19
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
САМАРОБНАЯ ЗБРОЯ ПАРТЫЗАН
Фота з архіва музея
Дыверсіі, падпалы і ўзрывы – для барацьбы з нямецкімі захопнікамі партызанам быў патрэбны сур'ёзны арсенал зброі. Спачатку гэта былі трафеі. З 1942 года – новыя ўзоры ўзбраення Чырвонай Арміі, якія перакідвалі разам з дыверсійнымі групамі або на самалётах з Вялікай зямлі. Аднак у барацьбе з ворагам партызаны часта прымянялі самаробную зброю, вырабленую ў лясных майстэрнях народнымі ўмельцамі…
Зброевая майстэрня партызанскага атрада імя Р.І.Катоўскага брыгады С.М.Будзённага, Пінская вобласць, 1943 год. Фота з архіва музея
Зброевая майстэрня партызанскага атрада «Праўда» брыгады «Праўда», Мінская вобласць. Фота з архіва музея
Колькасць партызан расла, і кожную адзінку ўзбраення вельмі бераглі, абнаўлялі і рамантавалі. У атрадах пачалі з'яўляцца свае зброевыя кулібіны: мясцовыя рабочыя, сельскія механізатары, інжынеры. Ствараліся спецыяльныя майстэрні, дзе з падручных матэрыялаў і з дапамогай простых інструментаў збіралі якасную зброю.
Партызаны брыгады «Бальшавік» займаюцца выплаўкай толу, Гомельская вобласць, 1943 год. Фота з архіва музея
Да ідэі вытворчасці аўтаматычнай зброі ў лясных умовах незалежна адзін ад аднаго прыходзілі многія партызанскія ўмельцы. У 1942-м былы старшыня калгаса Іван Міхейчык разам з аднавяскоўцамі арганізаваў атрад «Разгром», які вырас у аднайменную брыгаду. У сваёй імправізаванай майстэрні Іван Ігнатавіч адраджаў пашкоджаныя вінтоўкі, карабіны і паўаўтаматы, здабытыя партызанамі.
«За час сваёй работы ў атрадзе Іван Ігнатавіч вырабіў: 65 лож да вінтовак, 14 да паўаўтаматаў, 10 да ручных кулямётаў, 27 да аўтаматаў, 110 скрынь для аўтадарожных мін, не лічачы іншых менш важных вырабаў...»

Фрагмент расказа з рукапіснага часопіса «Знамя» атрада «Сцяг» брыгады «Разгром»
Даведка: Да вайны Пётр Уладзіміравіч Чыгрынаў працаваў механікам на дражджавым заводзе ў Мінску. 27 чэрвеня 1941 года разам з сям'ёй пакінуў палаючую сталіцу. Спыніліся ў знаёмых у в.Чарнава на Міншчыне. З часам падабралася кола аднадумцаў сярод мясцовых жыхароў, выйшлі на сувязь з партызанамі, якія пачалі дзейнічаць у Чэрвеньскім раёне. У маі 1942 года ўся сям'я Пятра Чыгрынава стала партызанскай.
П.У.Чыгрынаў. Фота з архіва музея
«Камісар партызанскага атрада ў Грамадзянскую вайну, стары член партыі, ён не шкадаваў ні часу, ні сіл для работы з партызанамі... Шмат байцоў атрада ўзброена вінтоўкамі, што выйшлі з «майстэрні дзядзькі Пеці», як яго называлі партызаны».

Фрагмент расказа «Майстэрня дзядзькі Пеці» з рукапіснага часопіса «Знамя» атрада «Сцяг» брыгады «Разгром», 1943 год
З кастрычніка 1942-га ў склад брыгады «Разгром» увайшоў атрад «Сцяг». У рукапісным часопісе атрада лепшым майстрам па вырабе аўтаматаў тыпу ПКШ названы Пётр Чыгрынаў.
«Партызанскай Тулай» празвалі жартам байцы атрада «Разгром» зброевую майстэрню за размах у рабоце. У лесе на Чэрвеньшчыне працавала цэлая група народных умельцаў. Да ліпеня 1944-га збройнікі брыгады «Разгром» выпусцілі 133 ПКШ, у тым ліку ў атрадзе «Сцяг» – 32.
Аўтамат ПКШ, выраблены П.У.Чыгрынавым
Камплектацыя самаробнай зброі, вырабленай П.У.Чыгрынавым
У час работы многія збройнікі-партызаны праяўлялі вынаходлівасць і рацыяналізатарскі падыход. Так, вясной 1944 года канструктар-самавучка атрада «Сцяг» Мікалай Сяргееў распрацаваў арыгінальную канструкцыю аўтамата, выраблена шэсць экзэмпляраў такой зброі.
Зброевая майстэрня партызанскай брыгады «Разгром», Мінская вобласць. Фота з архіва музея
Пачын Чыгрынава падхапілі ў іншых партызанскіх фарміраваннях. Дзякуючы Пятру Уладзіміравічу ў паходнай майстэрні брыгады імя С.М.Кірава ў лютым 1944-га пачалі вырабляць аўтаматы. Матэрыял нарыхтоўвалі з разбітых нямецкіх машын і кажухоў бомбаў. Дзейнасць майстэрні апісваецца ў рукапісным часопісе брыгады.
«У гэтай майстэрні вырабляліся вельмі неабходныя ў дыверсійнай рабоце спрошчаныя ўзрывальнікі, якія аказаліся спраўнымі ў рабоце пры пастаноўцы фугасаў са шнуром, а таксама і націскнога дзеяння...»

Фрагмент артыкула «Зброевая майстэрня» з часопіса «Кировец» брыгады імя С.М.Кірава, Мінская вобласць, 1944 год
Работнікі зброевай майстэрні партызанскай брыгады імя В.П.Чкалава В.С.Капялевіч і В.Я.Міхеенка, Баранавіцкая вобласць. Фота з архіва музея
«Паглядзіш на яго: ціхі, непрыкметны, – падумаў ён пра Сяргеева, – а на самай справе… майстэрняй кіруе. Чыгунку хадзілі рваць – вызначыўся... Так, і бываюць жа такія людзі!»

Фрагмент расказа «Аўтамат Сяргеева» з рукапіснага часопіса «Знамя» атрада «Сцяг» брыгады «Разгром», 1943 год
Лясныя збройнікі не толькі праяўлялі цуды інжынернай думкі, ствараючы свае ўзоры ўзбраення, але і нараўне з астатнімі партызанамі ўдзельнічалі ў баявых аперацыях. Так, медалём «За адвагу» быў узнагароджаны Мікалай Сяргееў, Пётр Чыгрынаў за баявыя заслугі і арганізацыю вытворчасці зброі ў брыгадзе ўдастоены ордэна Чырвонай Зоркі.
Арганізатары зброевай майстэрні партызанскай брыгады «Разгром»: Н.Е.Коршун, Ф.А.Шурыгін, Н.Н.Каляскін, П.Баярко, Н.Я.Чацвярушкін, 1943 год. Фота з архіва музея
Рукапісны часопіс «Знамя» атрада «Сцяг» брыгады «Разгром», 1943 год
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right