3
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу с надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
Гэты бой доўжыўся больш за тры гадзіны. Цаной жыцця 17 партызан было знішчана больш за 100 фашыстаў. Самаму малодшаму з партызанскай групы было 16 гадоў…
КУЧЫНСКІ БОЙ
Бой у Крушнікоўскім лесе, пра які расказваецца ў рукапісным партызанскім часопісе, згадваецца ў іншых крыніцах як Кучынскі бой.
Група пад камандаваннем лейтэнанта Якава Каўшыркі (61-ы партызанскі атрад) атрымала заданне разграміць паліцэйскі ўчастак у раёне вёскі Кучын і забраць трафеі. 26 ліпеня 1942 года, выканаўшы заданне, партызаны спыніліся ў лесе за 3 км на паўночны захад ад вёскі.
«Варожае кальцо сціскалася ўсё больш і больш. Кулі сыпаліся градам. Азвярэлыя фашысты, раз'юшаныя такім упартым супраціўленнем невялікай групы партызан, насядалі, нягледзячы на тое, што наш агонь падкошваў іх аднаго за адным... чуліся стогны параненых і перадсмяротныя крыкі забітых.

Бой разгараўся ўсё мацней. Адважна змагаліся нашы таварышы. Але лівень фашысцкага агню вырываў з нашых радоў аднаго байца за другім…»

Фрагмент з часопіса
«Народный мститель» №3
61-га партызанскага атрада,
лістапад 1942 года
Фота з архіва музея
«Мы вымушаны былі спыніцца ў невялікім лесе, бо ў гэты час праходзіла поўная блакіроўка лясоў Клічаўскага, Бярэзінскага і Бялыніцкага раёнаў і ўвесь правы бераг ракі Друць быў заняты гітлераўскімі галаварэзамі. Значныя сілы праціўніка былі і на левым беразе Друці…»

З успамінаў удзельніка
Кучынскага бою
Сцяпана Гардзеева
Прыкладна ў той жа час акупанты пачалі карную экспедыцыю супраць партызан Магілёўскага, Клічаўскага, Асіповіцкага раёнаў Магілёўскай вобласці.
«У ліпені 1942 года праціўнік адцягнуў з фронту 3 адборныя дывізіі на дапамогу карнікам і адначасова пачаў наступленне з 4-х бакоў, ставячы сабе за мэту акружыць цесным кальцом партызан у Клічаўскіх-Усакінскіх лясах і знішчыць іх цалкам. У пачатку ліпеня першыя буйныя групы праціўніка з'явіліся ў раёне вёсак, але яны атрымалі належны адпор народных мсціўцаў»

З успамінаў удзельніка
Кучынскага бою
Сцяпана Гардзеева
Раніцай 9 жніўня лес, дзе размясцілася група Каўшыркі з 15 чалавек і чацвёра далучаных да іх партызан 255-га атрада, акружылі фашысты. Пад'ехала некалькі дзясяткаў машын з салдатамі, лёгкія танкі, артылерыя і мінамёты.
Партызаны вядуць бой. Рэпрадукцыя БЕЛТА
«Наша знаходжанне ў такім маленькім лесе не засталося не заўважаным. Знайшліся здраднікі, якія паведамілі камандуючаму гітлераўскай карнай экспедыцыяй, што ў Кучынскім лесе (дзе мы знаходзіліся) сканцэнтраваны вельмі буйныя сілы партызан. Атрымаўшы такі сігнал, ён нацкаваў на нас больш як у 100 разоў перавышаючыя сілы як па колькасці, так і па ўзбраенні: толькі рухомых часцей пяхоты на 81 вялікай машыне 2500–3000 салдат і афіцэраў.»


