37
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
ГЕРОІ САВЕЦКАЙ РАДЗІМЫ. БРАТЫ ЛІЗЮКОВЫ
3 ліпеня 1944 года войскі 3-га і 1-га Беларускіх франтоў упэўнена наступалі на ворага ў раёне Мінска. Да канца дня сталіца БССР была цалкам вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтай нагоды ў Маскве быў дадзены салют, а разбураны, але свабодны ад гітлераўцаў Мінск рыхтаваўся да ваеннага парада.

16 ліпеня ва ўрачыстым шэсці ў Мінску на полі былога аэрадрома планаваўся ўдзел дзясяткаў тысяч партызан. У іх ліку павінен быў быць і Яўген Лізюкоў – адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Мінскай вобласці. Атрад пад яго камандаваннем для ўдзелу ў парадзе накіроўваўся ў сталіцу. Але да Мінска камандзір Лізюкоў не дайшоў…

Як і два яго браты – Аляксандр і Пётр, Яўген не дачакаўся Вялікай Перамогі. Новая серыя «Партызанскага летапісу» прысвечана героям Вялікай Айчыннай вайны братам Лізюковым.
Браты Лізюковы (злева направа): Яўген, Пётр і Аляксандр
Браты Лізюковы нарадзіліся ў Гомелі ў сям'і сельскага настаўніка. Іх маці памерла ў 1909 годзе, у хуткім часе пасля з'яўлення на свет малодшага сына – Пятра.
Даведачна: Пётр Ільіч Лізюкоў (1909–1945). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з 22 чэрвеня 1941 года. Камандзір 46-й знішчальна-процітанкавай артылерыйскай брыгады, якая змагалася ў складзе 3-га Беларускага фронту пад камандаваннем маршала Савецкага Саюза А.М.Васілеўскага. Вызначыўся ў баях ва Усходняй Прусіі. 20 студзеня 1945 года брыгада пад камандаваннем Пятра Лізюкова адбівала контратакі варожых танкаў. Загінуў смерцю храбрых у баі.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 красавіка 1945 года пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Таксама ўзнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кутузава II ступені, Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны».

Пётр Лізюкоў, 1944 год
Высокага звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены і сярэдні сын Лізюковых – Аляксандр. З чэрвеня 1941 года ён змагаўся на Заходнім, Бранскім франтах, быў намеснікам камандзіра танкавай дывізіі, камандзірам мотастралковай дывізіі, стралковага корпуса, камандуючым танкавай арміяй.
Вышэйшую ступень адрознення СССР – званне Героя Савецкага Саюза Аляксандр Лізюкоў атрымаў у пачатковы перыяд вайны. Ён праявіў сябе ў баях пад Барысавам і на Салаўёвай пераправе цераз Днепр пад Смаленскам у 1941 годзе. Удзельнік абароны Масквы. Аляксандр Лізюкоў гераічна загінуў у баі 25 ліпеня 1942 года.
Аляксандр Лізюкоў і Канстанцін Сіманаў, вясна 1942 года
Аляксандр Лізюкоў (крайні справа) на пярэдняй паласе абароны пад Масквой, лістапад 1941 года
«Да 11 лістапада 1941 года камандзір маршавага батальёна старшы лейтэнант Лізюкоў змагаўся на палях бітвы з ворагам, быў паранены ў баі і адпраўлены на лячэнне ў горад Перм (Урал), дзе праляжаў у шпіталі да 6 мая 1942 года. Пасля выздараўлення, згодна з загадам наркама абароны, адкамандзіраваны на асобы Беларускі збор пры ЦК КП(б)Б і 19 жніўня з групай з 14 чалавек адпраўлены ў Слуцкі раён для арганізацыі партызанскага атрада», – аб баявой дзейнасці Яўгена Лізюкова ў радах партызан падрабязна расказваецца ў рукапісным часопісе №5 «За родную Белоруссию» атрада імя В.Молатава, датаваным чэрвенем 1944 года.
Яўген Лізюкоў
У першыя дні вайны адправіўся на фронт і старэйшы сын Лізюковых – Яўген.
«Ужо ў кастрычніку 1942 года тав. Лізюкоў з 23 баявымі таварышамі каля вёскі Жылін Брод разбіў 3 машыны карнай экспедыцыі. 58 фрыцаў было забіта і 7 паранена, 2 станковыя, 2 ручныя кулямёты, 1 мінамёт і 61 вінтоўка трапілі ў рукі партызан. У лістападзе таго ж года 28 народных мсціўцаў на чале з Лізюковым абяззброілі Горкаўскі гарнізон паліцэйскіх. Такая ж доля чакала Язвінскі гарнізон. У снежні 1942 года атрад імя Дзяржынскага, камандзірам якога быў Лізюкоў, налічваў ужо 70 байцоў».

Фрагмент часопіса №5 «За родную Белоруссию» партызанскага атрада імя В.Молатава, чэрвень 1944 года

У цяжкіх умовах Лізюкоў павялічваў асабовы склад атрада і наносіў удары па тылавых камунікацыях ворага.
У сакавіку 1943 года атрад Яўгена Лізюкова налічваў 265 партызан. З чэрвеня па снежань 1943-га ён быў камандзірам атрада імя Ф.Дзяржынскага 95-й брыгады імя М.Фрунзэ, са снежня 1943-га па люты 1944 года – начальнікам штаба атрада імя В.Чкалава 225-й брыгады імя А.Суворава. За ўзорнае выкананне баявога задання з чэрвеня 1944 года назначаны камандзірам атрада імя В.Молатава.
«Атрад адкрыў ураганны кулямётна-аўтаматны агонь і разбіў варожую групоўку на дзве часткі. Партызаны пайшлі ўрукапашную. У выніку гэтага бою быў забіты 31 і паранены 18 гітлераўскіх салдат і афіцэраў. З боку партызан быў страчаны баявы камандзір атрада тав. Лізюкоў... Ён загінуў у гарачай рукапашнай схватцы тварам да ворага»

Фрагмент з кнігі Д.Радзінскага, Н.Царкова «Аповесць пра братоў»

7 ліпеня 1944 года атрад пад камандаваннем Яўгена Лізюкова накіроўваўся ў бок вызваленага Мінска. Як і іншыя народныя мсціўцы з усіх куткоў Беларусі, ён разам са сваімі байцамі спяшаўся на партызанскі парад. Але ўдзел у ім Лізюкоў-старэйшы так і не прыняў: у вёсцы Грэбень-Захаравічы пад Мінскам акружаныя немцы адкрылі агонь. Яўген Лізюкоў уступіў у свой апошні бой з фашыстамі…
Яўген Лізюкоў быў пахаваны ў вёсцы Наваполле Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці.
У Гомелі ў гонар Аляксандра, Пятра і Яўгена названа вуліца – вуліца братоў Лізюковых. Іх імёны маюць вуліцы ў горадзе Чачэрску і аграгарадку Нісімкавічы Чачэрскага раёна. У беларуска-славянскай гімназіі №36 у Гомелі ў гонар братоў-герояў адкрыты музей, на будынку гімназіі ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Рукапісны партызанскі часопіс №5 «За родную Белоруссию» партызанскага атрада імя Молатава, чэрвень 1944 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right