4
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
Вялікія бітвы пачаліся і кончацца на табе, беларуская зямля…
ПЕСНЯРЫ БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛІ
НАРОДНЫМ МСЦІЎЦАМ

Словы народнага паэта Якуба Коласа аказаліся, па сутнасці, прарочымі: беларуская зямля першая сустрэла фашыстаў і менавіта на ёй пасля паспяховага правядзення аперацыі «Баграціён» і вызвалення Беларусі прадоўжыўся гераічны шлях савецкіх войскаў на захад, на Берлін…
Звароты да народа і партызан Янкі Купалы і Якуба Коласа сталі неад'емнай часткай агітацыі цяжкіх ваенных гадоў. Творы класікаў беларускай літаратуры друкавалі на лістоўках, публікавалі ў газетах-плакатах і на старонках партызанскіх часопісаў.
Са звароту народнага паэта БССР Янкі Купалы да беларускага народа (фрагмент з лістоўкі «Смерць фашысцкім акупантам!», 1942 год):

«Ніколі, мой народзе, ты не схіляў галавы перад тым, хто калі-небудзь імкнуўся заняволіць цябе. Бацькі, дзяды і прадзеды нашы заўседы былі слаўнымі змагарамі супраць няволі…

У цяжкія хвіліны нашага жыцця мы мужна зносілі бяду і гора, але не гнулі плеч у пакоры…

Але ў наш светлы дом уварваўся чужынец, бесчалавечны гад, які жыве не імкненнем да брацтва і дружбы, а звярынай прагнасцю таптаць сабе пад ногі ўсё, што створана ў людзях, для людзей, для чалавека…

І ў гэты час расплаты з ворагам вы павінны памятаць, што святы абавязак наш перад Радзімай яшчэ больш як калі помсціць ворагу без канца і без меры…

Жыві, родная беларуская зямля! Час вызвалення блізак! Блізак час, калі зноў мы збярэмся ў шчасці і радасці вялікай сваёй сям'ёй на роднай зямлі, для вялікай працы аднаўлення і творчасці».
Фота з архіва музея
Што можа быць мацней за танкі і гарматы? Толькі вера ў перамогу. Дзякуючы ёй салдаты і партызаны здзяйснялі подзвігі. Фашысты не разумелі, дзеля чаго савецкі салдат, калі заканчваліся боепрыпасы, мог пайсці ўрукапашную?..
Верш Коласа «Фашысцкім бандытам» напісаны ў 1941 годзе, у вельмі цяжкі перыяд, калі пытанне «хто каго» стаяла вельмі востра. Але вера ў перамогу была мацней: калі партызаны чыталі гэтыя радкі, не было ніякіх сумненняў: «Фашысцкаму змею Тут будзе магіла – Пад горкай асінай курган...». Ніхто яшчэ не ведаў, калі будзе перамога, але ў тое, што яна абавязкова прыйдзе, верылі ўсе.


Асаблівай нянавісцю да фашыстаў прасякнута партызанская песня Якуба Коласа «Адпомсцім!», напісаная 22 красавіка 1942 года. Народная помста будзе бязлітаснай паэт заклікае знішчыць фашысцкага звера.


У ваеннай публіцыстыцы Якуба Коласа ёсць усё: і з'едлівая іронія, і сатырычныя фарбы, і сарказм. Разбіўшы ўшчэнт дактрыну фашысцкіх ідэолагаў аб выключнасці нямецкай расы, паэт заклікае да ўсеагульнага народнага супраціўлення: міф аб непераможнасці фашысцкай Германіі развеяны пад Масквой.
У партызанскім лагеры. Фота БЕЛТА
У публіцыстыцы і паэзіі ваенных гадоў Янкі Купалы любоў да роднай зямлі і нянавісць да фашыстаў былі заўсёды побач: такі кантраст у спалучэнні з вобразнай сімволікай і лірыка-песеннай інтанацыяй глыбока пранікае ў душу.
Не менш выразна гучаць радкі, апублікаваныя на рускай мове ў партызанскім часопісе «Комсомольская искра» ў снежні 1943 года:

