32
Іх пісалі ўсюды, дзе маглі, у зямлянках, у перапынках між баямі – на шпалерах, у вучнёўскіх сшытках, канцылярскіх кнігах…

Рукапісныя партызанскія часопісы захоўвалі з важнымі дакументамі і старанна напаўнялі фактамі разам з апавяданнямі пра быт, бітвы, герояў. Самаробныя «кнігі» ажыўлялі малюнкамі і нязменным гумарам. Перадаючы з рук у рукі, іх чыталі для падняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу.
СТАРОНКА
БІТВА ЗА ХЛЕБ
К восені 1943 года, калі Чырвоная Армія знаходзілася на подступах да Беларусі, нямецкія акупацыйныя ўлады рыхтаваліся да ўзброенай барацьбы за сялянскі хлеб. Становішча вермахта рэзка пагоршылася – гітлераўская армія мела асаблівую патрэбу ў прадуктах харчавання.

Перад райкамамі, пярвічнымі партыйнымі арганізацыямі і партызанскімі фарміраваннямі паўстала задача захавання ўраджаю і зрыву варожых нарыхтоўчых аперацый. Гэтага патрабавала і пастанова ЦК КП(б)Б «Аб ураджаі 1943 года».

Цэнтральны камітэт Кампартыі Беларусі заклікаў усімі сіламі дапамагаць сялянам ва ўборцы ўраджаю, нападаць на нямецкія абозы і адбіваць збожжа, больш надзейна хаваць яго ад ворага і паўсюдна растлумачваць насельніцтву задачы ў барацьбе за кожны кавалак беларускага хлеба.
Барацьба за хлеб – гэта барацьба за перамогу! Ніводнага грама хлеба ворагу! Захаваем хлеб для Чырвонай Арміі! Агіткі падпольных абкамаў разам з весткамі аб набліжэнні савецкіх войскаў узмацнялі народнае супраціўленне ў тыле ворага. Людзі імкнуліся хутчэй сабраць і надзейна схаваць збожжа ад акупантаў, а партызанскія атрады – арганізаваць узброеную ахову ў час уборкі хлеба ў палях.
Уборачная кампанія 1943 года была адной з самых складаных за час вайны. Пра гэта напішуць у рукапісным часопісе №1 «Партизанская борьба» байцы атрада імя М.І.Калініна брыгады імя газеты «Правда», датаваным кастрычнікам 1943 года. У прадуктах харчавання, якіх катастрафічна не хапала, мелі патрэбу сяляне, армія і партызанскія атрады. У план збожжанарыхтовак давялося ўключаць значную частку населеных пунктаў, размешчаных у зоне нямецкіх гарнізонаў.
«Самым складаным быў працэс дастаўкі хлеба ад здатчыка да лагера атрада. Месцы нарыхтовак усе без выключэння размешчаны па той бок ракі Свіслач, якая з'яўляецца прыроднай мяжой партызанскай зоны і зоны, часова акупіраванай немцамі. Мастоў і якіх-небудзь перапраў, акрамя лодак-душагубак, няма. Збожжанарыхтоўчыя пункты размешчаны на адлегласці ад 1 да 3 км ад нямецкіх гарнізонаў. Апошняя акалічнасць ставіла пад пагрозу кожную нашу аперацыю. Даводзілася літаральна браць хлеб з-пад рук немцаў і перапраўляць цераз раку на душагубках».

Фрагмент часопіса №1 «Партизанская борьба» атрада імя М.І.Калініна брыгады імя газеты «Правда», кастрычнік 1943 года
Аперацыі па нарыхтоўцы хлеба лічыліся баявымі, і кожная ўзначальвалася асабіста камандзірам. За кожным партызанскім атрадам замацоўвалася вызначаная зона. Байцы забяспечвалі ўборку, абмалот і раздачу збожжа сялянам, астатняе забіралі сабе і дадаткова фарміравалі запасны збожжавы фонд для часцей Чырвонай Арміі. Кожнаму населенаму пункту падворна выпісваліся абавязацельствы збожжапаставак. Збожжаздатчыкі атрымлівалі квітанцыю з адзнакай аб здачы збожжа дзяржаве.

«Не адзін раз нашым баявым групам асвятлялі шлях нямецкія пражэктары з пухавіцкага аэрадрома ў той момант, калі яны суправаджалі абоз з хлебам да рачной пераправы», – пакінуць запіс у рукапісным часопісе партызаны атрада імя Калініна. Ва ўборачную кампанію 1943 года байцы гэтага падраздзялення ажыццявілі нарыхтоўку збожжа ў сямі населеных пунктах. Нагружаныя хлебам падводы, як правіла, уначы сяляне накіроўвалі да пераправы, адкуль партызаны дастаўлялі збожжа ў лагеры.
Фота з архіва музея
«Трэцяя ваенная вясна! Але цяпер ужо відаць скрозь клубы дыму кусочак блакітнага неба! Гэта трэцяя вясна павінна быць вясною Радзімы!

