13
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
«Падымайцеся на барацьбу з ворагам чалавецтва фашысцкай Германіяй! Бярыце зброю і пераходзьце да нас, у партызанскія атрады, каб разам набліжаць дзень свайго вызвалення, бязлітасна помсціць ворагу за сваіх братоў і бацькаў, за жонак і сясцёр, за маці. Мы чакаем вас! Мы прымем вас як братоў».
АТРАД ІМЯ ЮРЧАНКІ
Сакратар Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)Б Сяргей Сікорскі дзякуе калгасніцы Марыі Пятроўне Шыш за яе траіх сыноў, якія змагаліся ў партызанскіх атрадах. Фота БЕЛТА
У канцы снежня 1943 года партызаны-палякі і камандаванне партызанскага атрада імя Юрчанкі 1-й Мінскай брыгады напісалі пісьмо-зварот да польскіх суайчыннікаў. На трох старонках былой банкаўскай ведамасці адлюстравалася ўсё: трывога, рашучасць, заклік і ўпэўненасць у хуткай перамозе…
Фота БЕЛТА
Разам з беларускім народам на акупіраванай тэрыторыі супраць нямецкіх войскаў у адзіным страі змагаліся больш за чатыры тысячы замежных байцоў. У большасці выпадкаў яны трапілі на тэрыторыю Беларусі ў складзе асобных часцей вермахта. Апынуўшыся на беларускай зямлі, салдаты нямецкіх войскаў нярэдка паварочвалі сваю зброю супраць акупантаў і ішлі да партызан...
Інтэрнацыянальная прысутнасць у партызанскіх фарміраваннях асабліва ўзмацнілася пасля перамог Чырвонай Арміі пад Масквой, Сталінградам і Курскам. Антыфашысцкія настроі сярод іншаземцаў нарасталі разам з ростам партызанскага руху. З замежных антыфашыстаў ствараліся асобныя падраздзяленні: узводы, роты і цэлыя атрады.
Новая серыя «Партызанскага летапісу» прысвечана атраду імя Юрчанкі 1-й Мінскай партызанскай брыгады. З дзевяці байцоў у 1942 годзе ён вырас у магутную баявую сілу – да 400 чалавек, у ліку якіх былі і антыфашысты-іншаземцы.
Будучы атрад імя Юрчанкі пачаў арганізоўвацца ў лясах Бягомльскага раёна ў пачатку 1942 года. «З'яўляючыся то прапагандыстамі і агітатарамі, то зборшчыкамі зброі і арганізатарамі мас, зусім невялікая група таварышаў актыўна вяла барацьбу з нямецкімі акупантамі», – так у першым нумары партызанскага часопіса «Удар з тылу», датаваным лістападам 1943 года, апісваецца станаўленне атрада. Гэту рукапісную кнігу пачалі ствараць у перыяд, калі атрадам камандаваў Васіль Раброў.
Камандзір Ф.Ф.Юрчанка
Раброў Васіль Міхайлавіч пайшоў у партызаны ў чэрвені 1942 года. З 1 верасня 1942 года – начальнік штаба партызанскага атрада, да лютага 1943 года – камандзір разведкі 1-й Мінскай партызанскай брыгады. З лютага 1943 года – камандзір атрада імя Юрчанкі.

