16
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
СУВЯЗНЫ АТРАДА –
СВЯШЧЭННІК МІКАЛАЙ ХІЛЬТАЎ

«Глыбокапаважаны спадар камбрыг! Па рускім звычаі віншую Вас з надыходзячым святам Нараджэння Хрыстовага і шлю найлепшыя пажаданні Вам і нашаму шматпакутнаму рускаму народу...»

Фрагмент пісьма свяшчэнніка М.А.Хільтава камбрыгу брыгады імя К.Я.Варашылава В.Р.Яроменку
Гэта пісьмо адрасавана камандзіру 300-й партызанскай брыгады імя Варашылава Васілю Яроменку. Свяшчэннік Мікалай Хільтаў акрамя віншавання з хрысціянскім святам просіць яго прыслаць для папраўкі здароўя ў «дом адпачынку» параненага Міхаіла Шаршнёва, які цяжка перажываў смерць свайго камандзіра Анохіна, над якім бацюшка адслужыў пахавальны абрад.
Свяшчэннік М.А.Хільтаў са сваёй сям'ёй. Фота з архіва музея
У ваенны час духавенства нараўне са служэннем Богу выконвала і свой грамадзянскі абавязак. Так, айцец Мікалай быў настаяцелем царквы Іаана Прадцечы ў Клецкім раёне і сувязным партызанскага атрада імя Р.Катоўскага Варашылаўскай брыгады, аказваў дапамогу разведгрупе Міхаіла Шаршнёва. Яго дом быў і шпіталем, і штабам, і складам зброі. Жонка Наталля лячыла параненых.
У рукапісных часопісах таго часу ёсць віншаванні з Новым годам і няма нават намёку на тое, што адзначалі Раство. Аднак адзін з партызан Варашылаўскай брыгады Павел Валожын успамінаў пасля вайны, як аднойчы гасціў у айца Мікалая: «Мы вярталіся з аперацыі і трапілі ў дом у свята Нараджэння Хрыстовага, матушка арганізавала нам прыём па ўсіх правілах».
Рукапісны часопіс №2 «Ураган» аднайменнага партызанскага атрада Мінскай вобласці, снежань 1943 года
У красавіку 1944-га айцец Мікалай і яго брат свяшчэннік Георгій былі арыштаваны за сувязь з партызанамі. Іх жонкі Наталля і Лідзія паехалі ў Баранавічы, каб даведацца пра лёс мужоў, але таксама былі схоплены гітлераўцамі. Хільтавы загінулі ў лагеры смерці Калдычэва пад Баранавічамі.
Малюнак царквы ў вёсцы Блячына (цяпер в. Садовая) Клецкага раёна
Мікалай і Георгій Хільтавы з жонкамі і дзецьмі. Фота з архіва музея
Мікалай Аляксандравіч прыняў пакутніцкую смерць: яго прывязалі да ложка, пад якім быў раскладзены агонь. Свяшчэннік згарэў зажыва. Яго жонка была расстраляна 30 чэрвеня ў апошнюю ноч існавання лагера. Дзеці Кіра, Надзя і Валя засталіся жывыя, іх выхоўвала бабуля.
Свяшчэннік вёскі Мілевічы Пінскай вобласці Яўген Крокас і партызаны атрада Варашылава, кастрычнік 1943 года
Фота БЕЛТА
У гады вайны савецкая ўлада пайшла на дыялог з духавенствам. У 1944 годзе памёр патрыярх Сергій. Месцаахоўнік патрыяршага прастола мітрапаліт Ленінградскі Алексій напісаў пісьмо Сталіну.
«...У сваёй будучай дзейнасці я буду нязменна і няўхільна кіравацца тымі прынцыпамі, якімі адзначана была царкоўная дзейнасць патрыярха, які спачыў: прытрымліванне канонаў і ўстанаўленняў царкоўных, з аднаго боку, і нязменная адданасць Радзіме і ўраду нашаму, які Вы ўзначальваеце, з іншага...»

Фрагмент пісьма мітрапаліта Алексія (Сіманскага) І.В.Сталіну, газета «За Родину» – орган Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта, май 1944 года
У сваім пісьме мітрапаліт Алексій таксама паведамляе аб лепце, якую ленінградскае епархіяльнае духавенства і вернікі ўнеслі ў фонд абароны краіны.
Газета «Патриот Родины», орган міжраённага камітэта КП(б)Б, 22 студзеня 1943 года
На акупіраваных тэрыторыях радавыя свяшчэннікі заставаліся адданымі хрысціянскай маралі, дапамагалі партызанам, хавалі і ратавалі мірных жыхароў і чырвонаармейцаў. У пропаведзях яны выказвалі ўпэўненасць у перамозе Чырвонай Арміі, вялі патрыятычную агітацыю сярод насельніцтва і самі ўступалі ў барацьбу з ворагам.
Рукапісны часопіс №2 «Ураган» аднайменнага партызанскага атрада Мінскай вобласці, снежань 1943 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right