10
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
У кастрычніку 1941 года рэдакцыя газеты «Комсомольская правда» атрымала паведамленне ад камандзіра часці, да якой быў прыкамандзіраваны ваенны карэспандэнт Міхаіл Ананьін. Паведамлялася, што ён загінуў пад Вязьмай у час варожага налёту. Але, як аказалася, адбылася памылка: карэспандэнт Ананьін не загінуў, а быў цяжка паранены і трапіў у палон…
ВАЕННЫ КАРЭСПАНДЭНТ МІХАІЛ АНАНЬІН
М.П.Ананьін. 1941 год. Фота з архіва музея
У новай серыі «Партызанскага летапісу» прадстаўляем першы нумар машынапісна-рукапіснага часопіса «Народный мститель» 3-й Мінскай партызанскай брыгады, датаваны вераснем 1943 года. Часопіс паступіў у музейныя фонды ў 1953 годзе ад Міхаіла Пятровіча Ананьіна – таго самага фотакарэспандэнта, на якога ў рэдакцыю «Комсомолки» ў далёкім 1941-м прыйшла пахавальная…
Здымкі з подпісам «Фота М.Ананьіна» ў даваенны час на старонках газеты «Комсомольская правда» з'яўляліся даволі часта. Вайна застала фотакарэспандэнта ў Рызе, куды ён прыехаў па заданні рэдакцыі. Потым Міхаіл Ананьін стаў ваенным карэспандэнтам «Комсомольской правды» на Заходнім фронце.
Фота з архіва музея
У кастрычніку 1941-га цяжкапаранены Ананьін апынуўся ў палоне, дзе зрабіў спробу ўцёкаў… Не атрымалася – зноў канцлагер, але ўжо ў Мінску. У снежні групу ваеннапалонных павялі на вакзал, дзе ў мітусні пры пасадцы ў вагоны ўцячы ўсё ж такі ўдалося. З таго моманту жыццё Міхаіла Ананьіна звязана з мінскім падполлем.
«Тав. Ананьін М.П. прыйшоў да нас 6 снежня 1941 года са шпіталя ваеннапалонных, цяжка паранены і змучаны ад голаду і тых жудасных перажыванняў і здзекаў, якія чынілі над ім… Ва ўсе гэтыя цяжкія дні, знаходзячыся з намі, ён праявіў выключную смеласць і знаходлівасць…»

З характарыстыкі Ананьіна М.П.
Вясной 1942 года Міхаіл Ананьін увайшоў у падпольную арганізацыю, якая дзейнічала на швейнай фабрыцы імя Н.К.Крупскай. А з вясны 1943-га стаў палітруком роты і парторгам атрада імя К.Я.Варашылава 3-й Мінскай партызанскай брыгады, дзе трапляў пад аблавы, удзельнічаў у баях і пры любых абставінах заўсёды захоўваў самы дарагі партыйны сімвал – партбілет.
«Работа ў падполлі кожны дзень ускладнялася, і жыць было немагчыма. Тав. Ананьін у красавіку 1943 г. сумесна са сваімі таварышамі дасталі сабе зброю і пайшлі ў беларускія лясы ў рады народных мсціўцаў… Шаснаццаць месяцаў Ананьін знаходзіўся ў партызанах. За гэты час ён яшчэ раз паказаў сваю мужнасць, адданасць бальшавіцкай партыі і Савецкай Радзіме».

