6
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
«…У першыя дні вайны я страціла ўсё, чым жыла: у Беластоку засталася любімая работа, сябры і самае дарагое – сын, які толькі што скончыў дзесяцігодку. Дзе ён? Што з ім? Ад гэтых пытанняў галава ішла кругам…»
КАМІСАР
АЛЯКСАНДРА ЗАХАРАВА
Вайна застала Аляксандру Захараву за 10 кіламетраў ад граніцы. Напярэдадні яна, лектар Беластоцкага абкама партыі, выступала перад жыхарамі пагранічнай зоны. Дарога назад у Беласток, дзе застаўся сын Жэня, была адрэзана. Дабрацца ўдалося да вёскі Варатынь на Бабруйшчыне, дзе цяжкай працай здабывала кавалак хлеба. А потым Аляксандра Захарава пачала сваю барацьбу супраць ворага: рыхтавала моладзь у партызаны, разам з народнымі мсціўцамі ўступала ў бой супраць германскіх войскаў і ратавала раненых…
Гэта серыя «Партызанскага летапісу» прысвечана партызанскаму палку 8-й Рагачоўскай партызанскай брыгады і яго першаму камісару Аляксандры Нічыпараўне Захаравай.

«Партызанская барацьба ў айчыннай вайне прыняла куды большы размах, чым у мінулых войнах. Яна глыбейшая за сваіх гістарычных папярэдніц, большая гушча народу ідзе ў партызаны, не выключаючы жанчын, якія праяўляюць цуды самаахвярнага геройства… Сяляне, рабочыя, інтэлігенцыя, якія ўдзельнічаюць у партызанскіх атрадах, праяўляюць такое майстэрства ва ўменні выкарыстоўваць усе існуючыя ў наяўнасці сродкі і ўмовы вядзення бою, ад якога нямецкаму камандаванню не здаровіцца…»

Фрагмент з партызанскага часопіса «Комсомол Рогачёвщины» №1, снежань 1943 года
Сакратар Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)Б Сяргей Сікорскі дзякуе калгасніцы Марыі Шыш за яе траіх сыноў, якія змагаліся ў партызанскіх атрадах. Фота БЕЛТА
«Вытрыманая, стойкая. За час работы ў партызанскіх атрадах і сярод насельніцтва тав. Захарава А.Н. праявіла сябе нястомным работнікам, выкарыстоўвала ўсе свае веды для выхаваўчай работы, для растлумачэння бягучых падзей, усяляючы тым самым упэўненасць у перамозе над ворагам. Па-бальшавіцку і настойліва праводзіла работу па выхаванні і вылучэнні маладых палітработнікаў. Сярод усяго асабовага складу атрадаў Рагачоўскага злучэння карысталася аўтарытэтам», – гаворыцца ў баявой характарыстыцы Аляксандры Захаравай.

Самаробны нож – падарунак партызан Аляксандры Захаравай
Білет на лекцыю камісара Захаравай, 1944 год
Аляксандра Захарава (справа), 1944 год
«Дзейнічаць даводзілася і словамі і справай. З аўтаматам побач былі і аловак і блакнот. Разам з партызанамі ішла ў бой, дзяліла з байцамі ўсе цяжкасці партызанскага жыцця. Потым мяне выбралі сакратаром партыйнай арганізацыі аднаго з атрадаў 8-й Рагачоўскай брыгады, а 1 лістапада 43-га – камісарам 255-га палка. На першым жа сходзе я паставіла пытанне аб стварэнні сцяга палка, прытым мы павінны былі вырабіць яго самі. З цяжкасцю дасталі разрозненыя кавалкі чырвонай матэрыі, перафарбавалі іх у адзін тон, ды і нітак дасталі толькі белых, пафарбавалі іх акрыхінам (парашок ад малярыі) і атрымаліся патрэбнага залацістага колеру…»

З успамінаў Аляксандры Захаравай
Аляксандра Захарава. Малюнак Сяргея Раманава, 1944 год
Гатовы сцяг урачыста ўручылі палку ў лесе Рагачоўскага раёна ў канцы лістапада.


Сцяг 8-й Рагачоўскай брыгады 255-га палка
«Наш партызан-мастак намаляваў герб і ўсе словы, група дзяўчат-партызанак зрабілі вышыўку. Пад гэтым сцягам партызаны давалі клятву, з ім хадзілі ў бой, ён прабіты куляй… і ўсё гэта было ў Азяранскіх лясах Рагачоўскага раёна, паблізу вёскі Заліцвінне».

З успамінаў Аляксандры Захаравай
Вышывальшчыца сцяга
Аўтар эскіза сцяга 225-га палка – мастак Сяргей Раманаў, у будучым заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Карэнны масквіч, скончыў мастацка-педагагічнае вучылішча, перад самай вайной быў прызваны ў армію.

Абарончыя баі пад Кіевам у 1941 годзе, горыч акружэння, адступлення і палону ў 1942 годзе, уцёкі з фашысцкага лагера і барацьба з ворагам у радах беларускіх партызан… Сяргей Раманаў перанёс у творчасць і свой жыццёвы вопыт ваеннай пары. Калі ўліўся ў атрад 8-й Рагачоўскай партызанскай брыгады, займаўся афармленнем рукапіснага часопіса «Комсомол Рогачёвщины», баявых лісткоў, сценгазет.

Нягледзячы на цяжар вайны, у рукапісных кнігах абавязкова прысутнічаў гумар. Сяргей Раманаў быў майстрам палітычнай карыкатуры. Ад тонкага, з'едлівага сарказму да грубавата падкрэсленай плакатнай манеры – такі размах яго сатыры на старонках рукапіснага часопіса, а ў пасляваенныя гады – на старонках часопіса «Вожык», дзе ён прапрацаваў больш за 30 пасляваенных гадоў.
Сяргей Раманаў. Аўтапартрэт, 1944 год
Падрыхтоўка да баявога задання. Гомельская вобласць, 1944 год. Фота з архіва музея
Малюнкі Сяргея Раманава, 1943 год
«Пры бамбёжцы лагера была паранена ў лакцявы сустаў і ў маі 1944 года накіравана ў савецкі тыл для лячэння. Рашэннем Рагачоўскага КП(б)Б узбуджана хадайніцтва аб узнагароджанні тав. Захаравай ордэнам Чырвонай Зоркі».

З баявой характарыстыкі Аляксандры Захаравай




Аб узнагароджанні ордэнам Леніна Аляксандра Захарава даведалася, знаходзячыся ў шпіталі. Туды ж прыйшла яшчэ адна радасная навіна: знайшоўся сын. Ён змог перайсці лінію фронту, уступіў у армію і змагаўся з ворагам.

Пасля вайны Аляксандра Захарава займала адказныя пасады ў партыйным і дзяржаўным апараце рэспублікі. Была намеснікам старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

Сукенка Захаравай, пашытая па ваенным узоры ў партызанскай майстэрні. Жоўтая нашыўка азначае раненне
Карціна «Партызанскі лагер» вышыта Аляксандрай Захаравай у памяць аб баявым мінулым
Рукапісны партызанскі часопіс «Комсомол Рогачёвщины» №1, снежань 1943 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right