14
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
У канцы 1943 года, напярэдадні 25-годдзя ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, некалькі партызанскіх брыгад былі перайменаваны ў гонар гэтай знамянальнай даты. Нягледзячы на ваеннае ліхалецце, у студзені 1944-га юбілей шырока адзначалі як на вызваленай беларускай зямлі, так і ў партызанскіх фарміраваннях.
ПАРТЫЗАНСКІ ЛЕТАПІС:
25-ГОДДЗЮ БССР ПРЫСВЯЧАЕЦЦА

Прыняцце прысягі ў атрадзе «Грозны» брыгады імя «25 год БССР», 1943 год. Фота з архіва музея
Мітынг-парад партызан атрада «Разгром», студзень 1944 года
На базе атрадаў «Грозны», імя Катоўскага і імя Будзённага загадам упаўнаважанага ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху па Баранавіцкай вобласці створана брыгада «25 год БССР». Яна дзейнічала ў Гарадзішчанскім і Карэліцкім раёнах. Імя «25-годдзя БССР» было прысвоена 123-й Акцябрскай брыгадзе Палескай вобласці.
Камандны склад брыгады імя Чкалава пасля мітынгу да 25-годдзя БССР, студзень 1944 года. Фота з архіва музея
Ад сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнкі камандзірам і камісарам была накіравана тэлеграма аб паўсюдным правядзенні юбілею: партызанам прадпісвалася ўзмацніць удары па ворагу, а таксама выпусціць газеты і лістоўкі, прысвечаныя святу.
Тэлеграму атрымаў і камісар партызанскага атрада «Слава» Клімент Ануфрыевіч Жук. Камандаванне брыгады «Полымя» Мінскай вобласці даручыла яму выпусціць спецыяльны нумар рукапіснага часопіса «Народный мститель», які цяпер захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
«Сёння спаўняецца 25 гадоў з дня абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Першага студзеня 1919 года адкрылася новая эпоха ў гісторыі беларускага народа, які стаў поўным гаспадаром свайго лёсу...»
Фрагмент рукапіснага часопіса №1 «Народный мститель» партызанскага атрада «Слава», студзень 1944 года
Камандны склад атрада імя Будзённага брыгады імя «25 год БССР», снежань 1943 года. Фота з архіва музея
У часопісе апісваюцца баявыя будні і подзвігі партызан, размешчаны агіткі, заклікі біць ворага.
Артыкулы рукапіснага часопіса №1 «Народный мститель» партызанскага атрада «Слава», студзень 1944 года
У мастацка-літаратурным раздзеле часопіса ёсць шмат старонак з ілюстрацыямі, выкананымі алоўкамі або фарбамі: гэта віншаванні з Новым годам, карыкатуры на ворага, іранічныя малюнкі.
Старонкі рукапіснага часопіса №1 «Народный мститель» партызанскага атрада «Слава», студзень 1944 года
Чвэрць стагоддзя ўтварэння БССР святкавалі таксама на фронце і ў савецкім тыле. У студзені 1944 года ў Маскве адбылася юбілейная сесія Акадэміі навук БССР, дзе была адзначана плённая праца прадстаўнікоў сельскагаспадарчай навукі. Для ўдзелу ў мерапрыемстве быў запрошаны намеснік старшыні Саўнаркама Беларусі Іван Ануфрыевіч Крупеня.
Даведка: Іван Ануфрыевіч Крупеня – савецкі дзяржаўны дзеяч, намеснік старшыні СНК Беларускай ССР (1941–1946). Намеснік начальніка Беларускага штаба партызанскага руху (1942). Міністр земляробства Беларускай ССР (1943–1947).
І.А.Крупеня, 1946 год. Фота з архіва музея
А на вызваленай тэрыторыі БССР у студзені 1944 года адбылося ўрачыстае пасяджэнне Гомельскага абласнога і гарадскога Саветаў дэпутатаў працоўных сумесна з прадстаўнікамі партыйных, грамадскіх арганізацый і Чырвонай Арміі.
1 студзеня 2019 года спаўняецца 100 гадоў з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Рукапісныя часопісы нагадваюць нам аб значнасці гэтай даты ў гісторыі сучаснай Беларусі. Нават у гады Вялікай Айчыннай вайны ў тыле ворага, на фронце і вызваленых тэрыторыях наш народ святкаваў пачатак станаўлення беларускай дзяржаўнасці, пачатак эпохі нацыянальнага адраджэння.
Рукапісны часопіс №1 «Народный мститель» партызанскага атрада «Слава», студзень 1944 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right