З успамінаў удзельніка
Кучынскага бою
Сцяпана Гардзеева
Бегчы з лесу было позна, ды і не было куды – вакол палі. Кучынскі лес займаў плошчу даўжынёй 3 км, шырынёй 1 км. Каб не выдаць сябе, група пачала манеўраваць. Праціўнік павёў артылерыйскі і мінамётны абстрэл лесу.
Фота з архіва музея
«Гітлераўцы адкрылі па лесе артылерыйскі і мінамётны агонь, прастрэльваючы яго ад краю да краю. Самалёт карэкціраваў агонь, а танкеткі і бронемашыны патрулявалі паміж агнявымі кропкамі. Лес быў акружаны цесным кальцом. Наша група апынулася ў вельмі цяжкім становішчы. Мы вырашылі манеўраваць, прымусілі праціўніка таптацца на месцы, зрасходаваць вялікую колькасць боепрыпасаў, не прыносячы нам страт у жывой сіле…»


З успамінаў удзельніка
Кучынскага бою
Сцяпана Гардзеева
Для выхаду заставаўся свабодным толькі вузкі праход у чыстае поле паміж Бродам і Незаўкай. Да гэтага праходу накіраваліся партызаны, але апоўдні гітлераўцы пачалі прачэсваць лес. Трэба было спяшацца, і Каўшырка паслаў двух чалавек у разведку да праходу. Не дайшоўшы да прызначанага месца, яны загінулі. Для астатніх стала зразумела, што з лесу не выбрацца, і партызаны занялі кругавую абарону.
«Заяц Уладзімір з аўтаматам і Ляйбовіч Міхаіл з вінтоўкай адправіліся ў разведку з мэтай праскочыць па чыстым полі і трапіць у вялікі лес... Але ім удалося прабегчы не больш за 200–300 метраў ад лесу... Гітлераўцы «падкасілі» нашых таварышаў, а ўслед за гэтым выйшлі варожыя танкеткі і бронемашына…»

З успамінаў удзельніка
Кучынскага бою
Сцяпана Гардзеева
Кальцо ворагаў сціскалася ўсё мацней. Два нападзенні былі адбіты з вялікімі для ворага стратамі, аднак атакі фашыстаў прадаўжаліся бесперапынна. Дзевяць партызан, сярод якіх быў і сам Якаў Каўшырка, загінулі.
Фота з архіва музея
У хуткім часе немцы спынілі агонь і пачалі заклікаць партызан здацца. Палітрук Васіль Крайко прыняў рашэнне выйсці насустрач немцам і, ушчыльную падышоўшы да праціўніка, закідаць іх гранатамі. Партызаны спадзяваліся, скарыстаўшыся панікай, вырвацца з кальца.
«...Агнявых кропак у нас заставалася вельмі мала... Пад выглядам здацца ў палон падняліся цяжкапараненыя палітрук Крайко, камандзір аддзялення Палікарпаў, Валенда і Саітаў і пайшлі на збліжэнне з ворагам... Ва ўсіх у іх у руках былі па дзве падрыхтаваныя да ўзрыву гранаты. Немцы акружылі кожнага... Нашы таварышы адначасова зубамі вырвалі засцерагальную спружыну за кальцо... Першыя гранаты кінулі пад ногі ворагу…»

З успамінаў удзельніка
Кучынскага бою
Сцяпана Гардзеева
Калі гранаты скончыліся, партызаны Хамат Саітаў, Уладзімір Валенда, Мікалай Віхрыцкі і Васіль Зуеў кінуліся ў штыкавую атаку...

У Саітава зламаўся штык, ён схапіўся за нож. Пад яго ўдарамі ўпала некалькі фашыстаў. Нямецкі афіцэр стрэліў у яго з пісталета, і Хамат упаў з прабітымі грудзямі. Але калі афіцэр схіліўся над ім, то Саітаў апошнім намаганнем схапіў фрыца за руку, паваліў на зямлю і ўчапіўся яму ў горла.

Валенда адбіваўся ад ворагаў прыкладам.

