35
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу с надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
РУЖЖО-МІНАМЁТ НАЙМАНА
«Колькі радасці было, калі першы самалёт прынёс нам тое, што мы з цяжкасцю здабывалі – дэталі, і чаго не маглі зрабіць. Тут і тол, і ўзрывальнікі, і міны, тут СВТ, ПТР, аўтаматы. Якое аблягчэнне боезабеспячэнню! Якое ўзбраенне партызан!»

Фрагмент артыкула «Як мы ўзбройваліся» рукапіснага партызанскага часопіса «Народный мститель» №3 атрада «Слава» брыгады «Полымя» Мінскай вобласці, 1944 год

В.К.Баброў, начальнік боезабеспячэння атрада «Слава» брыгады «Полымя» Мінскай вобласці. Малюнак Е.К.Дзятлава
Так з натхненнем начальнік боезабеспячэння Баброў апісвае радасць партызан, якія сустракалі першыя самалёты з боепрыпасамі. У снежні 1942-га ён быў залічаны зброевым майстрам у боезабеспячэнне атрада «Слава» брыгады «Полымя» Мінскай вобласці.
Я адзін у прымітыўнай майстэрні без належных інструментаў і адпаведнай кваліфікацыі павінен быў выконваць гэту справу. Ну, чаго не пераадолее рускі чалавек, адчуваючы свой абавязак перад Радзімай.
Спачатку зброю шукалі спецгрупы ў вёсках і лясах. З часам новыя ўзоры ўзбраення Чырвонай Арміі сталі перакідваць партызанам з Вялікай зямлі. Сярод адпраўленых вясной 1944 года адзінак – ручны мінамёт Наймана.
Спецгрупа перад вылетам. Фота з архіва музея
У 1943-м загадам начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху П.К.Панамарэнкі пры аператыўным аддзеле створана аддзяленне дыверсійнай тактыкі і тэхнікі. Яго спецыялісты вывучалі вопыт баявога прымянення зброі, а таксама ўдзельнічалі ў распрацоўцы і выкананні асноўных аперацый штаба, дзе выкарыстоўваліся мінна-падрыўныя сродкі, – «Пустыня», «Рэйкавая вайна», «Тэхніка».
Варожы эшалон, пушчаны пад адхон партызанамі. Баранавіцкая вобласць м. Дварэц.
Фота з архіва музея
Менавіта ў рамках аперацыі «Тэхніка» распрацоўваліся новыя віды зброі для дыверсійнай барацьбы, якія павінны былі забяспечыць максімальны эфект пры знішчэнні варожых саставаў і скараціць людскія страты. Таму работа ішла ў двух напрамках: ствараліся боепрыпасы для стральбы на адлегласці і сродкі іх кідання. Спецыялісты Бюро вынаходстваў Народнага камісарыята абароны вызначылі тактыка-тэхнічныя патрабаванні для ручнога мінамёта, а іх распрацоўка была даручана супрацоўнікам НДІ-6.
Даведка:І.М.Найман нарадзіўся ў 1907 годзе ў г.Баранавічы. Кандыдат хімічных навук. У 1946 годзе стаў лаўрэатам Сталінскай прэміі II ступені за распрацоўку і ўкараненне ў прамысловасць новага віду сыравіны (драўнянай цэлюлозы) для вытворчасці пораху, што забяспечыла значнае павелічэнне выпуску боепрыпасаў і дало вялікі эканамічны эфект. На аснове драўнянай цэлюлозы (цэлюлозы Наймана) у гады вайны было выраблена каля мільёна тон пораху.
Ісаак Маркавіч Найман. Фота з архіва музея
Кіраваў распрацоўкай зброі Ісаак Найман. Ужо да кастрычніка 1943-га інжынеры тэхбюро інстытута сканструявалі 50 экзэмпляраў ручнога мінамёта, які атрымаў афіцыйную назву «Ручны мінамёт Наймана» (РМН-50), або як яго часам называлі «Ружжо-мінамёт Наймана».
У гэтым жа бюро для мінамёта была распрацавана запальная міна (ЗМ-50). Аўтарамі распрацоўкі сталі канструктары Кузьмін і Цярлецкі. Выраблялі міну на заводзе №562 Народнага камісарыята боепрыпасаў СССР у Маскве, створаным у 1941 годзе на базе доследных майстэрняў інстытута.
Вясной 1944 года інжынеры Беларускага штаба партызанскага руху распрацавалі аператыўны план выкарыстання новай тэхнікі: выпрабаваць зброю адначасова прадпісвалася войскам і партызанскім фарміраванням. У тыл закідваліся зручныя і простыя сродкі з мінімальнай вагой і аб'ёмам. Навізна зброі стварыла эфект раптоўнасці для праціўніка.
Занятак па мінна-падрыўной справе ў партызанскай брыгадзе імя І.В.Сталіна. Брэсцкае злучэнне. Фота з архіва музея
Для партызанскіх злучэнняў на аэрадром Зябраўка Гомельскай вобласці пераправілі 24 мінамёты Наймана і 1650 мін. Падрыхтоўкай і адпраўкай тэхнікі займаўся інжынерна-тэхнічны аддзел БШПР.
Распакоўка пасылак, адпраўленых з Вялікай зямлі. Брэсцкае злучэнне. Фота з архіва музея
«Спецтэхніка, а менавіта ружжы-мінамёты Наймана далі выдатныя вынікі. З 18.06 па 22.06 з ружжамі-мінамётамі разам з партызанскай брыгадай «Полымя» палкоўніка Філіпскіх знаходзіўся на аперацыі. Вынік: спалена – дзот, эшалон з танкамі і боепрыпасамі... Вывад: мінамёт можна пускаць у серыйную вытворчасць... Найману – партызанскі дзякуй за ружжы... Вывады: ружжо-мінамёт Наймана ўяўляе сабой зброю блізкага бою. З-за сваёй лёгкасці, прастаты абыходжання і эфекту пры стральбе ў час выпрабавання атрымалі высокую ацэнку партызан п/бр «Полымя». Іх добра прымяняць па цэлях, якія перамяшчаюцца, эшалонах, складах з гаручым і боепрыпасамі, бо цэлі здольныя хутка загарацца».

Фрагмент даклада інструктара БШПР старшага лейтэнанта Ю.В.Швама па выніках выпрабаванняў ва ўмовах рэальных дзеянняў, май-чэрвень 1944 года

Партызаны пусцілі пад адхон варожы эшалон. Баранавіцкая вобласць м. Дварэц.
Фота з архіва музея
Нягледзячы на станоўчыя водзывы інструктараў і кіраўнікоў аддзела ручны мінамёт Наймана і запальныя міны да яго былі зняты з масавай вытворчасці і прымянення. У той жа час іх распрацоўка знайшла сваё прымяненне ў баявой практыцы і аказала пэўны ўплыў на далейшае развіццё лёгкіх пяхотных сродкаў узбраення.
Экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Зала «Дарога вайны»
Рукапісны партызанскі часопіс «Народный мститель» №3 атрада «Слава» брыгады «Полымя» Мінскай вобласці, 1944 год
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right