З характарыстыкі Ананьіна М.П.
Перад выхадам на аперацыю. 1943 год. Фота з архіва музея
Міхаіл Ананьін удзельнічаў у чатырох партызанскіх баях у раёне Пухавіч і Шацка. Аднойчы каля вёскі Зарэчча немцы паспрабавалі захапіць пераправу цераз Пціч і адкрылі шквальны агонь па групе партызан, якія знаходзіліся ў засадзе. Палітрук Ананьін быў цяжка паранены, але застаўся на полі бою, утрымліваючы пераправу да прыходу асноўных сіл. У лістападзе 1943 года камандаванне брыгады за асабістыя баявыя якасці і заслугі прадставіла Міхаіла Пятровіча да звання лейтэнанта і ўзнагароды – ордэна Чырвонага Сцяга.
Наперадзе былі яшчэ цяжкія баі за поўнае вызваленне беларускай зямлі, сур'ёзнае раненне летам 1944-га, атрыманае ў раёне вёскі Ліпнікі, а пасля шпіталя – зноў работа фотакарэспандэнтам у «Комсомольской правде».
Пасля вайны фотажурналіст Міхаіл Пятровіч Ананьін стаў членам Саюза журналістаў СССР, быў удастоены ганаровага звання «Заслужаны работнік культуры БССР». У выдавецтве «Беларусь» выйшлі аўтарскія альбомы фотамастака «Брэсцкая крэпасць-герой», «Хатынь», «Белавежская пушча», «У імя жыцця», якія прынеслі яму ўсесаюзнае прызнанне.
М.П.Ананьін. 1943 год. Фота з архіва музея
Мемарыяльны комплекс «Хатынь». Фота М.Ананьіна, БЕЛТА. 1973 год
Рабочая змена. Фота М.Ананьіна, БЕЛТА. 1973 год
У калгасе «Рассвет» Магілёўскай вобласці. Фота М.Ананьіна, БЕЛТА. 1955 год
Рукапісныя партызанскія часопісы – унікальная гістарычная крыніца: на старонках гэтых выданняў публікаваліся пастановы Вярхоўнага Галоўнакамандавання, матэрыялы Саўінфармбюро аб важных падзеях на франтах і, вядома ж, усё, што датычылася партызанскага руху. Дзякуючы рукапісным кнігам мы маем унікальную магчымасць уявіць сабе, як, напрыклад, праходзілі, партызанскія мітынгі.
Атрымаўшы зводку Саўінфармбюро ад 8 верасня 1943 года аб перамозе Чырвонай Арміі і яе саюзнікаў – поўным разгроме фашыстаў на Данбасе і безагаворачнай капітуляцыі Італіі, партызаны спяшаюцца абмеркаваць гэтыя важныя і радасныя весткі. Своеасаблівы сцэнарый гэтай падзеі пад назвай «Наш мітынг» падрабязна адлюстраваны ў часопісе:
Фатаграфіі, зробленыя Міхаілам Ананьіным, з'яўляюцца адным з важных сведчанняў партызанскіх мітынгаў, сходаў, планавання і абмеркавання баявых аперацый.
Абмеркаванне баявой аперацыі. 1943 год. Фота з архіва музея
НІКОЛІ НЕ ЗАБУДЗЕМ
«…гісторыя яшчэ не ведае такога масавага знішчэння людзей, якое ўчыняюць нямецка-фашысцкія захопнікі. З жудаснай бязлітаснасцю здзекуюцца яны з бездапаможнасці старых, іх не спыняюць з упрошваннем працягнутыя дзіцячыя рукі… У адным са зваротаў нямецкага камандавання, знойдзеным у забітага лейтэнанта, гаворыцца: «Забівай кожнага рускага савецкага, не спыняйся, калі перад табой стары або жанчына, дзяўчынка або хлопчык, – забівай, гэтым ты ўратуеш сябе ад пагібелі, забяспечыш будучыню тваёй сям'і і праславішся навекі…»

Фрагмент з часопіса «Народный мститель» №1, 1943 год
З кожным годам усё менш і менш застаецца сярод нас тых, хто быў сведкам крывавых зверстваў фашысцкіх катаў у Беларусі. Але памяць людская ніколі не забудзе гэтага. У часопісе пад назвай «Пра зверствы фашызму» публікуюцца ўспаміны партызан.
3 студзеня 1943 года ў вёску Рыбцы Рудзенскага раёна Мінскай вобласці прыехаў знішчальны атрад. Тады па-зверску забілі 157 чалавек і спалілі іх у хатах…
«Расказвае партызанка нашага атрада Моця Каспіровіч: «Сяджу я ў доме, заходзіць група немцаў. Мой шасцімесячны Коля ляжаў у калысцы, фашыст забіў яго. Дачка сямі гадоў Галя пачала прасіць звера: «Не страляйце мяне, дзядзька, я не вінаватая», але фашыст забіў і яе. Моцна пачала плакаць і другая дачка, трохгадовая Тома, фашыст накіраваў аўтаматную чаргу ў галаву дзяўчынцы. Я ў гэты час сядзела на печы ў жудасным страху… Немец аўтаматнай чаргой параніў у руку і ў бок. Лічачы мяне забітай, кат, выходзячы з хаты, падпаліў яе. Я хутка выскачыла надвор і схавалася…»

