20
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу с надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
КАМАНДЗІР ФЁДАР ЮДАНАЎ
2 ліпеня 1941 года, калі нямецкія войскі ўварваліся ў Барысаў, пяцёра простых савецкіх людзей у цывільным далучыліся да часцей Чырвонай Арміі. Разам з байцамі яны выйшлі з вёскі Лошніца і накіраваліся на фронт…

Сярод добраахвотнікаў быў Фёдар Юданаў – старшыня Лошніцкага сельсавета. Адважная пяцёрка дайшла толькі да Віцебска. Па заданні Барысаўскага райкама партыі Фёдар Юданаў з таварышамі вярнуліся дадому. У родным раёне ім было даручана дзейнічаць у тыле ворага і працаваць у падполлі.

Новая серыя «Партызанскага летапісу» прысвечана атраду імя К.Я.Варашылава брыгады імя М.А.Шчорса Мінскай вобласці і аднаму з яго камандзіраў Фёдару Вавілавічу Юданаву.
Даведачна: Атрад сфарміраваны ў чэрвені 1942 года. 5 снежня атраду было прысвоена імя Маршала Савецкага Саюза Клімента Варашылава. Да лютага 1943 года дзейнічаў самастойна, потым у складзе брыгады імя М.А.Шчорса.
Фота з архіва музея
Першая група партызан на Барысаўшчыне пад камандаваннем Івана Яраша пачала дзейнічаць у кастрычніку 1941 года. Фёдар Юданаў быў залічаны туды сувязным і разведчыкам. Ён збіраў звесткі аб нямецкіх войсках, якія праходзілі, іх узбраенні і колькасці, варожых паяздах і іншым транспарце. У сакавіку 1942 года ў групе аказаліся здраднікі. Аб гэтым пазней з'явіцца запіс у літаратурна-мастацкім часопісе нумар 1 «Ворошиловец» партызанскага атрада імя Варашылава брыгады імя Шчорса, датаваным красавіком 1944 года:
«Група была акружана вялікай карнай экспедыцыяй. Частка групы і сам камандзір Яраш загінулі ў гэтым няроўным гераічным баі. Лічачы далейшае знаходжанне ў гэтым раёне небяспечным, астатнія члены групы змянілі раён свайго дзеяння і далучыліся да іншых атрадаў. Фёдар Юданаў вярнуўся ў вёску Навасёлкі і, працуючы сувязным, рыхтаваў ядро новага атрада».
Фота з архіва музея
Першы сход актывістаў будучага атрада Юданаў праводзіў у лесе. З вёскі ён вымушаны быў бегчы ад праследавання паліцаяў. Атрад з жыхароў Барысаўскага і Крупскага раёнаў быў сфарміраваны ў красавіку 1942 года. Летам ён злучыўся з дзвюма дэсантнымі групамі. Камандзірам атрада, які ўжо да восені налічваў каля сотні чалавек, быў выбраны Рыгор Сарока, камісарам – Фёдар Юданаў. Байцы фарміравання арганізоўвалі засады на дарогах, пускалі пад адхон варожыя эшалоны і адчайна вырываліся з акружэння.
«Адной з буйных была блакіроўка ў кастрычніку 1942 года. Супраць партызанскіх атрадаў немцы кінулі некалькі тысяч сваіх войскаў. Некалькі разоў трапляў у акружэнне ў гэту блакіроўку наш атрад. Некалькі разоў ён знаходзіўся выключна ў цяжкіх умовах. Даводзілася заставацца без ежы, гадзінамі быць па калена ў вадзе, суткамі сядзець без вогнішча пад дажджом і на ветры».

Фрагмент літаратурна-мастацкага часопіса нумар 1 «Ворошиловец» партызанскага атрада імя Варашылава брыгады імя Шчорса, красавік 1944 года
Кожны раз байцам атрада ўдавалася выйсці жывымі з блакіраваных немцамі раёнаў. «І ў гэтым заслуга Юданава. Ён праяўляў выключную знаходлівасць і адвагу. Сам адпраўляўся ў разведку насустрач ворагу», – не раз напішуць аб сваім камісары байцы ў часопісе «Ворошиловец».
«Новую блакіроўку немцы планавалі ўчыніць у снежні. Атрад злучаецца з іншымі атрадамі і ўдзельнічае ў буйным баі з вялікімі сіламі карнай экспедыцыі. Наш атрад у гэтым баі трымаў абарону ля вёскі Г. Прыняўшы бой, без адзінай страты выйшлі з акружэння. У гэтым зноў вялікая заслуга камісара Юданава, які ўмелым кіраўніцтвам і сваім асабістым прыкладам у баі вёў за сабой байцоў і камандзіраў».
Юданаў удзельнічае ва ўзяцці дзота. Партызанскі мастак К.М.Міненка
У студзені 1943 года камандзір атрада імя Варашылава Рыгор Сарока па заданні перайшоў у іншы раён. Камісара Юданава аднагалосна выбралі кіраўніком падраздзялення. Варашылаўцы, якія да гэтага дзейнічалі самастойна, уліліся ў склад партызанскай брыгады імя М.А.Шчорса. Прадаўжаючы барацьбу з ворагам, народныя мсціўцы не забывалі і аб дапамозе мірнаму насельніцтву.
«Фашысцкія бандыты неаднаразова спрабавалі ўварвацца ў раён вёсак зоны атрада і абрабаваць мірных жыхароў. І асабліва нахабна вораг спрабаваў пранікнуць у момант уборачнай кампаніі. Ён збіраў вялікія сілы сваіх салдат і афіцэраў і на сотнях машын накіроўваўся на рабаванне сялян, каб забраць у іх хлеб. Мініруючы дарогі, робячы засады на шляхах падыходу, народныя мсціўцы ўпарта біліся за кожны кілаграм хлеба, каб не аддаць яго ворагу».

Фрагмент літаратурна-мастацкага часопіса нумар 1 «Ворошиловец» партызанскага атрада імя Варашылава брыгады імя Шчорса, красавік 1944 года
Партызаны яго называлі баявы камандзір. Фёдар Юданаў камандаваў атрадам імя Варашылава да мая 1944 года. За баявыя заслугі ён узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Чырвонага Сцяга.
Пасля вызвалення Барысаўскага раёна Фёдару Юданаву даручылі ўзнімаць край пасля разрухі ён стаў старшынёй Барысаўскага райвыканкама. У лютым 1953 года ўзначаліў у сваім жа раёне адстаючы калгас «Маяк камунізму» і зрабіў з яго перадавую гаспадарку. Акрамя баявых узнагарод ужо за працоўныя заслугі Юданаў атрымаў ордэны Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яму таксама прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Фота з архіва музея
Атрад Варашылава ў брыгадзе імя Шчорса лічыўся перадавым па разгроме варожых гарнізонаў. Байцы атрада пусцілі пад адхон звыш 40 нямецкіх эшалонаў, 25 паравозаў, знішчылі больш за 30 варожых адзінак тэхнікі, 11 гарнізонаў праціўніка... Не шкадуючы ні сіл, ні ўласных жыццяў, яны ўпэўнена ішлі да Вялікай Перамогі, адчайна змагаючыся за Радзіму, свабоду родных і незнаёмых мірных людзей…
Рукапісны часопіс №1 «Ворошиловец» партызанскага атрада імя Варашылава брыгады імя Шчорса, красавік 1944 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right