8
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
«25-ю гадавіну Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі народы нашай краіны сустракаюць у разгары жорсткай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх супольнікаў у Еўропе...»

Фрагмент з часопіса «Народный мститель» №15 208-га партызанскага атрада імя Таварыша Сталіна, лістапад 1942 года

7 ЛІСТАПАДА
Адбіўшы атаку немцаў на Маскву, зімой Чырвоная Армія перайшла ў наступленне. Летам фашысцкія войскі спынены пад Сталінградам. Вайна правярала на трываласць савецкі лад. У такіх суровых умовах у 1942-м Краіна Саветаў адзначала чвэрць стагоддзя яго ўстанаўлення. Чырвоны дзень календара стаў галоўнай тэмай для рукапісных партызанскіх часопісаў і яшчэ адной падставай аб'яднацца для процістаяння ворагу.
«Слаўныя партызаны, партызанкі і разведчыкі!
Віншуем вас з 25-й гадавінай Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.
Жадаем новых перамог над фашызмам.
Біце ворага яшчэ мацней…»

Зварот Ваеннага савета Заходняга фронту ў часопісе «Народный мститель» №15 208-га партызанскага атрада імя Таварыша Сталіна, лістапад 1942 года
Лістападаўскі «Народный мститель» выйшаў са святочным перадавым артыкулам – «25 гадоў Кастрычніка». Рукапісны часопіс 208-га партызанскага атрада Магілёўшчыны быў з пажаданнямі перамогі над фашызмам і заклікамі біць ворага яшчэ мацней. Чытаючы гэтыя матэрыялы, кожны павінен быў пранікнуцца пачуццём, што вядзе свяшчэнную вайну за Радзіму і свабоду.
«Адной з вырашальных умоў нашай перамогі над ворагам з'яўляецца ўсенародны партызанскі рух у тыле праціўніка. Да нашых братоў і сясцёр, якія часова трапілі пад нямецка-фашысцкае ярмо, савецкіх людзей розных нацыянальнасцей, якія жывуць у часова захопленых немцамі раёнах, слаўных народных мсціўцаў, партызан і партызанак нясецца наш заклік: «Бязлітасна знішчаць фашысцкіх захопнікаў, разбураць тылы ворага, з кожным днём узмацняць удары па ворагу».

Фрагмент з артыкула «Адстаяць заваёвы Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі» часопіса «Народный мститель» №15 208-га партызанскага атрада імя Таварыша Сталіна, лістапад 1942 года
Партызаны едуць на заданне. 1943 год. Фота з архіва музея
«Ёсць людзі, пра якіх гавораць прыкладна так: «гэты можа», «энергіі ў яго хопіць на пяцярых», «ад яго можна ўсяго чакаць». У святочныя дні міжвольна хочацца расказаць пра людзей такога характару», – гісторыі пра вопытных камандзіраў у часопісе пераплятаюцца з гісторыямі пра простых байцоў, часта – юнакоў, якія рана пасталелі, як, напрыклад, Міхаіл Буйніцкі. Зусім яшчэ хлопчык, ён разагнаў групу паліцэйскіх. У хуткім часе Міша звязаўся з партызанскім атрадам, які прыняў яго ў свае рады.
«Немцы часова акупіравалі Радзіму Мішы. Яму ніхто не тлумачыў, як трэба паводзіць сябе ў гэту вайну. Але ён ведаў, што трэба рабіць, і рабіў. Збіраў у лесе кулямёты, вінтоўкі, аўтаматы, боепрыпасы. Чысціў іх і хаваў.
Аднойчы ў напрамку да вёскі Клява рухалася група паліцэйскіх. Юны патрыёт сваёй Радзімы падпільнаваў іх. Ён устанавіў мінамёт і кулямёт. Падпусціўшы на блізкую адлегласць, ён адкрывае агонь з кулямёта. Паліцэйскія ўцякалі, наўздагон ім ён пускаў адну за адной міны са свайго мінамёта…»

Фрагмент з артыкула «Гонар атрада» часопіса «Народный мститель» №15 208-га партызанскага атрада імя Таварыша Сталіна, лістапад 1942 года
Байцы Шчарбакоў і Самсонаў арганізуюць партызанскі атрад. Палітруку Шчарбакову падабалася адважнае жыццё народных мсціўцаў.
«Атрад не меў нейкага пэўнага лагера, а жыў, раз'язджаючы па вёсках. Заначуе ў вёсцы, а праз дзень далей, і так увесь час на маршы.
Разгром паліцыі, зрыў мерапрыемстваў нямецкіх улад, удары па ворагу – усё гэта стала зместам жыцця атрада…»

