34
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
САТЫРА І ГУМАР МІКАЛАЯ ГУРЛО
У чэрвені 1941 года армія вермахта імкліва наступала на Савецкі Саюз. Літаральна за некалькі дзён пасля пачатку вайны бамбардзіроўшчыкі люфтвафе ператварылі Мінск у руіны. Горад, захоплены немцамі, паглынала полымя…

«Блукаючы па папялішчах, Гурло пакляўся ніколі не дараваць і помсціць фашыстам. Як адзін са многіх савецкіх патрыётаў з першых жа дзён вайны ён пачаў весці барацьбу з фашызмам». Так у часопісе №1 «Партизанская борьба» атрада імя М.І.Калініна брыгады імя газеты «Правда»», датаваным кастрычнікам 1943 года, пачынаецца баявая біяграфія беларускага мастака і ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Гурло.
Даведачна: Мікалай Васільевіч Гурло нарадзіўся 15 мая 1914 года ў горадзе Каменскае (Днепрапятроўская вобласць). Мастак-графік. Член Беларускага саюза мастакоў. Працаваў у галіне плаката і кніжнай ілюстрацыі. Супрацоўнічаў з беларускімі часопісамі і газетамі. Удзельнік партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Памёр 4 верасня 1980 года.

З пачатку вайны і па 1943 год Мікалай Гурло вёў актыўную антыфашысцкую барацьбу ў складзе мінскай падпольнай групы «Таццяна», затым – у радах партызан. Перыяд яго работы ў падполлі да прыходу ў атрад падрабязна выкладзены ў артыкуле «Адпомсціць фашыстам» пад рубрыкай «Нашы героі».
«Ён дастае радыёапарат і, атрымліваючы зводкі з фронту, распаўсюджвае іх сярод насельніцтва Мінска. Жывучы каля лагераў ваеннапалонных, звязваецца праз надзейных людзей з былымі байцамі, камандзірамі, палітработнікамі Чырвонай Арміі і многім з іх арганізуе ўцёкі з фашысцкага палону. Шмат працуе ў забеспячэнні дакументамі савецкіх патрыётаў»


Фрагмент часопіса №1 «Партизанская борьба» атрада імя М.І.Калініна брыгады імя газеты "Правда", кастрычнік 1943 года
Партрэт Мікалая Гурло, намаляваны яго дачкой Нінай, 1994 год
Мікалай Гурло трымаў сувязь з партызанскай групай, якая дзейнічала ў раёне Лагойска (Мінская вобласць). Праз свайго бацьку і сувязнога са зводкамі Саўінфармбюро перадаваў партызанам зброю. У адной з такіх паездак бацька Гурло загінуў ад рукі здрадніка, а вясной 1943 года разам з братам арыштавалі самога Мікалая.

Па дарозе на катаргу ў Германію ён дапамог уцячы двум дзясяткам чалавек, вырвацца з рук фашыстаў удалося і яму самому. У пачатку чэрвеня 1943 года Мікалай Гурло трапіў у партызанскі атрад, дзе як баец і мастак прадоўжыў барацьбу супраць акупантаў.
Падрыхтоўка нумара часопіса "Мститель", 1944 год. Справа - Мікалай Гурло. Фота з архіва музея
Больш за сто замалёвак і галерэя партрэтаў баявых таварышаў – работы Гурло складаюць унікальны мастацкі летапіс жыцця і барацьбы партызан. Важкая частка ваеннай творчасці мастака – сатырычная графіка.
Самабытны беларускі мастак Мікалай Гурло зарэкамендаваў сябе майстрам палітычнай і бытавой сатыры на старонках рукапісных часопісаў №1 «Вперёд» і №2 «Мститель» брыгады імя газеты «Правда».
Карыкатуры і коміксы Мікалая Гурло напоўнены і гумарам, і яркай фантазіяй, і горыччу, і надзеяй. Сплаў літаратуры і выяўленчых сродкаў мовы ўзмацняе выкрывальна-сатырычны напрамак яго замалёвак.
Фота з архіва музея
Мастацка-вобразнае адлюстраванне гісторыі партызанскай вайны прысутнічае ў кожным рукапісным часопісе. Рэпартажная графіка – гэта яшчэ і старонкі лёсаў беларускіх мастакоў, у чыё жыццё ўвайшла вайна.
Партызанскія рукапісныя кнігі змяшчаюць больш за тры тысячы ілюстрацый. Яны выкананы самадзейнымі мастакамі і прафесіяналамі, сярод іх Генрых Бржазоўскі, Сяргей Раманаў, Уладзімір Сухаверхі і Мікалай Гурло.
У рэдакцыі часопіса "Вожык". За сталом другі злева - Мікалай Гурло, 1958 год. Фота з архіва музея
Пасля вайны Мікалай Гурло прадоўжыў творчую дзейнасць. На працягу 35 гадоў ён быў адным з вядучых ілюстратараў часопіса сатыры і гумару «Вожык», на старонках якога праявіў сябе майстрам палітычнай і бытавой сатыры.
Літаратурна-мастацкі часопіс №1 «Вперед», красавік 1944 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right