15
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
1 студзеня 1944 года група дыверсантаў атрада «За Радзіму» адправілася на баявое заданне – трэба было ўзарваць варожы эшалон, які ішоў на фронт. З задачай партызаны справіліся – знішчаны вагоны, забіты і паранены каля сотні салдат вермахта. Так байцы аднаго са шматлікіх партызанскіх атрадаў Мінскай вобласці сустрэлі Новы ваенны год барацьбы за свабоду.
НОВЫ ГОД НА ВАЙНЕ
Пазней у партызанскім часопісе №4 «Патриот Родины» атрада «За Радзіму» брыгады «Беларусь», датаваным 1944 годам, з'явіцца запіс:

«Кожны дыверсант гарэў жаданнем як мага хутчэй учыніць падрыў ваеннага варожага эшалона, гэтым самым зрабіць падарунак нашай Радзіме… Надыходзячы 1944 год увалье яшчэ новыя сілы ў нашы сэрцы. Узмоцнім удары па ворагу, каб гэты год быў годам канчатковай перамогі».

Гэтыя словы адлюстроўвалі ўсеагульныя навагоднія настроі ў партызанскіх фарміраваннях.
Нават у цяжкі ваенны час традыцыя адзначаць Новы год не згасла. Толькі абстаноўка, віншаванні і пажаданні былі іншымі.
З успамінаў камандзіра партызанскага атрада «За Радзіму» Пятра Ганчарова:

«Наш атрад, у якім налічвалася да 400 партызан, дзейнічаў у раёне Рудзенска, гэта ўсяго 25 км ад Мінска. Блізкасць праціўніка прымушала пастаянна думаць аб асцярожнасці. Таму я ніколі не дазваляў сваім байцам расслабляцца нават па святах. Спіртныя напіткі былі пад забаронай. Але беларускія партызаны маглі весяліцца і без гэтага атрыбута навагодняга стала».
Атмасферу свята партызаны стваралі як маглі. У лагеры заўсёды ўпрыгожвалі ёлку, але не цукеркамі і цацкамі, а стрэлянымі гільзамі, гранатамі і нават мінамі… Выкарыстоўвалі шышкі, якія засталіся на дрэвах з восені, майстравалі цацкі з прысланых з Вялікай зямлі часопісаў.
Навагодняя ёлка ў падпольшчыкаў. Фота з архіва музея
Перад боем курантаў у партызанскіх атрадах зачытвалі святочны загад-віншаванне, аб'яўлялі падзяку лепшым байцам і падводзілі вынікі.
Падарваныя масты і варожыя танкі, пушчаныя пад адхон эшалоны, забітыя фашысты і вызваленыя тэрыторыі – аб усім гэтым гаварылі на навагоднім сходзе. А потым збіраліся за агульным сталом. Камандзір даваў распараджэнне прыгатаваць святочны абед «лепей, чым звычайна».
Партызанская кухня, зіма 1943 года. Фота з архіва музея
«Віншавалі і мясцовае насельніцтва. З начальнікам штаба, апрануўшы маскіровачныя халаты, якія павінны былі служыць касцюмамі Дзеда Мароза і Снягурачкі, прывозілі ў вёскі сані з хлебам і аладкамі для дзяцей. У атрадзе быў ансамбль песні, у які ўваходзілі 7 чалавек».

З успамінаў камандзіра партызанскага атрада «За Радзіму» Пятра Ганчарова

Партызаны ігралі і пелі не толькі для атрада: музычнай творчасцю байцы радавалі і мясцовых жыхароў бліжэйшых вёсак, у якіх адначасова распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, прынятыя па радыё, і размаўлялі з сялянамі. Але асабліва партызанскага Дзеда Мароза чакалі дзеці. І, нягледзячы на голад і нягоды, байцы заўсёды стараліся арганізаваць для іх свята.
«У школе сямейнага лагера, што жыве пад аховай партызан атрада, сабраліся вучні, піянеры і акцябраты, каб сустрэць новы 1944 год. Пасярод школы была ўстаноўлена прыгожа прыбраная навагодняя ёлка. Камісар атрада Фёдар Б. зрабіў даклад аб 25-й гадавіне БССР. Пасля даклада была паказана мастацкая самадзейнасць школьнікаў. На вечары вучні атрымалі падарункі ад партызан, сярод якіх абутак, адзенне, школьныя прылады…»

Фрагмент артыкула газеты «Заря», 5 лістапада 1944 года
Новы 1944 год партызаны сустракалі з асаблівай надзеяй. У адыходзячым 1943-м Чырвоная Армія нанесла ворагу знішчальны ўдар і адваявала ў праціўніка больш за палову захопленых зямель. Партызанскі рух разрастаўся імкліва. Поспех савецкіх часцей паднімаў людзей на барацьбу з новай сілай – у партызаны ішлі цэлымі вёскамі. Толькі ў жніўні – першай палове верасня ў атрады народных мсціўцаў уступілі больш за 17,5 тысячы чалавек. Наперадзе былі вялікія перамогі і прыватныя паражэнні, кровапралітныя баі і вялікія подзвігі самых звычайных людзей… Людзей, якія ў новым 1944 годзе верылі ў абавязковую перамогу над ворагам і адчайна змагаліся за свабоду і незалежнасць Радзімы.
Рукапісны часопіс №4 «Патриот Родины» атрада «За Радзіму» брыгады «Беларусь», студзень 1944 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right