З акружэння ўдалося вырвацца толькі Паўлу Коблаву і Сцяпану Гардзееву – аўтарам артыкула, размешчанага ў часопісе. Яны вярнуліся ў атрад на пятыя суткі і расказалі пра здарэнне. Параненага Уладзіміра Валенду знайшлі разведчыкі, якія прабраліся да месца бою. Ён памёр у іх на руках, паспеўшы расказаць пра подзвіг сваіх таварышаў.

Паводле звестак, захаваных у фондах музея, партызаны знішчылі больш за 100 фашыстаў. Самаму старэйшаму ў партызанскай групе – Міхаілу Ляйбовічу было 38 гадоў, Якаву Каўшырку – 22 гады, а самаму малодшаму Валодзе Валенду – 16 гадоў. У памяць аб таварышах-героях партызаны склалі песню.
Верш, прысвечаны адказным рэдактарам партызанскага часопіса А. Тарнецкім сваім загінулым таварышам

(з часопіса «Народный мститель» №3 61-га партызанскага атрада, лістапад 1942 года)
У 1948 годзе прах загінулых партызан перанесены на могілкі вёскі Кучын. На магільным помніку спачатку былі высечаны імёны 13 герояў. Толькі потым стала вядома, што іх было 17 – да групы Каўшыркі далучыліся чатыры байцы іншага атрада.

Вось імёны партызан, якія загінулі ў Кучынскім баі:

Уладзімір Валенда, Барыс Васянін, Мікалай Віхрыцкі, Павел Жонін, Уладзімір Зайцаў, Рыгор Зайцаў, Васіль Зуеў, Іван Карнецкі, Пётр Кавалёў, Якаў Каўшырка, Васіль Кандрацьеў, Васіль Краўцоў, Васіль Крайко, Міхаіл Ляйбовіч, Міхаіл Палікарпаў, Хамат Саітаў, Мікалай Ушакоў.
Якаў Каўшырка
камандзір групы
Уладзімір Валенда
самы юны ўдзельнік Кучынскага бою – 16 гадоў
Саітаў Хамат
1911 года нараджэння, ураджэнец Башкірскай АССР
Васіль Зуеў
Уладзімір Зайцаў
Рыгор Зайцаў
Міхаіл Палікарпаў
Іван Карнацкі
Сцяпан Гардзееў
адзін з аўтараў артыкула ў часопісе «Народный мститель»
Фрагмент з часопіса «Народный мститель» №3 61-га партызанскага атрада, лістапад 1942 года

Валенда Уладзімір Іванавіч нарадзіўся ў 1923* годзе ў гарадскім пасёлку Клічаў Магілёўскай вобл. Скончыўшы 8 класаў сярэдняй школы, ён паступіў на работу памочнікам кінамеханіка. У канцы 1940 года ўступіў у Ленінскі камсамол. Геройскай смерцю загінуў у партызанскім атрадзе, аддаўшы жыццё за свабоду Радзімы.

* У рукапісным часопісе ўзрост Валенды пазначаны з яго слоў. Ён дабавіў сабе некалькі гадоў – у час вайны так рабілі многія юнакі, каб іх прынялі ў партызанскі атрад. Пазней сапраўдны год яго нараджэння ўстаноўлены па архіўных дакументах.
Фрагмент з часопіса «Народный мститель» №3 61-га партызанскага атрада, лістапад 1942 года

Каўшырка Якаў Фёдаравіч нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Альхоўка Клічаўскага раёна Магілёўскай вобл. Атрымаў ваеннае званне лейтэнанта і служыў у арміі камандзірам разведкі артдывізіёна. Змагаўся на фронце Айчыннай вайны. Застаўшыся ў тыле ў ворага, ідзе ў партызанскі атрад, дзе на пасадзе намесніка камандзіра прадаўжае барацьбу супраць фашыстаў.
Часопіс «Народный мститель» №3 61-га партызанскага атрада, лістапад 1942 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right
Made on
Tilda