27
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
ТЫЛ – ФРОНТУ. ФОНД АБАРОНЫ
29 ліпеня 1941 года газета «Правда» надрукавала агляд пісем ад соцень працоўных з ініцыятывай стварэння спецыяльнага Фонду абароны для збору грошай і матэрыяльных каштоўнасцей у падтрымку Чырвонай Арміі. Добраахвотныя ўклады ад насельніцтва прапаноўвалася накіроўваць на будаўніцтва танкаў, самалётаў і іншых баявых машын.

Праз некалькі дзён ва ўсіх аддзяленнях Дзяржбанка СССР былі адкрыты рахункі для ўзносаў: людзі неслі асабістыя грашовыя накапленні, золата, серабро, аблігацыі. На ўмацаванне арміі мірнае насельніцтва Савецкага Саюза аддавала апошняе…
Простыя вясковыя жыхары, рабочыя гарадоў, камуністы, беспартыйныя, вучоныя, служачыя... У стварэнні Фонду абароны прымалі ўдзел усе слаі насельніцтва Савецкага Саюза. Работнікі прадпрыемстваў штомесяц адлічалі ў дапамогу арміі аднадзённы заработак. Для папаўнення фонду працоўныя выходзілі на масавыя нядзельнікі, калгасы засявалі звышпланавыя «гектары абароны», а дзеячы навукі і мастацтва пералічвалі аўтарскія ганарары і прэміі. За чатыры месяцы агульнымі сіламі на ўмацаванне абароны паступіла больш за сем мільярдаў рублёў, а таксама дзясяткі тысяч кілаграмаў серабра, золата і іншых каштоўнасцей.
Звесткі аб паступленнях у спецыяльны фонд у падтрымку арміі пастаянна публікаваліся ў зводках Саўінфармбюро, друкаваліся ў газетах. Адзінства фронту і тылу было адлюстравана і ў артыкулах рукапісных партызанскіх часопісаў:
«Савецкі народ не шкадуе ні сіл, ні сродкаў, каб даць фронту ўсё неабходнае для барацьбы і перамогі. Працоўныя гарадоў і вёсак сабралі для Чырвонай Арміі мільёны валёнак, паўкажушкаў, аўчын, цёплай бялізны, рукавіц і іншых рэчаў... У савецкім тыле на фабрыках і заводах, на шахтах і рудніках, на транспарце і ў сельскай гаспадарцы камсамольцы не пакладаючы рук працуюць, каб больш дапамагчы Чырвонай Арміі ўзбраеннем і прадуктамі харчавання. Паказваючы ўзоры працы, упершыню з'явіліся «двухсотнікі», «франтавыя брыгады».

Фрагмент з рукапіснага часопіса №3 «Сокол» атрада П.К.Панамарэнкі 2-й Мінскай брыгады П.Л.Леўчанкі, сакавік 1944 года
Грошы і каштоўнасці на ўмацаванне ваеннай моцы Чырвонай Арміі паўсюдна ўносіла насельніцтва акупіраванай Беларусі і партызаны. «Збор сродкаў на абарону краіны на захопленых ворагам тэрыторыях праходзіў у вельмі складаных умовах, – напішуць у рукапісных часопісах байцы партызанскіх атрадаў. – Але, нягледзячы на тое што людзі за кожны ўнесены рубель падвяргалі сябе і членаў сваёй сям'і смяротнай небяспецы, збор сродкаў працягваўся".
Даведачна: Да вясны 1943 года насельніцтва і партызаны Беларусі сабралі на будаўніцтва самалётаў і бронепаяздоў «Савецкая Беларусь» 5 394 342 рублі (у тым ліку партызаны – 606 000 рублёў), 2100 рублёў золатам і 1 240 000 рублёў аблігацыямі.

З восені 1943-га да пачатку 1944 года насельніцтва і партызаны акупіраванай тэрыторыі Беларусі перадалі ў Фонд абароны каля 10 мільёнаў рублёў грашамі і аблігацыямі, больш за 13 кг золата, амаль 90 кг серабра і іншых каштоўнасцей.

Адна толькі партызанская брыгада імя К.К.Ракасоўскага за кароткі час сабрала і пераправіла за лінію фронту звыш 100 тысяч рублёў і больш за 2 кг золата і серабра. Працоўныя Магілёўскай вобласці перадалі ў 1943 годзе на пабудову танкавай калоны «Беларускі партызан» 1 327 959 рублёў.

Партманэ Ф.Ф.Гайдукова – камісара 11-га партызанскага атрада Чашніцкай брыгады «Дубава» Віцебскай вобласці, у якім захоўваліся аблігацыі і грошы, сабраныя ў Фонд абароны партызанамі і мясцовым насельніцтвам
Важнай крыніцай аднаўлення разбуранай фашыстамі эканомікі і ўзмацнення абароны Савецкага Саюза былі і дзяржаўныя пазыкі. Першая такая ваенная пазыка была выпушчана пастановай Савета Народных Камісараў СССР у 1942 годзе. У агітацыйнай лістоўцы па распаўсюджванні аблігацый было напісана, што яна выпускаецца ў дні, калі наша Радзіма не на жыццё, а на смерць змагаецца супраць лютага ворага:

«...Вялікі правадыр савецкага народа і яго гераічнай Чырвонай Арміі таварыш Сталін паставіў перад краінай задачу не пакладаючы рук працаваць над тым, каб звесці да нуля колькасную перавагу немцаў у танках і авіяцыі, каб фронт з кожным днём атрымліваў усё больш і больш танкаў, самалётаў, гармат, мінамётаў, кулямётаў, вінтовак, аўтаматаў, боепрыпасаў…

Аднадушнай і дружнай падпіскай на Дзяржаўную ваенную пазыку 1942 года дапаможам дзяржаве ў барацьбе з ворагам! Забяспечым поўны поспех ваеннай пазыцы 1942 года!»



Падпіска на першую Дзяржаўную ваенную пазыку перасягнула 13 мільярдаў рублёў, пры намінальнай суме 10 мільярдаў. За ёй выпускаліся і іншыя – па адной у год, кожная тэрмінам на 20 гадоў. Усяго такіх пазык было чатыры.
«У ходзе вайны яшчэ больш умацаваліся саюз рабочых і сялян, дружба народаў СССР, савецкая дзяржава стала яшчэ больш моцнай і трывалай. Яскравым доказам савецкага ладу з'яўляецца небывалы патрыятычны ўздым усяго савецкага народа, масавы гераізм на франтах і самаадданая праца ў тыле. Чырвоная Армія наносіць ворагу ўсё новыя і новыя ўдары. Нашы войскі прадаўжаюць весці наступальныя баі. Гэты поспех азнаменаваны і дапамогай Чырвонай Арміі...»

Фрагмент з рукапіснага часопіса №3 «Сокол» атрада П.К.Панамарэнкі 2-й Мінскай брыгады П.Л.Леўчанкі, сакавік 1944 года


За кошт добраахвотных узносаў ад насельніцтва былі пабудаваны тысячы баявых самалётаў, дзясяткі тысяч танкаў, ваенныя караблі і падводныя лодкі. Галадаючы самі, працаўнікі тылу аддавалі абаронцам Радзімы ўсё, што маглі. Зарадзіўшыся стыхійна, Фонд абароны ўвайшоў у гісторыю як адзін з самых масавых патрыятычных рухаў у дапамогу фронту ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Рукапісны часопіс №3 «Сокол», сакавік 1944 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right