11
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
«18 мая 1944 года, у час адступлення ад перавышаючых сіл нямецка-фашысцкіх войскаў і знаходжання ў бязвыхадным становішчы, у рацэ паміж Прыстанню і Кабылічамі разам з дакументамі 3-й роты быў затоплены часопіс партызанскага атрада «Бальшавік», пасля чаго быў выцягнуты, прасушаны і пушчаны ў жыццё».
НАПІСАЦЬ І ЗАХАВАЦЬ
ЯК РАТАВАЛІ РУКАПІСНЫЯ ЧАСОПІСЫ
Такі факт экстрэмальнага выратавання партызанскага часопіса зафіксаваў рэдактар А.С.Батурчык у дадатку да часопіса №1 атрада «Бальшавік» брыгады «Беларусь». Як і іх стваральнікам, рукапісным кнігам даводзілася «выжываць» у жорсткіх умовах вайны. Апынуўшыся ў блакадзе, партызаны закопвалі іх у зямлю ў скрынях ад патронаў і снарадаў або тапілі ў вадаёмах. Заставалася толькі спадзявацца, што паперы «выжывуць»…
Самадзейнасць партызан брыгады «Беларусь». Фота з архіва музея
Заслугоўвае ўвагі таксама гісторыя стварэння і выратавання цэлай калекцыі рукапісных часопісаў «Кутузовец» з атрада імя М.І.Кутузава 2-й Мінскай партызанскай брыгады. Падзеі непарыўна звязаны з жыццём мужа і жонкі Дзідзенкаў, Рыгора і Зінаіды.
Часопіс «Кутузовец» атрада імя М.І.Кутузава 2-й Мінскай партызанскай брыгады, 1944 год
Рыгор Васільевіч Дзідзенка нарадзіўся ў горадзе Курган Карагандзінскай вобласці ў 1917 годзе. Перад вайной ён вучыўся ў Варонежскім дзяржаўным тэатральным вучылішчы, пасля быў прызваны ў армію. Ваенную службу праходзіў у Ансамблі песні і пляскі пагранвойскаў НКУС БССР разам са старэйшым братам Пятром. Кіраўніцтва ансамбля даверыла Рыгору Васільевічу вядзенне канцэртаў і чытанне вершаў.
У чэрвені 1941-га ансамбль знаходзіўся на гастролях у сталіцы Літоўскай ССР Вільнюсе. Рыгор Васільевіч пісаў кранальныя і пяшчотныя пісьмы любімай жонцы, якая літаральна гэтымі днямі павінна была нарадзіць.
Ваеннаслужачыя Ансамбля песні і пляскі пагранвойскаў НКУС БССР. Фота з архіва музея
Р.Дзідзенка і П.Дзідзенка. Фота з архіва музея
«Міленькая мая галубачка, гэта пісьмо ты будзеш чытаць ужо ў радзільным доме ў чаканні сына ці дачушкі. Зінуленька, а можа, пры атрыманні гэтага пісьма будзеш ужо мамай?.. Я ў гэтыя хвіліны, галубачка, яшчэ бліжэй з табой побач знаходжуся, ты толькі не бачыш мяне...»

Фрагмент пісьма Р.Дзідзенкі жонцы, 1 чэрвеня 1941 года
Дачка Ала нарадзілася за два тыдні да пачатку вайны... 22 чэрвеня 1941 года ансамбль фактычна апынуўся ў варожым тыле. Артысты вырашылі невялікімі групамі перайсці лінію фронту. Рыгору Дзідзенку ўдалося дабрацца да Мінска да сваёй маленькай сям'і.
Муж і жонка Дзідзенкі. Беласток, 1941 год. Фота з архіва музея
Сябры Рыгора Васільевіча дапамаглі яму атрымаць у Мінску часовы пашпарт і ўладкавацца на работу. А ў лютым 1943-га сям'я Дзідзенкаў улілася ў рады атрада імя М.І.Кутузава 2-й Мінскай партызанскай брыгады. Па ініцыятыве таленавітага артыста ў атрадзе быў створаны невялікі ансамбль. Яго ўдзельнікі словам і песняй узнімалі баявы дух таварышаў.
Партызаны атрада імя Гастэлы на адпачынку, вясна 1943 года. Фота з архіва музея
«Таварышы партызаны, партызанкі, камандзіры і палітработнікі атрада! Па ініцыятыве камандзіра пры атрадзе будзе створана кніга апавяданняў, нарысаў і ўспамінаў з жыцця і баявой дзейнасці партызанскага атрада імя Кутузава... Толькі пры актыўным удзеле ўсіх партызан мы зможам цалкам адлюстраваць усе баявыя справы атрада, пішыце пра свае баявыя справы, пра лепшых людзей. Падавайце матэрыялы ў рэдакцыю».

