28
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
АТРАД «КАМСАМОЛ»
Ноччу 8 красавіка 1944 года партызаны атрада «Камсамол» 1-й Мінскай брыгады рыхтаваліся заняць зыходныя рубяжы. Штурмавая група з 28 чалавек у 3 гадзіны 30 хвілін фарсіравала раку Свіслач. Байцы прабраліся ў пасёлак і занялі пазіцыі для нападзення на праціўніка.

Гэту баявую аперацыю партызаны дэталёва планавалі некалькі дзён. Разведка далажыла: немцы на працягу двух тыдняў прыязджаюць у вёску Пудзецкая Слабада (Мінская вобласць), дзе рабуюць і забіваюць мірных жыхароў. У арсенале салдат вермахта дзве аўтаматычныя пушкі, вялікая колькасць кулямётаў, іншай зброі і да 70 байцоў...

Пазней камандаванне 1-й Мінскай брыгады адзначыць у загадзе гераізм партызан, праяўлены ў цяжкім баі ў вёсцы Пудзецкая Слабада. Тады байцы атрада «Камсамол» разграмілі варожы гарнізон і здабылі багатыя трафеі – легендарныя пушкі «Эрлікан».
Камандаванне партызанскага атрада «Камсамол» 1-й Мінскай брыгады за ўдакладненнем плана баявой аперацыі
У дзень баявой аперацыі на занятых пазіцыях група байцоў атрада «Камсамол» прачакала праціўніка да раніцы. Немцы нечакана змянілі маршрут і зусім іншай дарогай пайшлі ў бок могілак Пудзецкай Слабады. Як пазней высветлілася, з'явіўся здраднік – ён папярэдзіў, што ў вёсцы знаходзяцца партызаны. Раптоўнасць удару па ворагу зрывалася, але байцы працягвалі чакаць.

«Немцы ўстанавілі адну пушку ля хлява, што стаяў недалёка ад могілак. Па лесе пачаўся абстрэл. Партызаны не адказвалі на стрэлы. Праз кароткі час з'явілася другая пушка, якую везлі ў тым напрамку, дзе была размешчана штурмавая група партызан. Праз хвіліну была дадзена каманда: «У бой!».
Фрагмент з рукапіснага часопіса №8 «Комсомольская искра» партызанскага атрада «Камсамол» 1-й Мінскай брыгады, красавік 1944 года
Штурмавой групай адна з пушак была адбіта. Некалькі байцоў пад абстрэламі кацілі яе да берага, астатнія працягвалі бой. Жорсткая схватка з ворагам доўжылася чатыры гадзіны. Адрэзаным Свіслаччу ад ляснога масіву партызанам удалося адагнаць фашыстаў да Любіна, дзе знаходзіўся варожы гарнізон.
Малюнак мастака-партызана А.Волкава «Бой за пушкі», створаны па слядах падзей
У гэтым баі партызаны знішчылі 9 гітлераўцаў, паранілі 12 і страцілі аднаго са сваіх лепшых байцоў – Міхаіла Хонскага. «Ва ўсіх баявых аперацыях Міша заўсёды быў наперадзе, – напішуць у рукапісным часопісе баявыя таварышы. – Так і ў гэты дзень, калі група партызан выконвала баявое заданне, ён граміў немцаў і загінуў гераічнай смерцю».
Даведачна: Міхаіл Хонскі нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Пудзецкая Слабада, беларус, член ВЛКСМ. У атрад паступіў 17 ліпеня 1943 года. Прымаў непасрэдны ўдзел у 17 баявых аперацыях. За свае баявыя заслугі прадстаўлены да ўрадавай узнагароды. Забіты 8 красавіка 1944 года.
З рукапіснага часопіса №8 «Комсомольская искра»:

«У выніку жорсткага бою адзін унтэрафіцэр узяты ў палон. А таксама ўзяты трафеі: дзве спраўныя паўаўтаматычныя пушкі і да іх значная колькасць снарадаў, шэсць вінтовак, адзін кулямёт і іншая ваенная маёмасць».

Але самым каштоўным трафеем для партызан былі дзве 20-міліметровыя нямецкія пушкі «Эрлікан». На долю зенітных гармат гэтай мадыфікацыі прыпадае больш за ўсё збітых самалётаў.
Выкарыстоўваючы напрацоўкі сваіх папярэднікаў – нямецкага інжынера Рэйнхальда Бэкера і швейцарскай кампаніі Semag, канструктары швейцарскай фірмы «Эрлікан» у 1927 годзе прэзентавалі гатовыя ўзоры скарастрэльнай пушкі. Канструктарам новай мадыфікацыі стаў аўстрыйскі інжынер, былы ваенны лётчык, вынаходнік і рацыяналізатар Антуан Газда.

Канструкцыя зброі, распрацаваная Бэкерам, была даволі простай і на здзіўленне працаздольнай. «Эрлікан» меў устройства, якое было практычна нясхільным да забруджвання. Зброю немагчыма было вывесці са строю. Нават доўгая інтэнсіўная стральба не была прычынай затрымкі. Ствол, які выйшаў са строю, можна было лёгка замяніць у палявых умовах. Снарады падаваліся з каробчатага магазіна ёмістасцю 15 патронаў, які прымыкаў зверху.
Партызаны атрада «Камсамол» з поспехам прымянялі ў далейшым зенітныя пушкі ў баявых аперацыях. У 1960 годзе адна з пушак перададзена ў Ленінградскі артылерыйскі музей (цяпер – Ваенна-гістарычны музей артылерыі, інжынерных войскаў і войскаў сувязі ў Санкт-Пецярбургу). Другая пушка прадстаўлена ў экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Над магілай Міхаіла Хонскага, які загінуў у баі з ворагам, партызаны пакляліся адпомсціць за ўсю пралітую кроў беларускага народа, за смерць лепшага байца і таварыша. Адважнага партызана пахавалі 9 красавіка. У гэты ж дзень быў пахаваны і яго 76-гадовы бацька. Ён памёр ад ран, нанесеных яму фашыстамі напярэдадні ў роднай вёсцы Пудзецкая Слабада.
Загад па 1-й Мінскай партызанскай брыгадзе ад 9 красавіка 1944 года:

«8-га красавіка 1944 года атрад імя Камсамола правёў вельмі сур'ёзную баявую аперацыю. У гэтым баі камандзір атрада тав. Вараб'ёў, камісар тав. Марозаў, начальнік штаба тав. Ігнатовіч праявілі выключную мужнасць і гераізм.

Загадваю:

З запасу існуючай пры мне асабістай трафейнай зброі ўзнагародзіць камандзіра атрада тав. Вараб'ёва П.С. пісталетам сістэмы «Вальтэр»; камісара атрада тав. Марозава П.А. нямецкім пісталетам; начальніка штаба Ігнатовіча В.І. нямецкім пісталетам сістэмы «Вальтэр».

Камандаванню атрада праявіўшых сябе ў баі байцоў, камандзіраў і палітработнікаў прадставіць да ўрадавых узнагарод».

За подпісам камандзіра 1-й Мінскай партызанскай брыгады Е. Іванова



Рукапісны партызанскі часопіс №8 «Комсомольская искра», красавік 1944 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right