12
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
У канцы 1942 года нямецкія войскі разгарнулі карную экспедыцыю супраць партызан Капыльскага, Уздзенскага і Нясвіжскага раёнаў Мінскай вобласці. У снежні сем тысяч фашыстаў з танкамі, гарматамі і мінамётамі пачалі наступленне на брыгаду імя Варашылава…
ЛАЎСКІ БОЙ.
ПОДЗВІГ ВАСЯМНАЦЦАЦІ

Каб паспець эвакуіраваць параненых і сканцэнтраваць сілы для рашаючага бою, адзін з атрадаў пад камандаваннем Вікенція Драздовіча вырашана было перакінуць на абарончыя пазіцыі. У няроўным Лаўскім баі, знішчыўшы 85 карнікаў, загінула ўся група.
Як пазней было адзначана ва ўзнагародным лісце В.І.Драздовіча, «гераічны подзвіг маладых партызан даў магчымасць эвакуіраваць шпіталь і адбіць раптоўнае нападзенне карнікаў, адыграў немалую ролю ў зрыве карнай экспедыцыі фашыстаў».
Карціна «Подзвіг сямнаццаці (Лаўскі бой)», 1957 год. Аўтар – народны мастак Беларусі М.А.Савіцкі
Лаўскі бой увекавечаны на карціне народнага мастака СССР М.А.Савіцкага «Подзвіг сямнаццаці». У аснову сюжэту пакладзены падзеі, апісаныя В.Яроменкам, камандзірам 300-й брыгады імя К.Я.Варашылава, у гісторыі злучэння. Арыгінал рукапісу захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. У дакуменце памылкова пазначана, што байцоў было сямнаццаць: менавіта таму карціна Міхаіла Савіцкага атрымала такую назву. На самай справе партызан, якія ўступілі ў адчайную схватку з гітлераўцамі 3 снежня 1942 года, было васямнаццаць. Самаму маладому ўдзельніку бою споўнілася толькі пятнаццаць гадоў…
«З першых чысел снежня немцы ўзмоцнена праследавалі партызанскую брыгаду імя Варашылава. Пасля некалькіх пераходаў і спроб адарвацца ад карнікаў брыгада спынілася на адпачынак у Лаўскім лесе. Немцы пачалі акружаць лес з трох бакоў. Брыгада заняла абарону на ўзлеску…»

Фрагмент з дакладной ЦК ЛКСМБ «Падрабязнасці аб героях Лаўскага бою»
ПРОСІМ ЛІЧЫЦЬ НАС УСІХ КАМСАМОЛЬЦАМІ
Перанакіраваць партызанскія атрады да вёскі Лавы, дзе размяшчаўся партызанскі шпіталь, вырашана было пасля моцных двухтыднёвых баёў з нямецкімі войскамі. Для ўмацавання пазіцый камандаванне выставіла на шляху руху гітлераўцаў засады і заслоны. Найбольш важнай была засада каля вёскі Клецішча на развілцы дарог, што вядуць да вёскі Лавы з вёсак Лоцвіны, Цялядавічы і Язвіны. Кіраваў ёю Вікенцій Іосіфавіч Драздовіч – камандзір узвода партызанскага атрада імя Р.Катоўскага.
«У ноч на 3 снежня 1942 года гітлераўцы нечакана кінулі на партызанскую брыгаду вялікія сілы. На дарозе ім па загадзе камандзіра брыгады быў выстаўлены заслон з узвода партызан пад камандаваннем Драздовіча В.І. Партызаны выбралі зручнае месца для засады на могілках каля вёскі Клецішча Капыльскага раёна Мінскай вобласці. 18 партызан на чале з Драздовічам смела ўступілі ў бой з батальёнам карнікаў і затрымалі яго рух наперад».

Выпіска з узнагароднага ліста Героя Савецкага Саюза В.І.Драздовіча
Дом у вёсцы Клецішча Капыльскага раёна Мінскай вобласці, у якім размяшчаліся партызаны ўзвода В.І.Драздовіча, 1959 год. Фота з архіва музея
Сканцэнтраваўшы значныя сілы, каб акружыць і знішчыць партызанскую групу, праціўнік пачаў наступленне. Фашысты спадзяваліся на хуткі канец бою, паколькі перад гэтым доўга працавала нямецкая артылерыя, адправіўшы ў бок могілак не адзін снарад. Гітлераўцы рухаліся па ўсіх дарогах, імкнучыся акружыць партызан. Частка іх, мінуўшы мост каля вёскі Цялядавічы, ішла да могілак, частка – да вёскі. Узвод партызан заняў кругавую абарону. Трох таварышаў – Івана Жыгалковіча, Сяргея Духанава і Сяргея Пяткевіча – Вікенцій Драздовіч адправіў у дазор на ўскраіну вёскі. Група Жыгалковіча абстрэльвала варожыя ланцугі, якія ішлі па дарогах Лоцвіны – Цялядавічы, Лоцвіны – Клецішча.
«Калі героі завязалі бой, немцы ўжо абышлі іх з абодвух флангаў і амаль адрэзалі шляхі адыходу. Пасланаму з данясеннем у штаб брыгады тав. Жыгалковічу ўсё ж удалося дабрацца і папярэдзіць аб пагражаючым становішчы: немцы кінулі супраць атрада на ўзлесак 2 батальёны салдат і афіцэраў…»