Фрагмент часопіса «Кутузовец» №1 атрада імя М.І.Кутузава 2-й Мінскай партызанскай брыгады, 1944 год
Дзідзенка з таварышамі заняліся таксама выпускам часопіса «Кутузовец». Свет убачылі 13 нумароў. На яго старонках вобразна і ў розных жанрах адлюстроўваліся подзвігі, лёсы і штодзённае жыццё атрада: «Да веснавой сяўбы», «Санчасць», «Смерць патрыёта», «Падрыўнікі» і інш. Рэгулярна публікаваліся куплеты, песні і лірычныя радкі аўтарства Рыгора Дзідзенкі.
И говорит лисе такие волк слова:
– Решил я выступить на льва.
– На льва-а-а? – лиса переспросила
И низко хвост свой опустила…


Фрагмент байкі «На льва» ў часопісе «Кутузовец» №5 атрада імя М.І.Кутузава 2-й Мінскай партызанскай брыгады, 1944 год
«Партизанские ребята –
Все герои смелые.
Крепко любят их девчата.
Что же тут поделаешь».


Прыпеўкі Р.Дзідзенкі ў часопісе «Кутузовец» №5 атрада імя М.І.Кутузава 2-й Мінскай партызанскай брыгады, 1944 год
Рэдакцыя рукапіснага выдання нават устанавіла зваротную сувязь з чытачом, размясціўшы ў пятым нумары просьбу пісаць водзывы аб часопісе.
«Прачытаўшы Ваш часопіс «Кутузовец», у нас засталіся цудоўныя ўражанні як па змесце, так і па афармленні...»

«Ваш часопіс вельмі правільна асвятляе наша жыццё і барацьбу ў тыле ворага, ён выхоўвае нас – партызан – у духу адданасці і любові да сваёй радзімы...»


Фрагменты водзываў партызан аб часопісе «Кутузовец» №5 атрада імя М.І.Кутузава 2-й Мінскай партызанскай брыгады, 1944 год
Незадоўга да вызвалення Беларусі 2-я Мінская брыгада трапіла ў блакаду. Муж і жонка Дзідзенкі ўпакавалі выпушчаныя нумары часопіса ў мешкавіну і закапалі ў лесе. Пасля злучэння з Чырвонай Арміяй рукапісы дасталі з тайніка і адправілі ў Беларускі штаб партызанскага руху. У 1945-м дзевяць захаваных нумароў перадалі ў музей Вялікай Айчыннай вайны.
Праз гады Зінаіда Дзідзенка ўспамінала гэта цяжкае выпрабаванне. Фашысты загналі партызан на тры дні ў балота. Трохгадовую дачушку Зінаіда Пятроўна трымала над галавой. Пакусаная насякомымі і згаладалая, дачка, на шчасце, засталася жывая…
Пасля вызвалення Беларусі Дзідзенкі вярнуліся ў Мінск, дзе працавалі ў Белдзяржфілармоніі. У 1947-м у працоўнай кніжцы Рыгора Васільевіча з'явіўся запіс «Артыст размоўнага жанру Белдзяржэстрады», а ў 1963-м ён удастоены ганаровага звання «Заслужаны артыст БССР». Чвэрць стагоддзя, па 1972 год, Дзідзенка быў адной са знакавых фігур беларускай эстрады.
Муж і жонка Дзідзенкі з дачкой Алай, 19 мая 1945 года. Фота з архіва музея
Р.Дзідзенка і З.Веліканава. Фота з архіва музея
Праграма вечара эстрады
Выразка з артыкула, 1968 год
Рукапісныя часопісы партызан – люстэрка ваенных гадоў. У іх – лёсы людзей, якія стойка пераносілі боль паражэнняў, радаваліся баявым поспехам. Яны любілі і жылі надзеяй і верай. Многіх вайна бязлітасна патрапала, як і папяровыя старонкі, але яны выстаялі.
Рукапісны партызанскі часопіс «Кутузовец» №5, 1944 год
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right