Але народ-волат, народ-герой не становіцца на калені. Народ знішчае ворага, як знішчаюць шалёных сабак… І слухае заклік свайго палымянага паэта Янкі Купалы.
Партызаны не толькі ведалі і любілі творчасць беларускіх паэтаў, але і прысвячалі ім свае вершы. У лютым 1944 года партызанка-паэтэса Яніна Крайнік пад псеўданімам Лілія Лясная ў рукапісным часопісе партызанскай брыгады «Пламя» Мінскай вобласці публікуе паэму «Якубу Коласу, голас з Беразянкі».
Аўтар апісвае трагедыю жыхароў Беразянкі, спаленых карнікамі 6 верасня 1943 года. Менавіта той Беразянкі на беразе Свіслачы, прыроднае хараство якой так любіў і ўслаўляў Якуб Колас да вайны.
Нараўне з грознай і выкрывальнай публіцыстыкай у партызанскіх часопісах было месца і для аглядных матэрыялаў. Напрыклад, прыцягвае ўвагу кароткая даведка пра Беларускую ССР.
БЕЛАРУСКАЯ ССР

Плошча – каля 230 тыс. кв.км, насельніцтва – звыш 10 млн чалавек. Акрамя беларусаў, якія складаюць асноўную частку насельніцтва, у рэспубліцы жывуць рускія, яўрэі, палякі і інш. Сталіца – МІНСК.
Калектывізацыя /па пасяўной плошчы/ дасягнула 96,7%.
Колькасць трактароў у 1938 г. – 8,9 тыс., камбайнаў – 1,2 тыс.
Пасяўная плошча 1939 г. – 3 205 тыс. га /у 1913 г. – 2 564 тыс. га/.
Колькасць навучэнцаў у школах да пачатку трэцяй пяцігодкі ў параўнанні з 1913 г. павялічылася ў 3,8 раза /у 1913 г. – 266 тыс., у 1937 г. – 1 млн/.
ВНУ да рэвалюцыі не было, у 1938/39 г. колькасць іх дасягнула 23.
Урачоў у 1913 г. было 495, у 1937 г. – 2 367.

Партызаны Іван Хмялёў і Марыя Грыгор'ева ў дазоры. Фота БЕЛТА
У наступных радках партызанскага часопіса раскрыты адзін з асноўных сакрэтаў Перамогі. Пасля разгрому гітлераўцаў пад Масквой і Сталінградскай бітвы фашызм да канца ўсвядоміў, што перамагчы Савецкі Саюз будзе вельмі складана, калі магчыма наогул. Вораг не ўлічыў, што СССР самааддана ваяваў не толькі на фронце, але і ў глыбокім тыле, а эвакуіраваныя вытворчасці бесперабойна забяспечвалі армію ўсім неабходным.
Фрагмент са штомесячнага часопіса «Комсомольская искра» партыйнай і камсамольскай арганізацый атрада імя Камсамола 1-й Мінскай партызанскай брыгады, №4, снежань 1943 года:

«Савецкая дзяржава ніколі не была такой моцнай і непахіснай, як цяпер, у трэці год Айчыннай вайны. Урокі вайны сведчаць аб тым, што Савецкі лад аказаўся не толькі лепшай формай арганізацыі эканамічнага і культурнага ўздыму краіны ў гады мірнага будаўніцтва, але лепшай формай мабілізацыі ўсіх сіл народа на адпор ворагу ў ваенны час. Створаная 26 гадоў Савецкая ўлада ў самы кароткі тэрмін ператварыла нашу краіну ў несакрушальную крэпасць. Чырвоная Армія з усіх армій свету мае больш трывалы і надзейны тыл. У гэтым крыніца сілы Савецкага Саюза».
Пройдуць гады, і народны паэт Беларусі Якуб Колас напіша: «Без вывучэння мінулага і сучаснага мы не можам прадбачыць будучага». Гэтыя словы сёння гучаць як духоўны запавет аднаго пакалення другому…
Часопіс «Комсомольская искра» партыйнай і камсамольскай арганізацый атрада імя Камсамола 1-й Мінскай партызанскай брыгады, №4, снежань 1943 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right