Фрагмент з часопіса «Народный мститель» №1, 1943 год
Але ад народа немагчыма было схаваць сапраўдную антычалавечую сутнасць фашызму, не дапамагала нават кашчунскае змяшчэнне рэлігійных надпісаў на амуніцыі ворага – яно выкарыстоўвалася крывавымі бязбожнікамі як апраўданне сваіх злачынстваў. Партызанскае пяро коратка і трапна апісвае сапраўднае аблічча гітлераўскіх варвараў.
«На поясе кожнага нямецкага салдата напісана імя Бога. Гэтым самым Гітлер хоча прыкрыць разбойніцкі твар сваёй сатанінскай бязбожнай арміі… Месцы для богаслужэння, дамы-цэрквы немцы спальваюць, нават не выносячы адтуль абразоў. Немцы заходзяць у царкву, не здымаючы галаўных убораў, парушаючы ўсе асновы свяшчэннай царквы …»

Фрагмент з часопіса «Народный мститель» №1, 1943 год
Партызаны слухаюць зводку Саўінфармбюро. 1943 год. Фота з архіва музея
Нават вайна не магла пагасіць у таленавітых людзях творчую іскрынку. Партызанскі паэт-песеннік Мікалай Іванавіч Фядулін у сатырычнай і іранічнай форме прадстаўляе ў сваёй пародыі «Ромель на дакладзе ў Гітлера пасля заканчэння кампаніі ў Афрыцы» пацешную інтэрпрэтацыю важнейшых сусветных падзей таго часу. Эмацыянальнае ўздзеянне на чытачоў з асяроддзя партызан было бясспрэчным.
У партызанскай творчасці Мікалая Фядуліна паэтычныя радкі клаліся не толькі на паперу, але і на нотны стан. У яркай паэтычнай форме адлюстравалася сутнасць партызанскай прысягі. А ў адносінах да здраднікаў Радзімы не было нават і думкі аб апраўданні.
У сатырычным вершы «Біфштэкс па-гамбургску» падрабязна апісана, якія «кулінарныя прысмакі» прыгатавалі беларускія партызаны для ворага.
Чытка загаду. 1943 год. Фота з архіва музея
«З вельмі вялікай радасцю мы праслухалі змест свайго партызанскага часопіса «Народный мститель». У ім адлюстравана ўсё тое, што мы бачылі і перажылі. Мы ганарымся тым, што ўсё ж, як ні стараецца гітлераўская зграя знішчыць наш савецкі народ, ён жыве, змагаецца і развівае сваю культуру ва ўсіх умовах. Выпуск часопіса сведчыць пра бадзёрасць радоў партызанскіх, пра любоў да Радзімы і веру ў блізкую перамогу над фашызмам».

Фрагмент з часопіса «Народный мститель» №1, 1943 год
Сёння, калі мінула шмат дзесяцігоддзяў, не заўсёды можна цалкам адчуць атмасферу таго трагічнага і гераічнага часу. Таму самымі аб'ектыўнымі чытачамі і крытыкамі партызанскіх часопісаў былі, перш за ўсё, самі байцы. Менавіта партызаны былі жывымі сведкамі і ўдзельнікамі падзей, бясцэнныя ўспаміны пра якія гісторыя захавала для нас у музейных фондах…
Рукапісны партызанскі часопіс «Народный мститель» №1, 1943 год
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right