17
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
БРЫГАДА «ДЗЯДЗЬКІ КОСЦІ».
ПРА ГЕРОЯ САВЕЦКАГА САЮЗА
КАНСТАНЦІНА ЗАСЛОНАВА
К.С.Заслонаў з жонкай Раісай Аляксееўнай, 1939–1940 гады
Пасведчанне К.С.Заслонава, 1941 год
Запісная кніжка К.С.Заслонава
Восенню 1941-га 40 дыверсантаў з добраахвотнікаў-чыгуначнікаў пад кіраўніцтвам начальніка дэпо Канстанціна Заслонава перайшлі лінію фронту. З Масквы да Оршы дабраліся толькі 8 чалавек. Тут Заслонаву ўдалося ўвайсці ў давер да акупантаў – яго назначылі начальнікам рускіх паравозных брыгад.
За тры месяцы падпольшчыкі знішчылі каля 300 адзінак тэхнікі і больш за 400 фашыстаў. Заслонаў разумеў, што калі-небудзь давядзецца пакінуць Оршу, і пачаў падрыхтоўку лясной базы.
Фота з архіва музея
У 1942-м атрад «Дзядзькі Косці» (партызанская мянушка Заслонава) папаўняўся трапіўшымі ў акружэнне салдатамі і жыхарамі бліжэйшых вёсак, да ліпеня ўтварылася 1-я брыгада К.С.Заслонава.
Фотакалаж, прысвечаны атраду К.С.Заслонава
Паштоўка з рэпрадукцыяй карціны У.Хрусталёва «Канстанцін Заслонаў», 1958 год
Восенню партызаны на тры месяцы выйшлі ў рэйд па Віцебскай вобласці. За галаву адважнага камбрыга гітлераўцы абяцалі 50 тыс. марак, жалезны крыж і два буйныя маёнткі ў Германіі ў пажыццёвае карыстанне. 14 лістапада каля вёскі Купаваць Сенненскага раёна штаб брыгады акружылі карнікі. Бой працягваўся 4 гадзіны. Заслонаў павёў байцоў у атаку і загінуў у схватцы. Яму ішоў 33-і год.
Паштовая картка з рэпрадукцыяй карціны Я.Зайцава
Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР у 1943 годзе прысвоіў Канстанціну Сяргеевічу званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. На базе яго брыгады былі сфарміраваны 1-я і 2-я брыгады імя Героя Савецкага Саюза К.С.Заслонава.
Пра легендарнага камбрыга і яго байцоў стваралі радыёпастаноўкі, складалі аповесці і паэмы. Песню пра «Дзядзьку Косцю» выконваў аркестр 1-й і партызанскі ансамбль 2-й заслонаўскай брыгад. Напевы заслонаўскіх песень часта можна было чуць у лесе, хаце або зямлянцы.
Выпіска аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза К.С.Заслонаву
Лыжка, якой карыстаўся К.С.Заслонаў
Асабістая зброя К.С.Заслонава, пісталет ТТ
К.С.Заслонаў, 1940 год. Фота з архіва музея
У 1944 годзе заслонаўцы падарылі брыгадны літаратурна-мастацкі зборнік «Народный мститель» намесніку начальніка Беларускага штаба партызанскага руху Іосіфу Рыжыкаву. У часопісе праз расказы пра подзвігі, вершы і балады перададзены «яркі вобраз «Дзядзькі Косці» і соцень выхаваных ім герояў», напісаў у сваім уступным артыкуле да зборніка камісар брыгады Барыс Іваноў.
«Ужо недалёкі час поўнага разгрому гітлераўскай Германіі, але яшчэ сёння палае вайна – Вялікая Айчынная вайна. Сёння ў нас у руках зброя. Мацней жа ўдары па ворагу! Да гэтага цяпер павінен імкнуцца кожны партызан, і на гэтыя баявыя справы заклікае партызан кожны верш, кожны радок гэтага зборніка».

Фрагмент часопіса «Народный мститель» партызанскіх брыгад імя Героя Савецкага Саюза К.С.Заслонава Віцебскай вобласці, 1944 год
Сям'я К.С.Заслонава, 1946 год
Кніга «Канстанцін Заслонаў». Аўтары – Ф.Папоў і С.Шчуцкі, 1951 год
«Народный мститель», як і іншыя мастацка-публіцыстычныя зборнікі партызан, стаў рукапісным помнікам гераічных будняў. Дзякуючы гераізму Канстанціна Заслонава шанц выжыць атрымалі байцы брыгады, якія ў далейшым уліліся ў рады Чырвонай Арміі. Пасля вайны легендарнаму камбрыгу былі прысвечаны фільмы, спектаклі, творы жывапісу, музыкі і скульптуры.
Часопіс «Народный мститель» партызанскіх брыгад імя Героя Савецкага Саюза К.С.Заслонава, 1944 год
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right