42
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
ПАРАД ПЕРАМОЖЦАЎ
3 ліпеня 1944 года войскі 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў уварваліся ў Мінск. Да канца дня сталіца БССР была поўнасцю ачышчана ад нямецкіх акупантаў. Вызваленнем Мінска завяршыўся першы этап наступальнай аперацыі «Баграціён». Цяпер у паўразбураным, але свабодным ад ворага горадзе шмат работы чакала сапёраў…

Адступаючы ад імклівага ўдару, гітлераўцы мініравалі будынкі, вуліцы, дамы. Сярод стратэгічных аб'ектаў, якія трэба было абясшкодзіць у самы кароткі тэрмін, значыўся і мінскі іпадром. Менавіта тут 16 ліпеня 1944 года адбудзецца першае пераможнае шэсце – парад беларускіх партызан, удзел у якім прымуць больш за 30 тысяч народных мсціўцаў.
Рашэнне правесці партызанскі парад з нагоды вызвалення Мінска было прынята 14 ліпеня 1944 года на пасяджэнні ЦК КП(б)Б. Камандаванню партызанскіх фарміраванняў былі дадзены ўказанні аб падрыхтоўцы асабовага складу да святочнага шэсця. Але ў партызан была яшчэ адна важная задача. Накіроўваючыся ў сталіцу, народныя мсціўцы прадаўжалі баі: па дарозе зачышчалі навакольныя лясы і дарогі ад адыходзячых варожых войскаў і фашысцкіх дыверсантаў.
Да вечара 15 ліпеня ў горад прыбыло 30 партызанскіх брыгад і 2 асобна дзеючыя атрады, у тым ліку 20 брыгад Мінскай, 9 брыгад Баранавіцкай і 1 брыгада Вілейскай абласцей, агульнай колькасцю больш за 30 тысяч чалавек.

Гарадскі іпадром да гэтага часу быў ужо размініраваны і пастаўлены пад ахову партызанскай брыгады "Буравеснік". Распрацаваны былі і мерапрыемствы па прыкрыцці мітынгу-парада з паветра: падрыхтаваны знішчальная авіяцыя і процізенітныя сродкі. Для правядзення ўрачыстасці былі дастаўлены армейскія радыётрансляцыйныя ўстаноўкі і аркестры.
Карціна Я.А.Зайцава «Парад партызан у Мінску 16 ліпеня 1944 г.»
16 ліпеня ў 9 гадзін раніцы старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных Канстанцін Іванавіч Бударын адкрыў мітынг з удзелам дэлегацыі воінаў Чырвонай Арміі на чале з камандуючым 3-м Беларускім фронтам генералам арміі Іванам Данілавічам Чарняхоўскім. Сакратар ЦК КП(б)Б і Старшыня Савета народных камісараў БССР Панцеляймон Кандратавіч Панамарэнка ад імя ўрада БССР і Цэнтральнага камітэта партыі павіншаваў працоўных і партызан з вызваленнем сталіцы Беларусі і перадаў воінам 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў падзяку за вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На трыбуне ў час правядзення парада (злева направа): П.К.Панамарэнка, І.П.Ганенка – намеснік начальніка БШПР, П.З.Калінін – начальнік БШПР
Пасля мітынгу партызаны ўрачыстым маршам рушылі міма ўрадавай трыбуны. Гонар адкрыць парад быў прадастаўлены байцам брыгады "Народныя мсціўцы" імя Варанянскага. За імі ішлі партызаны-разведчыкі, падрыўнікі, кулямётчыкі і санітары...

З успамінаў Васіля Васільевіча Мараховіча – партызана атрада «Камунар» брыгады «Дзядзькі Колі» Мінскай вобласці:

«Мінск перажыў цудоўны парад, які не мае сабе роўнага ў гісторыі. Паміж разбуранымі і спаленымі дамамі ішлі маршам партызаны. У руках партызан знаходзілася самая дзіўная калекцыя зброі ваюючых армій, дапоўненая яшчэ зброяй, якую вырабілі ім у лясах кузні. Нас сустракалі з захапленнем, мы ішлі горда з узнагародамі на грудзях. Мы былі пераможцамі».
Удзел у партызанскім парадзе прынялі каля 50 тысяч жыхароў горада. Людзі рухаліся за народнымі мсціўцамі ўпрыгожанымі калонамі. За дэманстрацыяй працоўных на рысаках праскакала зводная конная група ў складзе 900 коннікаў.
Партызанскі парад у беларускай сталіцы прадаўжаўся некалькі гадзін. У 22.00 у небе над паўразбураным, але свабодным Мінскам прагрымелі залпы з 300 гармат. Агнястрэльны салют стаў завяршэннем свята першай вялікай перамогі, але наперадзе яшчэ чакалі баі: фашыстаў трэба было незваротна выгнаць з тэрыторыі савецкай Радзімы...
Літаратурна-мастацкі часопіс №2 «Искра» партызанскага атрада «Искра» брыгады «Разгром», студзень 1944 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right