5
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
Калі гітлераўскія войскі стаялі пад Сталінградам, савецкія спецыяльныя ўпаўнаважаныя выязджалі на фронт, да партызан, на эвакуіраваныя ў тыл прадпрыемствы. Яны збіралі першыя экспанаты для будучага Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
ПЕРШЫЯ ЭКСПАНАТЫ МУЗЕЯ ГІСТОРЫІ
ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ

Самаробны партызанскі аўтамат майстроў зброі Я.І.Цемякова і Я.А.Менкіна
Самаробны партызанскі пісталет-кулямёт В.М.Далганава
Самаробны партызанскі пісталет-кулямёт майстра М.С.Сяргеева
Самаробны нож – падарунак П.К.Панамарэнку ад партызан Брэсцкай вобласці
У пачатку лістапада 1942 года больш за 300 сабраных экспанатаў былі ўпершыню прадстаўлены на выстаўцы «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай» у будынку Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы. Праз год ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне на аснове гэтай выстаўкі стварыць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта старонка «Партызанскага летапісу» прысвечана пачатковаму этапу яго стварэння.
У адной з залаў першай музейнай экспазіцыі. 1944–1945 гады
У дзень адкрыцця музея. 22 кастрычніка 1944 года
Наталля Іосіфаўна Філіповіч, вядучы навуковы супрацоўнік музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, прыгадвае:

«Пётр Мікалаевіч Ганчароў – адзін з тых, хто ствараў музей і закладваў яго традыцыі. Узначальваў аддзел гісторыі партызанскага руху. З партызанскіх лясоў, з фронту ён асабіста прывёз мноства бясцэнных для музея прадметаў – гэтым быў пакладзены пачатак фарміраванню фондавых калекцый і першай экспазіцыі».

Наталля Іосіфаўна Філіповіч
вядучы навуковы супрацоўнік музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
Пётр Ганчароў (злева). Фота з архіва музея
Запісы аб прыёме на работу ў музей першых супрацоўнікаў датаваны 16 ліпеня 1944 года. Сярод іх быў Пётр Мікалаевіч Ганчароў, былы камандзір партызанскага атрада «За Радзіму» брыгады «Беларусь» Мінскай вобласці. Пасля вызвалення Мінска яго разам з іншымі партызанскімі камандзірамі запрасілі на прыём да першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі П.К.Панамарэнкі для назначэння на работу. Пётр Ганчароў спачатку адмаўляўся – спадзяваўся трапіць на фронт, але быў вымушаны падпарадкавацца загаду.
Даведка Беларускага штаба партызанскага руху, дадзеная Ганчарову
У баявой і палітычнай характарыстыцы, дадзенай камандзіру атрада «За Радзіму» камандаваннем партызанскай брыгады «Беларусь», – уся гісторыя атрада:

«За час кіраўніцтва атрадам, атрад мае наступныя асноўныя баявыя аперацыі і дасягненні:
а) Забіта нямецкіх салдат і афіцэраў – 730
б) Забіта паліцэйскіх – 13
в) Забіта і спалена нямецкіх коней – 29
г) Паранена нямецкіх салдат і афіцэраў – 557
д) Паранена паліцэйскіх – 10
е) Узята ў палон немцаў – 40
ж) Зроблена дыверсій на чыгунцы – 43
з) Зроблена дыверсій на шашы – 42
і) Падарвана паравозаў – 23
к) Пашкоджана і разбіта вагонаў – 93».
Камандны склад партызанскай брыгады «Беларусь» Мінскай вобласці. Фота з архіва музея
Па даручэнні першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Ганчароў займаўся пошукам прыдатнага будынка для музея, што нялёгка было зрабіць у разбураным Мінску. Музей быў адкрыты 22 кастрычніка 1944 года ў будынку Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды, у адным з уцалелых будынкаў у цэнтры сталіцы.
Будынак Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды ў Мінску, дзе ўпершыню быў адкрыты музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
На службе ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Пётр Мікалаевіч з поспехам выкарыстоўваў свой партызанскі і камандзірскі вопыт.
Даведка з музея аб тым, што Ганчароў працаваў у ім з 16 ліпеня 1944 года па 20 сакавіка 1946 года
«…За час работы ў музеі т. ГАНЧАРОЎ П.М. паказаў сябе выключна са станоўчага боку. Як загадчык партызанскага аддзела, самага вялікага аддзела ў музеі, ён правёў грунтоўную работу па зборы экспанатаў і стварэнні выставак. Пад яго кіраўніцтвам сабраны тысячы каштоўных экспанатаў і дакументаў аб партызанскім руху ў Беларусі. Пры яго непасрэдным і самым актыўным удзеле адкрыты выстаўкі «Узбраенне беларускіх партызан» і «Бальшавіцкі друк Беларусі ў дні Вялікай Айчыннай вайны», якія за ўвесь перыяд наведала 40 тысяч гледачоў. У кнізе водзываў аб гэтых выстаўках сотні наведвальнікаў пакінулі словы захаплення…»

