33
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
ПЕРШАМАЙ У ТЫЛЕ ВОРАГА
«1 Мая 1944 года мы сустракаем ва ўмовах, калі па шырокім фронце разгарнулася масавае выгнанне нямецкіх разбойнікаў з тэрыторыі нашай Радзімы».

Фрагмент артыкула з баявога лістка 2-й роты атрада «Барацьба» брыгады «Народныя мсціўцы» імя В.Т.Варанянскага Мінскай вобласці, 1 мая 1944 года

«Народы нашай краіны, Чырвоная Армія, партызаны і партызанкі міжнароднае свята 1 Мая святкуюць пад лозунгам разгрому і поўнага выгнання з савецкай зямлі нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

Фрагмент рукапіснага часопіса «Вперед за Родину» №6, органа партыйна-камсамольскай арганізацыі штабной роты 208-га палка імя І.В.Сталіна, 1 мая 1944 года
І ў ваенныя саракавыя Першамай крочыў па краіне. Свята шырока адзначалі як партызаны, так і мірнае насельніцтва. У сёлах і лясных лагерах праходзілі сходы і мітынгі, на якіх зачытваліся заклікі ЦК ВКП(б), загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Іосіфа Сталіна, Зварот ЦК КП(б)Б і ўрада да насельніцтва.
Фота з архіва музея
На ўрачыстасцях, прымеркаваных да 1 Мая, сяляне абавязаліся дапамагаць партызанам у барацьбе супраць акупантаў, у тэрміны завяршыць сяўбу, дастойна сустрэць Чырвоную Армію - вызваліцельніцу. Свята адзначалі і ў акупіраваных захопнікамі населеных пунктах. У райцэнтры Узда, напрыклад, патрыёты вывесілі на будынках 12 чырвоных сцягоў.
Фота з архіва музея
Да сустрэчы Першамая ў партызанскіх фарміраваннях і сёлах аб'яўлялі сацыялістычныя спаборніцтвы. У выніку аднаго з іх у Беластоцкай вобласці да фронту не дайшлі 47 эшалонаў праціўніка. Сацспаборніцтвы былі адной з тэм святочных выпускаў партызанскіх лістовак, газет і рукапісных часопісаў.
«Задачы, якія стаяць перад намі, партызанамі, у гэтай вялікай вызваленчай вайне, у падрыхтоўцы да святкавання 1 Мая вялікія... шырэй разгарнуць перадмайскае сацспаборніцтва, для чаго правесці заключэнне сацдагавораў паміж узводамі, аддзяленнямі і асобнымі байцамі. Узняць баявую і палітычную падрыхтоўку падраздзялення ў цэлым».

Фрагмент артыкула «Уключымся ў перадмайскае сацыялістычнае спаборніцтва» рукапіснага часопіса «Вперед за Родину» №5, органа партыйна-камсамольскай арганізацыі штабной роты 208-га палка імя І.В.Сталіна
Нягледзячы на адсутнасць умоў для выпуску баявых лісткоў, насценгазет і часопісаў, члены партызанскай рэдкалегіі імкнуліся маляўніча іх аформіць.
Выданні прыцягвалі не толькі ўнутраным зместам, але і знешнім выглядам. Над іх мастацкім афармленнем працавалі самадзейныя і прафесійныя мастакі.

Былы сакратар Вілейскага падпольнага абкама ЛКСМБ па прапагандзе і агітацыі Віктар Шымановіч успамінае, што найбольш эфектыўна з мясцовым насельніцтвам і партызанамі працавалі агітбрыгады. У пачатку 1944-га быў арганізаваны Вілейскі абласны агітатрад імя А.М.Горкага. За паўгода ён выступіў перад насельніцтвам 35 разоў.
Беларускія партызаны ў вольны час, 1944 год. Фота з архіва музея
Часцей за ўсё канцэрты былі прымеркаваны да свят. Прыехаўшы ў сяло, удзельнікі агітбрыгады здымалі з завесаў дзверы вялікай пуні і хутка будавалі імправізаваны памост для выступлення, часта для гэтага выкарыстоўвалася павозка, на якой прыехалі артысты.
Серыя карыкатур В.І.Шымановіча. З музейных фондаў
Віктар Шымановіч, напрыклад, для выступленняў маляваў на паперы або фанеры карыкатуры на гітлераўцаў і іх памагатых. Такія выявы былі вельмі папулярнымі. Віктар Іосіфавіч успамінае, што ў падборы тэм актыўна ўдзельнічалі 1-ы сакратар Вілейскага падпольнага абкама ЛКСМБ Пётр Машэраў і сакратар Вілейскага падпольнага абкама КП(б)Б Аляксандр Манахаў.
Агітбрыгада Вілейскай вобласці выпусціла больш за паўсотню карыкатур (ад 10 да 50 экзэмпляраў кожнай). Дэманстраваліся яны пад прыпеўкі і сатырычныя куплеты, якія ўслаўлялі доблесць савецкіх воінаў і востра высмейвалі фашысцкіх ваяк. Такія выступленні былі магутным баявым сродкам палітычнай прапаганды і агітацыі.
Рукапісны часопіс №6 «Вперед за Родину», 1 мая 1944 года
Рукапісны часопіс №5 «Вперед за Родину», 1944 год
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right