29
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
ТВОРЧАСЦЬ НАРОДНЫХ МСЦІЎЦАЎ
З песняй ішлі на заданне, адпачывалі і паміралі... Творчасць адыгрывала велізарную ролю ў жыцці партызан. Адрэзаныя ад фронту, яны былі вымушаны падтрымліваць сваю баяздольнасць самастойна. Гэта датычылася як зброі, так і маральнага духу. Для першага ствараліся самаробныя майстэрні, а баявы настрой узнімалі партызанскія паэты, пісьменнікі, артысты і мастакі.
Рукапісныя часопісы сталі ўнікальнай і каштоўнай крыніцай, якая сабрала творы «лясных» аўтараў. Прадстаўленая ў іх літаратурная творчасць разнастайная па форме і жанрах: вершы, паэмы, песні, прыпеўкі і проза. У іх знайшлі адлюстраванне сапраўдныя падзеі, факты, эпізоды баявой дзейнасці, жыцця і побыту партызан.
Фрагмент верша В.Смірнова «Сяброўка» з рукапіснага часопіса «Народный мститель» №2 брыгады імя В.Т.Варанянскага, 1944 год
Творы партызанскіх паэтаў у першую чаргу прысвячаліся героіцы барацьбы і памяці загінулых. Так, у красавіцкім нумары часопіса «Народный мститель» брыгады імя В.Т.Варанянскага апублікаваны верш В.Смірнова «Сяброўка». Аўтар расказвае пра хвіліны адпачынку партызан перад боем, а гэта традыцыйныя песні ля вогнішча.
Фота з архіва музея

У хвіліны адпачынку байцы выконвалі песні паэтаў-партызан. Напрыклад, у 1-й партызанскай брыгадзе імя А.В.Суворава на матыў «Тры танкісты» запявалі песню камісара Мікалая Усава «Пра падрыўніка Пецю».
..Фрагмент песні М.Усава «Пра падрыўніка Пецю» ў рукапісным часопісе 1-й партызанскай брыгады імя А.В.Суворава
Песні «Гасцінец нямецкаму ДЗОТу» і «Беларуская партызанская» ў рукапісным часопісе 1-й партызанскай брыгады імя А.В.Суворава
У 1944-м у сакавіцкім нумары «Народного мстителя» выйшла паэма паэта-песенніка Аляксандра Міхайлава «Першая страта». У творы паказаны эпізод з жыцця акупіраванай немцамі вёскі і подзвіг партызана, які загінуў, адбіваючы варожы абоз. Вобразы народных мсціўцаў, а таксама жыхароў вёскі, якія падзяліліся на тых, хто спачувае партызанам, і тых, хто прыстасаваўся да жыцця ў нямецкай акупацыі, можна лічыць зборнымі.
У красавіцкім нумары таго ж часопіса змешчаны верш «Боты», у якім Аляксандр Міхайлаў перадае радасную атмасферу чакання самалёта з грузам.


Фрагмент верша «Боты» А.Міхайлава з рукапіснага часопіса «Народный мститель» брыгады імя В.Т.Варанянскага, 1944 год
Аляксандр Міхайлаў скончыў Варонежскі тэатральны тэхнікум і да вайны працаваў на Маскоўскай дзяржаўнай эстрадзе. Ваенны лёс Міхайлава няпросты. Служыў у стралковым палку, трапіў у акружэнне і лагер для ваеннапалонных... Уцёк. У складзе партызанскага атрада імя Катоўскага брыгады «Народныя мсціўцы» ваяваў да 1944 года ў якасці камандзіра аддзялення. Узнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені.
Пісаць вершы Міхайлаў пачаў яшчэ ў 1920-я гады і быў вядомы як дзіцячы паэт. У 1939 годзе атрымаў другую прэмію на абласным літаратурным конкурсе ў Яраслаўлі. На пасадзе камісара кіраваў партызанскай самадзейнасцю, выпускаў баявыя лісткі, часопісы, кніжкі-малышкі.
Партызанскія прыпеўкі часта сустракаюцца ў рукапісных часопісах. Акрамя гумару, аўтары напаўнялі іх высокім ідэйна-палітычным зместам і суправаджалі малюнкамі і дружалюбнымі шаржамі.
Выкарыстоўваючы розныя спосабы выяўлення – паэзію, прозу, малюнкі, народныя мсціўцы імкнуліся выкрыць сутнасць фашызму і ўвекавечыць подзвіг герояў. Рукапісныя часопісы сталі неацэнным сховішчам народнай «лясной» творчасці.
Рукапісны часопіс 1-й партызанскай брыгады імя А.В.Суворава
Рукапісны часопіс №2 «Народный мститель», красавік 1944 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right