З характарыстыкі Пятра Ганчарова ад дырэктара музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны В.Стальнова
Прыгадвае Наталля Іосіфаўна Філіповіч:

«Пётр Мікалаевіч працаваў на адказнай партыйнай рабоце ў Мінскай вобласці, быў старшынёй Дзяржынскага райвыканкама, а з 1980 па 1992 год – загадчыкам філіяла музея (Мемарыяльны комплекс «Курган Славы»). Усе гэтыя гады ён быў блізкім сябрам музея, ніколі не адмаўляў ні ў парадзе, ні ў кансультацыі, заўсёды прыходзіў да нас з радасцю. Што цікава, час вайны і партызанскі адрэзак жыцця ён з таварышамі заўсёды прыгадваў як лепшыя гады жыцця. Чым жыве чалавек – надзеяй, імкненнем да лепшага. Яны былі маладыя, моцныя і поўныя энергіі…»

Фрагмент з рукапіснага партызанскага часопіса «Красный партизан» №9, верасень 1942 года
«…Цяпер, калі радзіма перажывае цяжкія дні апошняга этапу вайны, па-іншаму, больш зразумелым і ясным становіцца кожнаму, што такое патрыятызм.

Партызаны, слава пра якіх ідзе па ўсім свеце, павінны падпарадкаваць сябе, усё сваё жыццё, усе свае асабістыя інтарэсы – інтарэсам бязлітаснай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі».

Група партызан з трафеямі, узятымі ў баі з немцамі. Фота БЕЛТА
У партызанскіх часопісах заўсёды знаходзілася месца для вострай сатыры і гумару: у першую чаргу ўсімі магчымымі спосабамі высмейваліся і ганьбаваліся баязлівасць, маладушша і нерашучасць. Але побач заўсёды былі шматлікія прыклады мужнасці і гераізму – іх была пераважная большасць.
Фота з архіва музея
Раптоўнасць і рашучасць сталі лепшымі памочнікамі ў партызанскай вайне. Колькі разоў яны выручалі народных мсціўцаў, ратуючы ад немінучай гібелі і палону. Часта вораг нават не паспяваў зразумець, што адбываецца…

Фрагмент з рукапіснага партызанскага часопіса «Красный партизан» №9, верасень 1942 года
Гітлераўцы на акупіраваных тэрыторыях без усялякага сораму адбіралі ў мясцовых жыхароў апошні кавалак хлеба і жывёлу. На дапамогу насельніцтву прыходзілі партызаны – гэта адлюстравана ва ўспамінах яфрэйтара Коп'ева.

Фрагмент з рукапіснага партызанскага часопіса «Красный партизан» №9, верасень 1942 года
«...Больш за 30 кіламетраў, перасільваючы стомленасць, гналі мы жывёлу. Дзве ночы не спалі, суткі не елі, прайшлі каля 70 кіламетраў, але ішлі хутка, бадзёра, радуючыся поспеху. Па дарозе разабралі два масты. 62 каровы па загаду камандзіра атрада старшага палітрука Пакроўскага аддадзена сем'ям чырвонаармейцаў і партызан, тым, у каго немцы як у нядобранадзейных адабралі жывёлу».
Фрагмент з рукапіснага партызанскага часопіса «Красный партизан» №7, ліпень 1942 года
«Гэтыя часопісы – мастацкі летапіс Вялікай Айчыннай вайны», – лічыць захавальніца сапраўднай каштоўнасці – калекцыі рукапісных партызанскіх часопісаў Наталля Іосіфаўна Філіповіч. У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны яна працуе 46 гадоў – з 1972 года.
Рукапісны партызанскі часопіс «Красный партизан» №9, верасень 1942 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right