Фрагмент з артыкула «Гонар атрада» часопіса «Народный мститель» №15 208-га партызанскага атрада імя Таварыша Сталіна, лістапад 1942 года
Баявы лёс партызан 208-га атрада склаўся па-рознаму. Частка з іх была спецыяльна пакінута ў тыле для дыверсійнай работы, частка апынулася ў акружэнні, але прадаўжала барацьбу ўжо ў радах 15-га партызанскага палка, сфарміраванага ў 1943 годзе.
А.С.Дзямідаў
П.А.Віліткевіч
І.П.Ніжнік
Фота з архіва музея
«У мэтах расшырэння полымя партызанскай барацьбы ў лютым 1943 года з 208-га партызанскага палка была вылучана ініцыятыўная група на чале з Дзямідавым, Ніжнікам і Віліткевічам з мэтай пасылкі яе з Клічаўскага раёна ў раёны левага берага ракі Дняпра – Прапойскі, Журавіцкі, Чавускі і інш. раёны. Неабходна было парушыць спакойнае жыццё варожых гарнізонаў у гэтых раёнах, паралізаваць транспартныя артэрыі, падняць народ на барацьбу з захопнікамі».

Фрагмент з дакументальнай аповесці А.С.Дзямідава «У атаку паднімаўся першым»
Кнігі гонару партызан-камсамольцаў 15-га партызанскага палка, якія вызначыліся ў баях супраць нямецкіх захопнікаў
Імёны адважных камандзіраў упісаны ў Кнігі гонару партызан, якія вяліся ў многіх атрадах. Маленькія, але важныя брашуры захоўваліся, як вялікі скарб. У іх змяшчалася кароткая інфармацыя пра самых лепшых байцоў падраздзялення.
Кніга гонару партызан-камсамольцаў 15-га партызанскага палка, якія вызначыліся ў баях супраць нямецкіх захопнікаў
За галаву маладога афіцэра Аляксандра Дзямідава была аб'яўлена ўзнагарода 40 тысяч залатых марак. Будучы камандзірам 4-й роты 208-га партызанскага атрада ён граміў паліцэйскія гарнізоны. За баявыя дзеянні Аляксандр Сяргеевіч узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны.
М.В.Ханінаў. Фота з архіва музея
У памеры 10 тысяч акупацыйных марак ацанілі нямецкія ўлады жыццё Міхаіла Ханінава. Адважны хлопец уваходзіў у ініцыятыўную групу Дзямідава і быў залічаны ў камандзіры. Міша Чорны – яго баявое імя. Да вайны Міхаіл іграў на сцэне Калмыцкага дзяржаўнага драматычнага тэатра, працаваў дыктарам Калмыцкага радыёвяшчання. Аднаму са сваіх лепшых байцоў Аляксандр Дзямідаў прысвяціў кнігу-ўспамін.
Прайшлі гады... Легендарны камандзір Міхаіл Ханінаў вярнуўся да мірнага жыцця, на радзіму, стаў вядомым калмыцкім пісьменнікам і паэтам. Шмат сваіх вершаў і апавяданняў ён прысвяціў баявой маладосці, сябрам па зброі, з якімі тры доўгія гады змагаўся на беларускай зямлі супраць фашыстаў.
А мой товарищ партизанских лет,
перекрывая гул, басил задорно:
– Тут говорили, звания, мол, нет;
вон сколько званий:
Человек, Поэт
и наше боевое – Миша Черный!

Фрагмент верша М.В.Ханінава «Званне»
«Белорусы – это стойкость богатырей,
это – слезы и возмездие матерей.
Это – гордость и это – твердость святой борьбы,
это – юность партизанской моей судьбы,
это – штаб в грозовые годы у той ольхи,
где читал я по-калмыцки свои стихи…»

Фрагмент верша М.В.Ханінава «Беларусы»
Пра сваю шматлікую партызанскую сям'ю Міхаіл Ванькаевіч Ханінаў заўсёды ўспамінаў з асаблівай цеплынёй, называў Беларусь другой радзімай.
Часопіс «Народный мститель» №15 208-га партызанскага атрада імя Таварыша Сталіна, лістапад 1942 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right