30
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
ЧАЛАВЕК-ЭПОХА.
ГЕРОЙ САВЕЦКАГА САЮЗА
ВІКТАР ЛІВЕНЦАЎ
22 чэрвеня 1941 года мінамётная рота 37-га стралковага палка 56-й стралковай дывізіі прыняла свой першы бой недалёка ад граніцы на захад ад Гродна. Тры дні мінамётчыкі абаранялі безыменную вышыню. Байцы не ведалі, што апынуліся ў акружэнні. Камандзірам батальёна было прынята рашэнне адыходзіць на ўсход. Палітрук Віктар Лівенцаў у складзе акружанай групы змагаўся пад Навагрудкам і Стоўбцамі.
Для даведкі: Віктар Ільіч Лівенцаў з 1936 па 1938 год вучыўся ў Варонежскім педінстытуце, пасля чаго быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у 20-м кавалерыйскім палку 4-й кавалерыйскай дывізіі (г. Слуцк). У 1939 годзе вызваляў Заходнюю Беларусь, удзельнічаў у Савецка-фінляндскай вайне 1939–1940 гадоў, скончыў у Гродне курсы палітсаставу, затым аднагадовае ваенна-палітычнае вучылішча. У снежні 1940-га накіраваны ў 37-ы стралковы полк 56-й стралковай дывізіі палітруком мінамётнай роты.

Віктар Лівенцаў. Герой Савецкага Саюза, камандзір 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады Магілёўскай вобласці. Фота з архіва музея
«Мы, афіцэры, адчайна імкнуліся дагнаць армію. Калі зразумелі, што яна далёка, сталі думаць, як выжыць і пачаць барацьбу ў тыле ворага. Населеныя пункты былі заняты немцамі, але яшчэ не абжытыя, там не было адміністрацыі, паліцэйскіх упраўленняў. Увогуле, заставаўся шанц. Так у канцы ліпеня 1941 года я апынуўся ў Бабруйску…»
З успамінаў Віктара Лівенцава
У Бабруйску Лівенцаў з двума іншымі акружэнцамі пачаў стварэнне падпольнай групы. Спачатку яна дзейнічала сумесна з атрадам Губіна ў Палескай вобласці, але ўжо вясной 1942-га была пераўтворана ў 752-і атрад, увайшла ў склад Клічаўскага аператыўнага цэнтра. У пачатку 1943-га на базе атрада створана 1-я Бабруйская партызанская брыгада, якая дзейнічала ў Бабруйскім, Асіповіцкім раёнах Магілёўскай і Парыцкім раёне Палескай абласцей.

Камандзірскі склад 752-га атрада 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады Магілёўскай вобласці (злева направа): камісар Д.А.Ляпёшкін, камандзір В.І.Лівенцаў, начальнік штаба С.З.Крамнёў, 1943 год.
Фота з архіва музея
Партызанская зямлянка, малюнак Віктара Лівенцава, 1943 год
«Суровая і бязлітасная барацьба з каварным і ўзброеным да зубоў ворагам вырасціла ў радах партызан нямала смелых, ініцыятыўных і вопытных камандзіраў. Мы ганарымся імёнамі партызанскіх камандзіраў Яўлампія Бяспоясава, Мікалая Каралёва, Ігната Ізоха, Сяргея Жуніна, Віктара Лівенцава...»


Фрагмент лістоўкі «Баявы рапарт партызан і партызанак Магілёўскай вобласці». Орган Магілёўскага падпольнага АК КП(б)Б, 28 чэрвеня 1944 года

У ліпені 1942-га паблізу вёскі Дулеба партызаны выпадкова знайшлі закрытае друкарскае абсталяванне. У 752-га атрада з'явілася магчымасць выпускаць газету. Першы нумар «Бобруйского партизана» выйшаў 7 лістапада 1942 года, друкаваліся таксама лістоўкі. Рэдактарам стаў Сяргей Крамнёў, начальнік штаба атрада, затым 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады. Усяго было выпушчана 55 лістовак тыражом 25000 экзэмпляраў і 35 нумароў газеты.
Аформіць загаловак першага нумара выдання ўзяўся Віктар Лівенцаў. Словы «Бобруйский партизан» выразаў на бруску, якім точаць брытвы. Гэта «клішэ» прымацавалі да дошчачкі і завярсталі ў паласу. Калі пачалі друкаваць – загаловак патрэскаўся. Давялося замяніць яго драўлянымі кубікамі, на тарцах якіх выразалі патрэбныя літары. На бруску свінцу Лівенцаў выразаў эмблему партызанскага медаля. Амаль для кожнага нумара газеты ён рабіў якое-небудзь клішэ, выразаў розныя карыкатуры.
Газета «Бобруйский партизан» №23, орган Бабруйскага РК КП(б)Б, 17 кастрычніка 1943 года. Клішэ і карыкатура выкананы Віктарам Лівенцавым
20 лістапада 1943 года 1-я Бабруйская брыгада злучылася з часцямі Чырвонай Арміі ў Парыцкім райне. Яе колькасны склад на дзень расфарміравання – 1127 партызан. Пад кіраўніцтвам Лівенцава пушчана пад адхон 26 эшалонаў праціўніка, знішчана 17 паравозаў, 278 вагонаў, 154 аўтамашыны, разгромлена 3 гарнізоны праціўніка. Гісторыя брыгады і выдатнага камбрыга захавалася ў рукапісных часопісах падраздзялення.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 студзеня 1944 года за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні заданняў у тыле праціўніка, і за асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху Лівенцаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». Як успамінаў сам Віктар Ільіч, «героя» ён атрымаў за рэйкавую вайну.
«Бясстрашны камандзір, валявы арганізатар. Мае заслужаны аўтарытэт сярод партызан свайго і іншых атрадаў… Лівенцаў двойчы па-майстэрску арганізоўваў прарыў варожага кальца пры выхадзе з акружэння партызанскіх атрадаў у Клічаўскім і Асіповіцкім раёнах».

Фрагмент запісу з награднога ліста Віктара Лівенцава на прысваенне звання Героя Савецкага Саюза

Баявыя дарогі Героя Савецкага Саюза Віктара Лівенцава скончыліся ў вызваленым Мінску. Да 1950 года ён працаваў загадчыкам аддзела, сакратаром ЦК ЛКСМБ. Скончыў Рэспубліканскую партшколу, Мінскі педінстытут. Але самую значную частку свайго жыццёвага шляху – 20 гадоў – Віктар Ільіч аддаў сферы фізічнай культуры і спорту. У 1958 годзе Лівенцаў узначаліў Камітэт па фізічнай культуры і спорце пры Савеце Міністраў БССР.
Партрэт Віктара Лівенцава. Аўтар Н.В.Лівенцава, 2009 год
Гады работы Віктара Ільіча на чале беларускага спорту называюць эпохай Лівенцава. У гэты час беларускія спартсмены ў складзе зборных каманд СССР неаднаразова падымаліся на вышэйшыя прыступкі п'едэсталаў на чэмпіянатах свету і Еўропы. Запаліліся яркія зоркі беларускага спорту – алімпійскія чэмпіёны Аляксандр Мядзведзь, Рамуальд Клім, Сяргей Макаранка, Леанід Гейштар, Алег Караваеў, Алена Бялова, Віктар Сідзяк і Вольга Корбут. Імем Віктара Лівенцава названа адна з вуліц Бабруйска.
Рукапісны часопіс №9 "Советский патриот", май 1943 года
Рукапісны часопіс №12 "Советский патриот", лістапад 1943 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right