21
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
ЛАЗАРЭТ У ЛЕСЕ
«Аперыраваць даводзілася на зямлі, на возе або ў вясковай цёмнай хаце. Абыходзіліся спадручнымі сродкамі. Ампутацыі канечнасцей рабілі звычайнымі нажоўкамі. Наркоз – вялікія дозы самагону... Нярэдка параненыя і хворыя заставаліся інвалідамі або паміралі ад такіх раненняў і хвароб, якія ў нармальных умовах маглі быць вылечаны...»
Фота з архіва музея
Асабліва цяжкім становішча параненых было зімой 1941–1942 гадоў. Аб гэтым, успамінаючы самы складаны перыяд развіцця партызанскага руху, напішуць байцы ў часопісе «Рогачёвские партизаны в борьбе с немецкими захватчиками», датаваным чэрвенем 1944 года. Медыка-санітарнай службе ў рукапіснай кнізе прысвечаны цэлы раздзел. Сітуацыя пачала паляпшацца ў другой палове 1942 года: у глухіх лясах з'явіліся лазарэты, а ў цяжкахворых – шанц на жыццё. Але гэта будзе потым. А тады, у першую суровую зіму вайны, калі партызанскі рух уяўляў сабой невялікія групы і атрады, не было ні медыкаментаў, ні медработнікаў, ні ўмоў для аказання дапамогі…
Дзіўна, але на вайне партызаны хварэлі не так ужо часта. У медыцынскай дапамозе мелі патрэбу параненыя, хворыя на тыф і каросту. Прастуду практычна не лячылі. У цяжкіх выпадках звярталіся да прагравання, адвараў траў і ягад. Запаленне лёгкіх, калі ўдавалася здабыць дэфіцытныя лякарствы, лячылі медыкаментамі.
Фота з архіва музея
Перавязачны матэрыял замянялі просціны, ручнікі, бялізна, якія збіралі ў насельніцтва. Сапраўднай знаходкай была парашутная тканіна. Яе выкарыстоўвалі для перавязак, а шаўковымі ніткамі зашывалі раны. Часам медыкаменты і марлю атрымлівалі ў немцаў праз сваіх сувязных у абмен на сала і яйкі. Вату «здабывалі» з коўдраў і целагрэек – на дапамогу прыходзілі вясковыя жыхары. Гіпсавыя павязкі замянялі шынамі з фанеры, кары і прутоў. Але асабліва востра стаяла пытанне з параненымі. Іх наяўнасць скоўвала манеўранасць і баявую дзейнасць атрада. У час акружэння карнымі экспедыцыямі цяжкахворых даводзілася хаваць. Часцей – на маленькіх астраўках у балоце ў надзеі, што баец не памрэ да прыходу дапамогі.
Летам 1942-га ў глухіх клічаўскіх лясах для цяжкахворых партызан Рагачоўскага і Журавіцкага раёнаў з'явіліся першыя лазарэты. Інакш іх называлі «Ялтай».
Яны размяшчаліся ў зямлянках, дзе ахову і парадак забяспечваў камендант. Але былі яшчэ і патайныя лазарэты. Аб адным з такіх партызаны 8-й Рагачоўскай брыгады напісалі ў сваім рукапісным часопісе:
«Некаторыя партызанскія атрады разам з «Ялтай» арганізоўвалі патайныя лазарэты ў шэрагу іншых месцаў. Такі лазарэт быў ля вёскі Хімы Стаўпнянскага с/с Рагачоўскага раёна. Балацянка, з 3-х бакоў акружаная невялікімі кустамі. Вакол чыстае поле. Маскіроўка была добрая. Фрыцам не прыходзіла і ў галаву, што побач, ля вёскі, існуе партызанскі лазарэт».
З ростам партызанскага руху наладжвалася і больш цесная сувязь з цэнтрам. У атрады прыбывалі ўрачы, санітары і доўгачаканыя медыкаменты. У партызанскіх падраздзяленнях з'явіліся медыка-санітарныя часці і новая пасада – начальнік санслужбы.