Фрагмент з дакладной ЦК ЛКСМБ «Падрабязнасці аб героях Лаўскага бою»
Для падтрымкі Драздовіча была створана ўдарная група, але прабіцца да могілак яна не змагла – шлях быў адрэзаны.
«Восем разоў фашысты пры падтрымцы мінамётаў і артылерыі атакавалі жменьку храбрацоў і кожны раз адыходзілі назад, несучы вялікія страты. Чатыры гадзіны доўжыўся бой. Калі скончыліся боепрыпасы і партызаны былі акружаны гітлераўцамі, Драздовіч падняў астатніх жывых партызан і павёў іх у рукапашную схватку. У гэтым баі загінулі партызаны, якія знаходзіліся ў засадзе, і іх камандзір Драздовіч».

Выпіска з узнагароднага ліста Героя Савецкага Саюза В.І.Драздовіча
Тады ў Лаўскім баі загінулі тры камуністы, дзевяць камсамольцаў і шэсць маладых байцоў. На месцы бою быў знойдзены кулямёт з запіскай: «Паміраем за Радзіму… Просім лічыць нас усіх камсамольцамі».

Прозвішчы герояў увекавечаны на абеліску, устаноўленым 3 ліпеня 1960 года на брацкай магіле.
Помнік партызанам-героям Лаўскага бою, устаноўлены 3.07.1960 года на брацкай магіле. Фота з архіва музея
Міхаіл Дзесюкевіч, Вікенцій Драздовіч, Аляксандр Ждановіч, Аляксей Кароль, Франц Клімовіч, Павел Лыч, Рыгор Нікановіч, Васіль Астрэйка, Эдуард Петрашэўскі, Мікалай Сіневіч, Іван Туміловіч, Аляксандр Харытановіч, Дзмітрый Цітко, Мікалай Цяртычны, Канстанцін Шытыка, Мікалай Якімовіч, Аляксандр Ясючэня, Уладзімір Качаноўскі.
Герой Савецкага Саюза Вікенцій Драздовіч, камандзір узвода
Міхаіл Дзесюкевіч
Аляксандр Ждановіч
Аляксей Кароль
Павел Лыч
Рыгор Нікановіч
Мікалай Сіневіч
Васіль Астрэйка
Эдуард Петрашэўскі
Іван Туміловіч
Аляксандр Харытановіч
Дзмітрый Цітко
Мікалай Цяртычны
Канстанцін Шытыка
Мікалай Якімовіч
Уладзімір Качаноўскі
Фатаграфія Уладзіміра Юльянавіча Качаноўскага, самага маладогапятнаццацігадовагаудзельніка Лаўскага бою, не захавалася. Сям'ю героя-партызана напаткала страшэнная доля: фашысты спалілі дом, у якім ён нарадзіўся, і забілі родных. Малодшая сястра, якая была вельмі падобная да Валодзі, памерла ў хуткім часе пасля вайны. Па яе фотакартцы партрэт юнага байца стварыў яго сябар.
Вікенцій Іосіфавіч Драздовіч Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза пасмяротна.
Прадстаўлены рукапісны часопіс «Народный мститель», датаваны маем 1944 года, – вынік карпатлівай працы партызан. Паводле слоў саміх аўтараў, ён створаны ў глыбокім тыле ворага ў мінуты баявога зацішша.
Нараўне з унікальнымі падрабязнасцямі партызанскіх баявых аперацый асаблівай увагі заслугоўвае «Песня пра Лаўскі бой». Яна прысвечана 18 героям-партызанам, якія загінулі ў жорсткай схватцы з нямецкімі акупантамі.
Гэтай гераічнай старонцы партызанскай барацьбы прысвяцілі свае вершы і прафесійныя літаратары: Анатоль Астрэйка, Адам Русак і іншыя паэты. Кожная брыгада і кожны атрад маглі б расказаць пра сваіх герояў. Лаўскі бой – толькі адзін з прыкладаў бессмяротнага подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Рукапісны партызанскі часопіс «Народный мститель», 1944 год
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right