Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
2
СТАРОНКА
Яе называлі Малой Савецкай зямлёй – Клічаўская партызанская зона была адной з самых вялікіх у Беларусі. У пачатку 1944 года яе тэрыторыя перасягала тры тысячы квадратных кіламетраў. Ахоўвалі яе 18 тысяч партызан. Тут знаходзілася больш за 70 тысяч мірных жыхароў. З Усакінскіх лясоў – цэнтра партызанскай базы – байцы кожны дзень адпраўляліся на заданні...
КЛІЧАЎСКАЯ ПАРТЫЗАНСКАЯ ЗОНА
У цяжкіх, часам невыносных умовах першых гадоў вайны выстаяць здолелі тыя партызанскія атрады і групы, якія складаліся з мясцовых жыхароў або мелі цесную сувязь з насельніцтвам. Не стаў выключэннем і Клічаўскі раён Магілёўскай вобласці, што дакументальна пацвярджаюць шматлікія старонкі рукапісных партызанскіх часопісаў. Менавіта тут, на Клічаўскай зямлі, была створана самая вялікая партызанская зона.
«Не раз нямецкія фашысты рабілі свой «пераможны» паход супраць партызан Клічаўскага раёна, не раз яны ставілі задачу на іх поўнае знішчэнне. Не мала яна, гэта задача, запатрабавала ад іх затраты нерваў, людскога складу і тэхнікі. І што ж атрымалася на самай справе? Далёка не тое, чаго яны дабіваліся, вылазячы са скуры…»

Фрагмент з часопіса
«Народный мститель» №11 1942 года
208-га партызанскага атрада
імя Сталіна
Клічаўская партызанская зона – тэрыторыя Клічаўскага і часткова мяжуючых з ім Асіповіцкага, Бялыніцкага, Бярэзінскага, Кіраўскага і іншых раёнаў Магілёўскай вобласці, якую кантралявалі партызаны. Стваралася яна ў ходзе баёў партызанскіх атрадаў, якія ў кастрычніку 1941 – сакавіку 1942 гадоў разграмілі на гэтай тэрыторыі больш за 80 варожых гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў.
Клічаўская партызанская зона
У вёсцы Усакіна на нарадзе камуністаў раёна 3 красавіка 1942 года прынята пастанова аб устанаўленні савецкай улады ў Клічаўскім раёне. Створаны Клічаўскі раённы камітэт партыі, райвыканкам, Клічаўскі аператыўны цэнтр.
«Калі раён ачышчаны ад ворагаў, калі народ падтрымлівае нас – значыць трэба адрадзіць Савецкую ўладу, прадстаўнікам яе даць магчымасць кіраваць і тады гэта магутная сіла яшчэ больш разрасцецца, здзейсняцца найвялікшыя ў гісторыі справы…»

Фрагмент з часопіса «Народный мститель» №4 1942 года
Фотапартрэт і пасведчанне П.М.Вікторчыка – старшыні Клічаўскага раённага выканаўчага камітэта КП(б)Б
«Член райвыканкама ВІКТОРЧЫК разам з тав. ЗАЯЦ правялі суровыя дні падполля. Ён таксама не пакідаў сваёй пасады. І цяпер ахвотна прыняў на сябе ганаровую і адказную задачу кіраўніцтва Савецкай уладай у раёне. Гістарычнае значэнне гэтага акта адраджэння Савецкай улады ў Клічаўскім раёне невымернае. Нават ва ўмовах глыбокага тылу, жорсткага тэрору, расстрэлаў, грабяжу немагчыма зламаць сілу і дух, волю да перамогі свабодалюбівага народа».

Фрагмент з часопіса «Народный мститель» №4 1942 года
У канцы 1942 года вызваленая тэрыторыя складала каля 1,9 тыс. квадратных кіламетраў. Яе ўтрымлівалі атрады 208-ы, 277-ы, 752-і, 61-ы, 128-ы, 760-ы, 620-ы.
Ад імя Ваеннага савета Заходняга фронту Георгій Жукаў віншуе партызан з выхадам з акружэння, жнівень 1942 года
У пачатку 1944 года ў зоне, тэрыторыя якой перасягнула 3 тыс. квадратных кіламетраў, знаходзілася больш за 70 тыс. мірных жыхароў. Ахоўвалі яе больш за 18 тыс. партызан.

У Клічаве ў гонар партызан, якія вызвалялі ў сакавіку 1942 года гарадскі пасёлак, насыпаны курган Славы і ўстаноўлены помнік.
Сустрэча самалёта з Вялікай зямлі на партызанскім аэрадроме. Фота БЕЛТА
Партызанскія зоны былі сапраўднымі баявымі фарпостамі ўсенароднага супраціўлення ворагу, своеасаблівым тылам, базай, дзе партызаны прымалі самалёты з Вялікай зямлі, рыхтавалі рэзервы.
«Клічаўскі РК КП(б), Выканкам Райсавета дэпутатаў працоўных і Камандаванне партызанскіх атрадаў адзначаюць, што працоўныя нашага раёна, будучы перакананымі ў гібелі нямецкага фашызму з аднаго боку і ў непазбежнай перамозе вялікага савецкага народа з іншага боку, усё больш і больш акружаюць клопатам народных мсціўцаў – Чырвоных партызан, падымаюцца на Вялікую айчынную вайну. Дзясяткі за дзясяткамі, сотні за сотнямі працоўныя бяруцца за зброю і ўступаюць у партызанскія атрады…»

Фрагмент з часопіса
«Народный мститель» №4 1942 года
208-га партызанскага атрада імя Сталіна
Насельніцтва партызанскіх зон папаўняла рады народных мсціўцаў. Мясцовыя жыхары ўдзельнічалі ў баявых аперацыях, дапамагалі ў зборы і рамонце зброі, арганізацыі быту, забяспечвалі партызан прадуктамі харчавання, жыллём, збіралі абутак, адзенне, даглядалі параненых і хворых байцоў. Пад аховай і з дапамогай народных мсціўцаў жыхары партызанскіх зон сеялі, убіралі ўраджай і хавалі яго ад ворага.
Цэлымі вёскамі ішлі сяляне да партызан. Фота БЕЛТА
Сярод насельніцтва распаўсюджвалі лістоўкі, газеты, зводкі Саўінфармбюро

Жыхары партызанскіх зон урачыста адзначалі савецкія святы: у населеных пунктах вывешвалі чырвоныя сцягі, праводзілі мітынгі, канцэрты і прагляды кінафільмаў, прысланых з савецкага тылу.
Сам факт існавання партызанскіх зон меў вялікае значэнне, садзейнічаў росту ўсенароднага супраціўлення гітлераўцам. У перыяд вызвалення Беларусі праціўнік не меў магчымасці арганізаваць абарону на тэрыторыі партызанскіх зон, і гэта дапамагала наступленню савецкіх войскаў.
Часопіс «Народный мститель» № 4 1942 года 208-га партызанскага атрада імя Сталіна
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right