41
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
208-ы партызанскі атрад імя Сталіна
У самы разгар бітваў за Беларусь партыя і ўрад рэспублікі ставілі перад партызанамі галоўную задачу: узмацняць удары па адступаючых гітлераўцах. Адметнай асаблівасцю гэтага перыяду вайны было тое, што цэнтрамі планавання, каардынацыі і забеспячэння баявых аперацый партызан станавіліся аператыўныя групы Беларускага штаба партызанскага руху пры ваенных саветах франтоў, якія дзейнічалі ў цесным кантакце з камандаваннем рэгулярных часцей.

У выніку сумесных баявых дзеянняў партызан і войскаў Чырвонай Арміі знішчаліся варожыя гарнізоны, захопліваліся рубяжы і перапрапы, вызваляліся населеныя пункты.
На падставе пастановы Магілёўскага падпольнага абкама КПБ і загада ваенна-аператыўнай групы 30 жніўня 1943 года 208-ы партызанскі атрад імя І.В.Сталіна быў разгорнуты ў 208-ы партызанскі полк у складзе трох батальёнаў. У кастрычніку 1943 года быў створаны чацвёрты, вучэбна-рэзервовы батальён, які ў снежні 1943-га быў пераўтвораны ў сапёрную роту, а ў сакавіку 1944-га – адноўлены. Узаемадзейнічаючы з часцямі 61-й арміі, полк граміў гарнізоны праціўніка ў мястэчку Пагост, на станцыі Парахонск, пасля чаго партызанамі былі захоплены шашэйшыя і грунтавыя дарогі Лунінец-Пінск, Лунінец-Целяханы, якія праціўнік імкнуўся выкарыстоўваць для адступлення сваіх сіл.

У адпаведнасці з планам перадыслакацыі 208-ы партызанскі полк пад камандаваннем Яўлампія Мікалаевіча Бяспоясава дайшоў да мястэчка Целяханы Пінскай вобласці і 11 ліпеня 1944 года аб'яднаўся з часцямі Чырвонай Арміі. У складзе палка было 1422 партызаны.

Яшчэ ў 1942 годзе 208-ы партызанскі атрад імя І.В.Сталіна паказаў фашыстам, што спакойнага жыцця ў тыле ў іх не будзе. Лістападаўскі выпуск рукапіснага часопіса «Народный мститель» напоўнены артыкуламі і нарысамі пра гераічныя подзвігі народных мсціўцаў. У нарысе «Гонар атрада» ярка прадстаўлены байцы і камандзіры, якія характарызуюцца аўтарам як «гэты можа», «энергіі ў яго хопіць на пяцярых», «ад яго можна ўсяго чакаць».
Людзі ёсць людзі, і на вайне яны як байцы праяўляюць свае розныя якасці: нехта – спакой і вытрымку, нехта – баязлівасць і маладушнасць. У фельетоне «Немцы ва Усакіне» ў сатырычна-гратэскнай форме прадстаўлены тыя, хто не справіўся з нервамі.
У ліпеньскім 1944 года выпуску рукапіснага часопіса «Вперед за Родину» апісваецца разгром партызанамі нямецкага гарнізона. Нягледзячы на самаадданасць большасці, былі і факты баязлівасці. Аўтары з гнеўным асуджэннем успамінаюць пра гэта, падкрэсліваючы нетыповасць такіх учынкаў у партызанскіх злучэннях.
Асаблівую цікавасць выклікае «Кніга гонару партызан-камсамольцаў, якія вызначыліся ў баях супраць нямецкіх захопнікаў». У ёй прадстаўлены героі-партызаны, якія асабліва вызначыліся ў барацьбе з ворагам: Аляксандр Дзямідаў, за галаву якога фашысты аб'явілі ўзнагароду ў памеры 40 000 залатых нямецкіх марак, Іван Ніжнік, які пусціў пад адхон 8 варожых эшалонаў, Пётр Віліткевіч, пад камандаваннем якога партызанамі была патоплена фашысцкая баржа на Бярэзіне, Міхаіл Хонінаў, які праявіў небывалую храбрасць і мужнасць пры разгроме нямецкіх гарнізонаў.
Аляксандр Дзямідаў
Іван Ніжнік
Пётр Віліткевіч
Міхаіл Хонінаў
Пасля вайны Міхаіл Хонінаў стаў пісьменнікам, быў літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў Калмыкіі. Успаміны пра вайну захаваліся ў яго публікацыях.
У 1967 годзе выйшла ў свет і дакументальная аповесць Аляксандра Дзямідава «У атаку падымаўся першым».
Рукапісны часопіс №15 «Народный мститель» 208-га партызанскага атрада імя І.В.Сталіна Магілёўскай вобласці, лістапад 1942 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right