31
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
Прафесар Гутараў аб «Барацьбе і творчасці народных мсціўцаў»
«Упершыню мы ўбачылі яе на запасной базе партызанскага атрада імя Шчорса Выганіцкага раёна. Маці яе была жонкай лётчыка і хавалася ад нямецкіх акупантаў. Людачцы было 5-6 гадоў. Яна заўсёды сустракала нас песенькай пра камісара…

Прайшла фашысцкая арда, і на адной з прасек лесу сярод забітых жанчын і дзяцей я распазнаў сваю знаёмую пяюху. Яна ляжала, згорбіўшыся, бачком, злёгку раскінуўшы свае маленькія ручкі. Яе галоўка ля скроні была прабіта нямецкім аўтаматам…

Недалёка рваліся снарады нямецкай гарматы. Ім адказвалі нашы мінамёты. Мы накіроўваліся з аўтаматчыкамі ў тыл ворага. У вачах стаялі вобразы скатаваных германцамі дзяцей, а ў вушах гучаў знаёмы дзіцячы голас…»
Свае ўспаміны пра Вялікую Айчынную вайну Іван Васільевіч Гутараў выкладзе ў кнізе «Барацьба і творчасць народных мсціўцаў» ужо ў мірны час. Яна будзе апублікавана ў 1949 годзе, а пасля кандыдат філалагічных навук атрымае званне прафесара.
Многія гады Іван Гутараў вывучаў партызанскі фальклор: гэта тэма, разбаўленая асабістымі ўспамінамі, стала асновай выдадзенай ім кнігі. У «Барацьбу і творчасць народных мсціўцаў» увайшлі ў тым ліку і фрагменты рукапісных часопісаў партызанскіх фарміраванняў Мінскай вобласці. Аўтару іх далі самі байцы. У 2011 годзе сем унікальных партызанскіх кніг папоўнілі калекцыю фондаў музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, куды іх перадала дачка Гутарава пасля смерці бацькі.
Для даведкі: Іван Васільевіч Гутараў нарадзіўся ў 1906 годзе ў вёсцы Воўкаўка Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Літаратуразнавец і фалькларыст. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1953), доктар філалагічных навук (1949), прафесар (1949). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Аўтар больш як 150 навуковых работ. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. Памёр 8 лютага 1967 года.
Цікавасць Івана Гутарава да партызанскага фальклору была зусім не выпадковай. У дзеючую Чырвоную Армію ён уступіў добраахвотна 7 ліпеня 1941 года, быў камісарам 356-га палка, старшым інструктарам палітаддзела па рабоце сярод войскаў і насельніцтва праціўніка. Ваяваў супраць фашысцкіх захопнікаў у тыле ворага ў партызанскіх лясах Браншчыны. Менавіта адтуль ён пераняў для сваёй работы прыпеўкі і песні, вершы і паходныя маршы, якія іншым разам сачыняліся літаральна ў час баявых аперацый.

Партызанская творчасць перш за ўсё сведчыць аб тым, што, нягледзячы на ўсе жудасныя злачынствы і крывавыя расправы фашыстаў, народ ідэйна заставаўся непераможным і прадаўжаў там, у глыбокім тыле, ствараць патрыятычныя творы
напіша Іван Гутараў у сваёй кнізе.
«Не менш важная была функцыя партызанскага фальклору ў баявой абстаноўцы. З аднаго боку, гэта быў паднявольны крык душы, з іншага – гарачы заклік да барацьбы і помсты. Партызанская творчасць выконвала ролю папулярызатара праўды ў тыле ворага ў Савецкім Саюзе, праўды аб барацьбе і поспехах Чырвонай Арміі і ўсяго народа за вызваленне нашай зямлі. Партызанскі фальклор уздымаў баявы дух, натхняў на подзвігі ў імя Радзімы. Распаўсюджваўся ён праз партызанскія газеты, рукапісныя часопісы, лістоўкі, у час адпачынку пасля цяжкіх баёў у глыбокіх лясных базах».


Фрагмент з кнігі І.Гутарава «Барацьба і творчасць народных мсціўцаў»
Самымі распаўсюджанымі жанрамі партызанскай творчасці былі песні - лірычныя, сатырычныя, паходныя, героіка-эпічныя казанні, прыпеўкі, апісанні подзвігаў і карыкатуры на гітлераўцаў. Не абміналі байцы і здраднікаў: старастаў, нямецкіх вартавых і старшын.
З 1942 года партызанскі рух стаў масавай з'явай. Байцы ў тыле ворага адваёўвалі ў яго цэлыя партызанскія раёны. Утвараліся партызанскія зоны. Гэтыя тэрыторыі называлі «малой савецкай зямлёй». Аналізуючы партызанскую творчасць, Гутараў адзначыць, што з ростам партызанскага руху ўсё часцей з'яўляюцца матывы ўпэўненасці ў перамозе. Прычым не толькі ў творах саміх партызан, але і ў творчасці мірнага насельніцтва, з якім мелі стасункі байцы.
Фота з архіва музея
Выключную ролю ў папулярызацыі партызанскай творчасці таксама адыгрывалі створаныя ў некаторых фарміраваннях партызанскія ансамблі з таленавітых спевакоў, апавядальнікаў, танцораў і гарманістаў. А сам гармонік, нават у самыя цяжкія моманты, у многіх фарміраваннях быў абавязковым атрыбутам партызанскага жыцця:
Звычайна пасля ўдалай аперацыі мы праводзілі ў вёсцы палітыка-агітацыйную вечарыну з песнямі і ад'язджалі ў свае лясныя станы. Гармонік таму заўсёды быў з намі. Песні часам сачынялі самі на канкрэтныя тэмы. Быў, напрыклад, такі выпадак: з вёскі Саўрасаўка мы ліквідавалі нямецкага старшыну. Да лагера было 8-10 кіламетраў. Калі паехалі ад вёскі, нехта папрасіў сыграць «Барыню», і тут жа адзін з партызан праспяваў старыя дарэвалюцыйныя прыпеўкі ў зусім новай, партызанскай інтэрпрэтацыі…
З успамінаў Івана Гутарава
У сваёй кнізе «Барацьба і творчасць народных мсціўцаў» прафесар Гутараў напіша, што творы партызанскіх аўтараў цікавыя галоўным чынам як матэрыялы жывой гісторыі. Яны насычаны канкрэтнымі фактамі барацьбы, прасякнуты лютай нянавісцю да ворага, бязмежнай адданасцю Радзіме. І шмат у чым менавіта партызанскі фальклор дае шырокае ўяўленне аб гісторыі і формах усеагульнай народнай барацьбы супраць нямецкіх захопнікаў.
Рукапісны часопіс №2 "Партизан Отечественной войны", снежань 1943 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right