18
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
«Ноч марозная. Цвёрдая зямлі. Цясак не хоча ўразацца ў грунт, і больш пальцамі разграбаем зямлю… Варта падыходзіць зусім блізка. Мокрыя валасы ліпнуць да лба. Абышлося – фашысты пайшлі наперад. Пальцы ўжо адышлі, і я асцярожна ўстаўляю дэтанатар у скрыню міны. Гэтак жа асцярожна прысыпаю зямлёй і маскірую…»
ПАДРЫЎНІК ФЁДАР БАЧЫЛА
«Рызыка была вялікая, але жаданне падарваць варожы эшалон было мацнейшае за страх», – напіша ўжо ў мірным 1981 годзе ў сваёй кнізе-споведзі «Застаюся жыць» Фёдар Апанасавіч Бачыла. А тады, у 1942-м, ён – камандзір дыверсійнай групы партызанскага атрада імя Варашылава – чарговы раз бліскуча справіўся з пастаўленай задачай.
Фота з архіва музея
«Да ўступлення ў партызанскі атрад т. Бачыла працаваў у кантакце з партызанамі, г.зн. перадаў партызанам 16 вінтовак, да 10000 патронаў, 1 РПД і аўтамат, акрамя таго распаўсюджваў нелегальную савецкую літаратуру, а таксама выконваў разнастайныя даручэнні, якія маюць вялікае значэнне для партызан».

Баявая характарыстыка Фёдара Бачылы, 1944 год
У атрад да партызан 18-гадовы Фёдар Бачыла прыйшоў 29 кастрычніка 1942 года. «Праз нядоўгі час Федзя становіцца знатным падрыўніком», – такімі радкамі дапоўнена яго біяграфія ў рукапісным часопісе «Народный мститель» 3-й Мінскай брыгады імя С.М.Будзённага, датаваным 1943 годам. На баявым рахунку адважнага мінёра – больш за 20 пушчаных пад адхон эшалонаў, сотні забітых фашыстаў і тры цяжкія раненні…
«Камандаванне атрада высока ацаніла работу храбрага падрыўніка. Ён другі раз прадстаўлены да ўрадавай узнагароды, але сам Федзя гаворыць, што для яго лепшай узнагародай з'яўляецца тое, што ён цяпер прыняты ў кандыдаты УКП(б). Федзя не зазнаецца. Ён працягвае работу сціпла, як кандыдат Ленінска-Сталінскай партыі бальшавікоў».

Часопіс №2–3 «Народный мститель» 3-й Мінскай брыгады імя С.М.Будзённага, кастрычнік–лістапад 1943 года
Фота з архіва музея
Для даведкі: Усяго група падрыўніка Фёдара Бачылы падарвала 26 варожых эшалонаў, пры гэтым было разбіта 18 паравозаў, больш за 150 вагонаў з жывой сілай, тэхнікай і боепрыпасамі праціўніка. Арганізавана 6 дыверсійных узрываў на станцыі Міханавічы (Мінскі раён) і ў Мінску.
«Партыя нас мужнасці вучыла, ты – яе выдатны вучань», – такімі словамі пачынаецца верш, апублікаваны ў зборніку Леаніда Альбаха (выданне 3-й Мінскай брыгады імя С.М.Будзённага). Ён прысвечаны партызану Бачылу – «першаму па брыгадзе падрыўніку».
Фота з архіва музея
«Як камандзір падрыўной групы сваім асабістым прыкладам заваяваў аўтарытэт не толькі сярод камандавання і асабовага складу, але і сярод насельніцтва, – гаворыцца ў баявой характарыстыцы Фёдара Бачылы. – З'яўляючыся камсамольцам, ён вёў актыўную прапаганду ў вёсках і ўдзельнічаў у паўсядзённым грамадскім жыцці».
Партрэт Фёдара Бачылы, выкананы партызанскім мастаком Г.Ф.Бржазоўскім
У адной з аперацый Фёдар Бачыла быў цяжка паранены ў абедзве нагі. Пасля вайны ён доўга лячыўся ў шпіталях. У 1949 годзе, падлячыўшыся, прыйшоў працаваць фотакарэспандэнтам у газету «Чырвоная змена».
Фота з архіва музея
За праяўленыя мужнасць і гераізм Фёдар Бачыла ўзнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені і вышэйшай узнагародай СССР – ордэнам Леніна.
«Мінае час, год за годам… даўно скончылася вайна, ды толькі часта трывожаць старыя раны. І памяць таксама – як рана», – такімі словамі заканчваецца кніга-споведзь «Застаюся жыць» Фёдара Апанасавіча Бачылы. Яго не стала ў 1992 годзе, але імя героя назаўсёды засталося ў гісторыі беларускага партызанскага руху.
Часопіс №2–3 «Народный мститель» 3-й Мінскай брыгады імя С.М.Будзённага, кастрычнік–лістапад 1943 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right