Сям'я Макеевых-Качарэўскіх. Е.П.Качарэўская (злева) і М.Ц.Макееў (справа), атрад П.К.Панамарэнкі брыгады «Штурмавая» Мінскай вобласці, 1937 год
Сумка і медінструменты ўрача атрада Панамарэнкі брыгады «Штурмавая» Мінскай вобласці М.Ц.Макеева
Фота з архіва музея
«Невялікая палатка па-майстэрску замаскіравана ад паветраных душагубаў. Ложкі закрыты просцінамі, коўдрамі, ёсць падушкі. На сталах, пад сталом, у стале, у свабодных кутках – бутэлькі, банкі, скрыні. У іх усё неабходнае і патрэбнае для лячэння хвароб і аказання дапамогі параненым», – так апісана санчасць атрада «Камсамол» (1-я Мінская партызанская брыгада) на старонках рукапіснага часопіса №2 «Комсомольская искра», датаванага кастрычнікам 1943 года.
У часопісе байцы пішуць і пра начальніка медыка-санітарнай службы атрада – медсястру Зінаіду Адамаўну Дубень: «Энергія гэтага маладога начальніка санслужбы і чулае стаўленне камандавання зрабілі тут, у лясным гушчары, усё што можна ва ўмовах акружэння ворагамі... Пры выхадзе атрада на баявыя аперацыі Зінаіда Адамаўна пастаянна суправаджае са сваім санітарным возам партызан і ў патрэбны час бывае там, дзе патрэбна ўмелая медыцынская рука».
У рады Чырвонай Арміі выпускніцу барысаўскай школы медсястру Зінаіду Дубень прызвалі ў першыя дні вайны. Яна працавала ў Барысаве ў эвакуацыйным шпіталі. З разгортваннем ваенных падзей шпіталь давялося «перавесці» ў Саранск, куды пераехала і Зінаіда. У маі 1942 года маладога медработніка выклікалі ў Маскву – ёй трэба было адвучыцца ў спецшколе, а пасля накіравацца ў тыл ворага. 22 жніўня 1942 года Зінаіда Дубень пачала баявую дзейнасць у партызанскім атрадзе імя газеты «Правда» (Мінская вобласць). Камсамолка Зіна ўдзельнічала ў засадах, адпраўлялася на спецаперацыі, разам з байцамі падрывала варожыя паязды.
З.А.Дубень – начальнік санітарнай службы атрада «Камсамол» 1-й Мінскай брыгады, 1942 год
1 студзеня 1943 года Зінаіда Дубень пераведзена ў атрад «Камсамол». Перад ёй стаяла задача арганізаваць санчасць і ратаваць параненых, у тым ліку на полі бою. У 1944 годзе Зінаіда Адамаўна Дубень узнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі.
Фота з архіва музея
Фатаграфіі медсясцёр і ўрачоў з розных партызанскіх атрадаў і брыгад, чые матэрыялы знаходзяцца ў экспазіцыі і фондах музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны:
Т.В.Барзова – медсястра атрада Р.І.Катоўскага брыгады імя С.М.Будзённага Пінскай вобласці, 1944 год
Л.В.Якімава – начальнік медслужбы брыгады імя Чапаева Брэсцкага партызанскага злучэння, 1944 год
Зубны ўрач брыгады Чкалава Баранавіцкай вобласці А.М.Данільян за работай, 1944 год
Фрагмент экспазіцыі залы №7 Партызанскі шпіталь у Белдзяржмузеі гісторыі ВАВ
Медінструменты Л.М.Арастовіч
Л.М.Арастовіч – начальнік медслужбы атрада Фрунзэ брыгады імя Суворава Мінскага злучэння, 1947 год
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў партызанскіх фарміраваннях на тэрыторыі Беларусі было 570 урачоў і 2095 медыцынскіх работнікаў. На полі бою, у зямлянках, аперыруючы пры лучыне, у небяспечных і суровых умовах кожны з іх, рызыкуючы ўласным жыццём, як мог, да апошняга ратаваў іншых.
Рукапісны часопіс «Быт Рогачёвских партизан», чэрвень 1944 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right