36
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
КАМБРЫГ ФЛЕГАНТАЎ
«Бесстрашно мы будем бороться с врагом.
И дело борьбы до конца доведем.
За смерть мы твою во сто крат отомстим.
И родину нашу врагу не дадим».
Гэтыя простыя паэтычныя радкі «Памяці камбрыга» партызан Мацюшаў 44-га партызанскага атрада брыгады «За Радзіму» прысвяціў легендарнаму камандзіру Аляксею Флегантаву.
У калекцыі рукапісных часопісаў знаходзіцца пяць выданняў 1943 года партызанскіх атрадаў брыгады «За Радзіму» імя А.Флегантава.

Памяці знакамітага камандзіра таксама прысвечаны верш у часопісе «Красное знамя» №1 (май 1943 года) байца аднайменнага атрада капітана С.Гіневіча «На смерць Флегантава», у якім ад імя баявых таварышаў аўтар клянецца адпомсціць за смерць камбрыга. Старонкі часопіса расказваюць пра жыццё, баявы шлях і творчасць партызан атрада «Чырвоны сцяг» брыгады «За Радзіму» імя А.Флегантава.
Старонкі часопіса «Красное знамя» №1 атрада «Чырвоны сцяг» брыгады «За Радзіму» імя А.Флегантава, май 1943 года
Даведачна: генерал-маёр Аляксей Канідзеевіч Флегантаў (16.03.1888 – 11.03.1943), ураджэнец вёскі Алочы Чыцінскай вобласці. У 1920–1922 гадах камандзір 1-й Амурскай дывізіі, камандуючы партызанскімі атрадамі Прымор'я. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у арганізацыі партызанскага руху ў Смаленскай і Маскоўскай абласцях.

У снежні 1941 года пад Масквой па ініцыятыве Флегантава з дабравольцаў знішчальнага батальёна пачаў стварацца атрад «Баявы». У лютым 1942-га Флегантаў быў назначаны яго камандзірам. 21 жніўня таго ж года кавалерыйскі атрад праз Суражскія «вароты» выйшаў у тыл ворага.

У кастрычніку 1942 года на Чэрвеньшчыне атрад «Баявы» быў пераўтвораны ў партызанскую брыгаду «За Радзіму» пад камандаваннем Флегантава.
Генерал-маёр Аляксей Флегантаў
Людзі, узрушаныя зверствам фашызму, уцякалі ў лясы, далучаліся да партызанскіх атрадаў, стараліся дапамагчы ўсім чым маглі.
«Я са сваёй сям'ёй была дома і трапіла пад фашысцкія кулі. У хаце ляжала побач з маці. Маці была забіта, я атрымала раненне ў руку, але прыкінулася забітай. Гэта мяне і выратавала. Немцы выйшлі з хаты, а я ціхенька паднялася. Перада мной ляжала 12 трупаў, залітых крывёю.

Убачыўшы, што немцаў няма на двары, я ўцякла ў лес. Уся вёска была ахоплена полымем.

Вёска была ўся спалена. 72 чалавекі, ні ў чым не вінаватыя, былі забіты, а трупы спалены.

Гэты дзень я ніколі не забуду. Цяпер, знаходзячыся ў партызанскім атрадзе, я дапамагаю партызанам чым магу, для таго каб хутчэй, агульнымі сіламі выгнаць фашысцкую зграю з нашай роднай зямлі».

Успаміны партызанкі Марыі Лучанок з часопіса «Красное знамя» №1 атрада «Чырвоны сцяг» брыгады «За Радзіму» імя А.Флегантава, май 1943 года

«Аляксей Флегантаў з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны арганізатар партызанскага руху ў Смаленскай вобласці, а потым у Падмаскоўі. Па яго ініцыятыве і настойлівасці арганізаваны конны партызанскі атрад, які зрабіў пад яго камандай рэйд у глыбокі тыл ворага (Масква Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці). За час рэйду атрад правёў пяць буйных аперацый па разгроме камунікацый праціўніка, у тым ліку штаба нямецкай дывізіі.

Пасля прыходу ў Чэрвеньскі раён Флегантаў сабраў вакол сябе малалікія групы партызан, арганізаваў партызанскую брыгаду «За Радзіму»... удзесяцяраючы баявыя дзеянні супраць нямецкіх захопнікаў».

Фрагмент з характарыстыкі камандзіра партызанскай брыгады «За Радзіму» А.Флегантава, 1947 год
11 сакавіка 1943-га ў Асіповіцкім раёне ў час прарыву партызан з акружэння карнікаў камбрыг Флегантаў, які ўзначальваў групу прыкрыцця адыходу, гераічна загінуў.

29 красавіка 1943 года партызанскай брыгадзе «За Радзіму» загадам Беларускага штаба партызанскага руху прысвоена яго імя. Брыгада дзейнічала ў Чэрвеньскім, Пухавіцкім раёнах Мінскай, Асіповіцкім, Бабруйскім – Магілёўскай і Маларыцкім, Дзівінскім – Брэсцкай абласцей. На дзень расфарміравання, у чэрвені 1944-га, налічвала 895 партызан.
Флегантаўцы выканалі пастаўленую перад імі задачу па актывізацыі ўсенароднай барацьбы з фашызмам у глыбокім тыле ворага.

Атрад «Баявы», які быў сфарміраваны пад Масквой і вырас у брыгаду, зрабіў два вялікія цяжкія рэйды па тылах праціўніка. За час іх правядзення яны знішчылі і пашкодзілі 92 чыгуначныя эшалоны, вывелі са строю больш за 100 паравозаў, падарвалі 64 чыгуначныя і аўтамабільныя масты, знішчылі 5 танкаў, 155 аўтамашын, забілі і паранілі больш за 3000 салдат і афіцэраў праціўніка.

Імем А.Флегантава названы вуліцы ў г. Чэрвені і в. Забалацце Маларыцкага раёна. У Чэрвені ўстаноўлены бюст партызанскага камандзіра, гарадская сярэдняя школа № 2 мае яго імя.
Група былых партызан брыгады «За Радзіму» імя А.Флегантава на ўрачыстасцях з нагоды прысваення СШ № 2 г. Чэрвеня імені легендарнага камбрыга
Група былых партызан і школьнікаў СШ № 2 г. Чэрвеня ля помніка А.Флегантаву, канец 1960-х – пачатак 1970-х гадоў
Рукапісны партызанскі часопіс «Красное знамя» № 1, май 1943 год
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right