарыстаць для гэтага гарматы з-пад танкаў, пашкоджаных у час баёў».

З успамінаў Уладзіміра Дзярабіна
Фота з архіва музея
Гармата была знята з лёгкага падбітага савецкага танка. Замка не было. Яго знайшлі з дапамогай мясцовых жыхароў. Рамонт дапамаглі зрабіць вясковыя кавалі. Гармату ўстанаўлівалі на колы калгаснай сеялкі, а зімой – на спецыяльныя сані.
З успамінаў Уладзіміра Дзярабіна:

«1 ліпеня 1944 года ў раёне в. Забашавічы Барысаўскага раёна мы сустрэліся з танкістамі 3-га Беларускага фронту, атрымалі загад прыбыць у Мінск. Наш атрад 16 ліпеня 1944 года прыняў удзел у пераможным парадзе партызан».
Даведачна: Арганізаваны з 20 байцоў у 1942 годзе атрад «Іскра» ў 1944-м налічваў больш за 300 чалавек. За мужную і адважную баявую дзейнасць 11 працэнтаў асабовага складу партызанскага фарміравання прадстаўлена да ўрадавых узнагарод.
У.П. Дзярабін з жонкай Нінай Паўлаўнай і сынам Валодзем, май 1946 года
За смеласць і адвагу Уладзімір Дзярабін у верасні 1942 года прадстаўлены да ордэна Леніна. Ён узнагароджаны медалямі «Партызану Айчыннай вайны» I і II ступеней, медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.». Пасля вызвалення застаўся жыць у Беларусі. Памёр у 2000 годзе.
Успаміны Уладзіміра Паўлавіча Дзярабіна былі напісаны напярэдадні святкавання 20-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Разам з дакументамі, прадметамі і фотаздымкамі яны былі перададзены ў музейны фонд.
Літаратурна-мастацкі часопіс №1 «Искра» брыгады «Разгром», кастрычнік 1943 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right