Фрагмент часопіса «Удар з тылу» партызанскага атрада імя Юрчанкі 1-й Мінскай партызанскай брыгады, лістапад 1943 года
Першы камандзір атрада Фёдар Юрчанка загінуў 11 лютага 1943 года ў час разгону фашысцкай засады ў вёсцы Скобраўка. Камандаванне брыгады прысвоіла яго імя атраду, у якім ён ваяваў.
Разведка атрада імя Юрчанкі. Фота з архіва музея
На старонках часопіса «Удар з тылу» ў асобнай рубрыцы пад загалоўкам «Людзі нашага атрада» дадзены партрэты партызан розных нацыянальнасцей, якія вызначыліся, у тым ліку славакаў, якія спачатку ваявалі на баку Германіі.
«Ляшчынскі Іосіф, як і многія іншыя, быў падмануты Гітлерам і пасланы на ўсходні фронт супраць Чырвонай Арміі. Ён добраахвотна перайшоў на бок партызан і стаў у рады байцоў супраць ворага ўсяго чалавецтва – крывавага фашызму. 29 лістапада 1943 года загінуў пры выкананні баявога задання».
«Петраш Ян добраахвотна перайшоў на бок партызан. Дысцыплінаваны баец, які дакладна выконвае загады камандзіра. Удзельнічаў у партызанскіх аперацыях і праявіў сябе смелым і знаходлівым байцом супраць нямецкіх акупантаў».
Партызан Ян Петраш
Даведка: адзіным фронтам з беларусамі супраць фашыстаў выступалі каля 3 тысяч палякаў, 400 славакаў і чэхаў, 235 сербаў і харватаў, 70 венграў, 60 французаў, 31 бельгіец, 24 аўстрыйцы, 16 галандцаў, каля 100 немцаў, а таксама прадстаўнікі іншых еўрапейскіх народаў.
Антыфашысты ішлі да партызан па адным і цэлымі групамі. З замежных байцоў на тэрыторыі Беларусі былі створаны чэхаславацкі ўзвод у атрадзе «Грозны» брыгады «Штурмавая» Мінскай вобласці, польскі атрад імя Тадэвуша Касцюшкі ў складзе Пінскай брыгады, польская рота, сфарміраваная ў атрадзе імя М.М.Чарнака (Брэсцкая вобласць), інтэрнацыянальны ўзвод у 600-м атрадзе Магілёўскай вобласці.
«Партызанскі атрад імя Юрчанкі да 26-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі прыйшоў з наступнымі паказчыкамі: падарваны і пушчаны пад адхон 64 варожыя чыгуначныя эшалоны, разгромлена два гарнізоны праціўніка, праведзена шэсць баёў з карнымі бандамі, арганізавана 16 баявых засад. Вораг страціў 2173 фрыцаў…»

Фрагмент часопіса «Удар з тылу» партызанскага атрада імя Юрчанкі 1-й Мінскай партызанскай брыгады, лістапад 1943 года
У гэтым нумары рукапіснага часопіса значнае месца займаюць агітацыйна-прапагандысцкія артыкулы і матэрыялы. Прапаганда шмат у чым прадвызначала поспехі не толькі асобна ўзятага атрада, але і ўсяго партызанскага руху ў Беларусі. Прапагандысты-агітатары ад імя партызан цесна ўзаемадзейнічалі з мясцовымі жыхарамі, падымалі людзей на барацьбу і «разлагалі» варожыя гарнізоны.
«Паднятыя прапагандыстамі на смерць ворагу, з розных вёсак прыйшлі больш за 300 чалавек… Зводкі Саўінфармбюро, савецкая газета – усё гэта пранікае ў гарнізоны праціўніка і, уносячы туды бальшавіцкае слова праўды, разлагае іх рады. У выніку толькі ў наш атрад за апошнія некалькі месяцаў перайшлі са зброяй з гарнізонаў праціўніка 56 чалавек, у тым ліку афіцэр і салдат чэшскай арміі».

Фрагмент часопіса «Удар з тылу» партызанскага атрада імя Юрчанкі 1-й Мінскай партызанскай брыгады, лістапад 1943 года
Фота з архіва музея
«І якой бы цяжкай ні была наша барацьба – перамога будзе за намі», – такімі словамі заканчваецца адна з глаў рукапіснага часопіса «Удар з тылу» партызанскага атрада імя Юрчанкі. З гэтых жа слоў пачыналася яго гісторыя. Дзень за днём, у бесперапыннай барацьбе, не губляючы надзею, малалікі атрад байцоў-партызан разрастаўся і станавіўся для ворага грознай сілай – савецкай, антыфашысцкай і інтэрнацыянальнай. Сілай, якая ў партызанскім руху з'яднала народы ў барацьбе з вермахтам.
Рукапісны часопіс №1 «Удар з тылу» партызанскага атрада імя Юрчанкі 1-й Мінскай партызанскай брыгады, лістапад 1943 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right