Яшчэ год таму мы чакалі нямецкага наступлення. Мы думалі пра тое, як адбіць немцаў. Цяпер мы думаем пра іншае: трэба дабіць немцаў! У мінулым бітва за Курск і Днепр. У мінулым мёртвыя нямецкія дывізіі…»

Фрагмент рукапіснага часопіса №1 партызанскага атрада «Бальшавік» брыгады «Беларусь» Мінскай вобласці, 1944 год

Вясной 1944 года савецкая армія ўпэўнена наступала на праціўніка. Войскі 1-га Беларускага, 1-га Прыбалтыйскага і Заходняга (3-га Беларускага) франтоў уступілі з баямі на тэрыторыю Беларусі і вызвалілі амаль цалкам Гомельскую вобласць, значную частку Палескай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Але вораг усё яшчэ не здаваўся, і для насельніцтва акупіраваных тэрыторый захаванне пасеваў азімых і правядзенне сяўбы стала задачай нумар адзін. За тры гады вайны сельская гаспадарка прыйшла да поўнага заняпаду, а застацца без прадуктаў харчавання было раўназначна смерці.
Фота з архіва музея
"Цяжка ўявіць карціну заняпаду сельскай гаспадаркі. Увесь інвентар пагарэў або стаў непрыдатным, няма цягавай сілы. Нямецкія ўлады ведаюць выдатна, што ім нядоўга тут засталося быць, і ўсялякімі мерамі будуць старацца сарваць сяўбу, разумеючы, што адсутнасць матэрыяльнай базы і прадуктаў харчавання ставіць пад пагрозу становішча як народа, так і арміі.

Таму на нас, партызанах, ляжыць вялікая задача: дапамагчы сялянству адрамантаваць іх сельскагаспадарчы інвентар, а дзе трэба са зброяй у руках ахоўваць працу, каб даць магчымасць цалкам завяршыць сяўбу».

Фрагмент рукапіснага часопіса №1 партызанскага атрада «Бальшавік» брыгады «Беларусь» Мінскай вобласці, 1944 год
С.Р. Раманаў «Вясна ў партызанскай зоне», 1980 год
Канкрэтныя меры па правядзенні веснавой сяўбы былі распрацаваны ў дырэктыўным пісьме ЦК Кампартыі Беларусі і ўрада рэспублікі падпольным партыйным органам і камандзірам партызанскіх злучэнняў у красавіку 1944 года. У ім адзначалася, што апрацаваць і засеяць агульнымі намаганнямі неабходна як мага больш плошчаў. На партыйныя органы і камандаванне партызанскіх атрадаў было ўскладзена разгарнуць растлумачальную работу сярод мясцовага насельніцтва, накіраваць на палявыя работы ўзброеных байцоў і прыкрываць палі спецыяльна вылучанымі брыгадамі і заставамі.
Вясной 1944 года партызан можна было бачыць амаль у кожнай вёсцы: на палях, агародах, у кузнях. Адны аралі зямлю, іншыя рамантавалі інвентар, трэція знаходзіліся ў дазоры. Пасільную дапамогу аказвалі і чырвонаармейцы. План веснавой сяўбы быў выкананы цалкам: з 333 тысяч гектараў узарана коньмі 236 678 га (70%), трактарамі – 74 600, ускапана ўручную калгаснікамі – 21 722 га.

Сяляне, партызаны і байцы Чырвонай Арміі выйгралі цяжкую бітву за веснавую сяўбу 1944 года. Але наперадзе была яшчэ адна бітва – за поўнае вызваленне Беларусі...
Фота з архіва музея
"Мы бачылі ямы і равы, напоўненыя дзіцячымі трупамі. Мы бачылі кроў і слёзы маці.

Не забудзе наш народ злосных намераў, не супакоіцца. Мы ведаем, што Адэса ўжо радуецца. Але ў слязах Пскоў. Але ў руках яшчэ Віцебск. Немцы яшчэ мучаюць Магілёў і Мінск... І мы не супакоімся, пакуль не знішчым фашысцкага звера!

За вясну нашай Радзімы! За шчасце блізкіх людзей!»

Фрагмент рукапіснага часопіса №1 партызанскага атрада «Бальшавік» брыгады «Беларусь» Мінскай вобласці, 1944 год
Рукапісны часопіс №1 "Партизанская борьба", кастрычнік 1943 года
Рукапісны часопіс №1 "Большевик", май 1944 года
Любое выкарыстанне альбо капіраванне матэрыялаў або падборкі матэрыялаў сайта, элементаў дызайну і афармлення дапускаецца толькі з дазволу праваўладальнікаў і толькі са спасылкай на крыніцу: www.belta.by
© Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2018
© Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 2018
Left
Right